Будынак суда ў Баранавічах. Фота: Таццяна Малеж

Будынак суда ў Баранавічах. Фота: Таццяна Малеж

Карупцыйны скандал на адным з найбуйнейшых баранавіцкіх прадпрыемстваў выбухнуў вясной гэтага года. 1 сакавіка дырэктара Баранавіцкага станкабудаўнічага завода (філіял ЗАТ «Атлант») і начальніка бюро камерцыйнага аддзела прадпрыемства злавілі з доказамі злачынства падчас атрымання хабараў ад прадстаўніка чэлябінскай фірмы.

Заспеты знянацку экс-кіраўнік завода зачыніўся ад праваахоўнікаў у прыбіральні і паспрабаваў змыць грошы ва ўнітаз, аднак пазбавіцца ад хабару ён так і не паспеў.

Распачалі крымінальныя справы па ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў буйным памеры»).

Следства высветліла, што мужчыны рэгулярна атрымлівалі хабары, іх агульная сума склала каля 470 тысяч рублёў.

Аднак ні адзін з абвінавачаных сваю віну на судзе не прызнаў.

Экс-кіраўнік бюро камерцыйнага аддзела прадпрыемства і зусім заявіў, што грошы, якія праваахоўнікі назвалі хабарам, ён пазычыў. На помнік.

Вердыкт суда па гэтай гучнай справе абвясцілі 1 лістапада. Суд прызнаў абвінавачаных вінаватымі ў атрыманні хабараў у буйным памеры і прызначыў ім пакаранне: былому дырэктару — 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 5000 базавых велічынь, яго змоўшчыку — 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 3000 базавых велічынь. Грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі шкоды дзяржаве таксама будзе задаволены ў поўным аб'ёме.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?