Андрэй Хадановіч. Завосень

плачам, бо возіць ваду на пакрыўджаных восень
возьме ў аблогу Залессе і возьме Завоссе
стужкі дрыжаць на вятрыску спужанаю птушкай
птушкі лятуць у завосень апошняю стужкай

бабіна лета з такім нежаночым абліччам
што павуту ў валасах сівізною не лічым
хворая восень навучыць любіць, як здароўе
тую, што з намі тым больш, чым навокал х***ровей

тую, што некалі здзівіць старой навіною
з выраю вернецца восень — і будзе вясною
з ёю паўзуць на святло сутарэнні і лёхі
подых на поўнае неба — здаровы і лёгкі

гэты закон непахісны, як нашы хістанні:
глянь іншы раз на яе — і растанне растане
снегам калядным у чысты ручай велікодны
неверагодны, як мы — і, як мы, верагодны

Макс Шчур. Ва ўсё апроч бога

Я ўсё жыццё лічыў сябе няверуючым
ганарыўся гэтым
і ніколі ім насамрэч не быў
проста баяўся прызнацца сабе ў сваёй веры
і тым не менш заўжды верыў
як той казаў ва ўсё апроч бога
у красу краіну свабоду лёс каханне сябе будучыню паэзію філасофію
у што я веру цяпер добрае пытанне
магчыма ў сяброўства
і магчыма ў бацькоўства
у інтуіцыю
не магу сказаць каб у рэінкарнацыю
але ў тое што цела гэта не зусім я
і што я гэта не зусім я
ну і ўсё яшчэ ў лёс які называецца кармай
так, у лёс

Уладзімір Булаўскі. Павер мне, Юра

Я яшчэ дыхаю. Мне дыхаюць (у спіну).
Я яшчэ пішу. Мне пішуць (штрафы).
Можна проста усе астынуць?
Мама, дзе забыўся я пакласці ў шафу Мары

Пуста ў горадзе, бо ўсе ў раз'ездах.
А ў тумане хлопец маладзенькі
Весяліцца і так танчыць, дзёрзкі, 
Як я ўжо не ўмею, пэўна.

Я за горадам. Цяпер, нарэшце, чую, 
Як усё меней, меней, меней, меней
Прарываецца скрозь сон. Павер мне, Юра
Мы ўсё здолеем, Юрась, павер мне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0