Тут і далей фоты з інстаграму @holywool_bags

Дызайнерку завуць Аляксандра Якутовіч. Яна вучылася на мастака-дызайнера ў мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы, пасля — у Акадэміі мастацтваў на тэлерэкламе. 

Аляксандра за працай у майстэрні

«Мне хацелася займацца камп’ютарнай графікай, але пакуль я там навучалася, пачала рабіць штосьці сваімі рукамі. У мяне мама швачка, але я ніколі не хацела працаваць, як яна. Бачыла, як гэта цяжка: мама часта на дом працу прыносіла, і я, калі маленькая была, ёй дапамагала. 

Калі я вучылася ў Акадэміі, была мода на валенне з шэрсці. Я пачала валяць цацкі, завушніцы. Пасля больш буйныя рэчы — тапачкі, шапкі і нават сукенкі. Потым мода на шэрсць прайшла, ды й мне ўжо было нецікава. Вырашыла спрабаваць працаваць са скурай, бо гэта матэрыял, які дае шмат магчымасцяў», — расказвае дзяўчына, як стала шыць сумкі.

«На дзядзю» яна працавала толькі аднойчы — пасля каледжа ўладкавалася на тры месяцы на «Камунарку». Там на лета набіраюць часовых рабочых, каб рыхтаваць падарункі да Новага года. Аляксандра большасць часу правяла ў цукерачным аддзеле, дзе ўручную ўпрыгожвалі цукеркі шакаладам і пакавалі ў вялікія каробкі.

Назва яе брэнда сумак Holywool — гульня слоў Holywood і wool (шэрсць) — засталася яшчэ з таго часу, калі дзяўчына займалася валеннем. Прыдумляючы новыя мадэлі, Аляксандра сочыць за модай, але з усяго патоку выбірае тое, што блізка ёй.

«Мяне часам людзі просяць зрабіць штосьці на замову — я заўсёды адмаўляю. Я не атэлье, мне хочацца рэалізоўваць свае ідэі. І я не раблю копіі іншых брэндаў, бо гэта пытанне этыкету.

Лічу, калі вы хочаце брэндавую сумку, вы павінны яе купіць. А калі вы возьмеце падробку пад яе, нават добрай якасці, вы не атрымаеце тое, што хочаце, — прычыннасць да гэтага брэнда. Сэнс тады купляць копію?»

Мадэль sisi bag дызайнерка выпускае другі год. Жаночы бюст выразаны з моранага дуба — дзяўчына ўлюбілася ў фактуру гэтага чорнага дрэва.

«Гэта адсылка да Венеры Мілоскай. Я спачатку думала пра яе грудзі, але зрабіць іх копію было немагчыма: яны несіметрычныя, сама Венера ў нахіленай позе. Таму вырашылі, што патрэбна свая мадэль. 3D-мастак зрабіў яе, і мы сталі на фрэзерным станку выразаць гэтыя грудзі.

Першую сумку зрабіла сабе. І памятаю, што на вуліцы яна вельмі прыцягвала ўвагу. Усе хацелі памацаць (усміхаецца). І дагэтуль так адбываецца. Людзі казалі, што выглядае нестандартна, што ніколі такога не бачылі — мне падабалася гэта рэакцыя. Мужчыны таксама прасілі бліжэй разгледзець і памацаць.

Многія заказвалі такую мадэль, але без грудзей, бо не маглі сабе ў звычайным жыцці дазволіць насіць такое. Хтосьці працуе ў офісе з дрэскодам, хтосьці саромеецца».

Цяпер гэта самая папулярная сумка з калекцыі. Яе часта заказваюць з-за мяжы — беларусы, якія пераехалі ў Францыю, Германію, ЗША, Аўстралію. 

Аляксандра сама аматар сумак. Колькі іх у яе асабістай калекцыі, дзяўчына не падлічвала.

«Я стараюся кожную сваю мадэль сама насіць, каб зразумець, якія плюсы і мінусы, дапрацоўваю пасля. Перарабляю сумкі па некалькі разоў, пакуль не атрымаю канчатковы варыянт. Але я не даношваю іх да дрэннага стану, шмат аддаю знаёмым ці здаю ў «Каліласку».

Лічыцца, што ў кожнай жанчыны мусіць быць маленькая чорная сукенка. А што наконт сумак?

«Я думала пра гэта, але жанчыны такія розныя! — кажа дызайнерка. — Хтосьці любіць рукзакі, каб рукі былі свабодныя, а хтосьці не зусім зручныя сумкі, але якія эфектна глядзяцца».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?