«Не, не быў упэўнены ў калегу Уладзімір Пуцін»

Выніковы дакумент, які падпісалі Лукашэнка і Пуцін, спецыяльны карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў лічыць прамежкавым.

Журналіст мяркуе, што горад Севастопаль, адкуль Пуцін прысутнічаў на анлайн-сустрэчы, быў абраны не выпадкова.

Фота: kremlin.ru.

Фота: kremlin.ru.

«Аляксандр Лукашэнка, як вядома, дагэтуль не спяшаецца прызнаваць Крым, і з выхаваўчага пункту гледжання было б правільна паўдзельнічаць у пасяджэнні Дзяржсавета менавіта тут», — заўважае карэспандэнт.

Складвалася ўражанне, што Лукашэнка так і не збіраецца лічыць Крым часткай Расіі, як і Беларусь, заўважае Калеснікаў.

Лукашэнка назваў Саюзную дзяржаву «прыярытэтам з прыярытэтаў».

«І так вось ужо 23 гады», — іранізуе выданне.

«Тым часам Уладзімір Пуцін, пакуль беларускі прэзідэнт рыхтаваўся падпісаць вынікова-прамежкавы дакумент, дзіўным чынам, не адказваў яму нічога і наогул знешне ніяк не рэагаваў. А насамрэч быў вельмі напружаны. Такое ўражанне, што ён да апошняга чакаў чагосьці ад спадара Лукашэнкі. Той мог жа нешта вытварыць. Не, не быў упэўнены ў калегу Уладзімір Пуцін», — піша Калеснікаў.

«У ім з новай сілай прачнуўся акцёр шклоўскага тэатра, і голас яго пакрыўджана задрыжаў», — так апісаў расійскі журналіст момант, калі Лукашэнка паскардзіўся Пуціну на тое, што яго не ўзялі ў Крым.

«У Расіі, на жаль, тут няма выбару, таму што ў нас не так шмат саюзнікаў»

Член Рады пры прэзідэнце Расіі па міжнацыянальных адносінах, намеснік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МДУ Багдан Бязпалька ў эфіры НСН выказаў здагадку — дасягнутыя дамоўленасці сапраўды могуць быць «гістарычнымі».

«Калі там сапраўды закладзены шэраг інтэграцыйных праграм з магчымым наступным палітычным нарошчваннем інтэграцыі, гэта будзе гістарычная падзея, таму што мы вельмі доўга рухаліся, тапталіся ў пачатку «дарожных карт», цяпер саюзных праграм. З 2019 года мы не можам узгадніць нават пытанне роўмінгу», — растлумачыў намеснік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МДУ.

Таксама, на ягоную думку, Лукашэнка пайшоў на падпісанне дакументаў аб Саюзнай дзяржаве з кіраўніком Расіі, каб атрымаць падтрымку на фоне ціску на Мінск Захаду.

Пры гэтым палітолаг Глеб Паўлоўскі раскрытыкаваў аб'яднанне Расіі з Беларуссю, лічачы, што Лукашэнка з'яўляецца вельмі слабым палітычным лідарам, які «скампраментуе любое буйное дзяржаўнае рашэнне, якое будзе прымаць».

«У Расіі, на жаль, тут няма выбару, таму што ў нас не так шмат саюзнікаў, а Пуцін не можа дазволіць сабе страціць Беларусь, гэта будзе вельмі дрэнна ўспрынята, у першую чаргу, яго выбаршчыкамі. Гэта і стварае для Лукашэнкі магчымасць шантажаваць Расію фінансава і палітычна», — заявіў палітолаг.

«Лукашэнка прызнае Расію ва ўсіх межах, куды ўваходзіць і Крым»

Расійскі палітолаг Марат Башыраў звязвае выказванне Лукашэнкі пра Крым з падпісаннем Дэкрэта Саюзнай дзяржавы па інтэграцыі. Такое меркаванне ён выказаў у гутарцы з «Известиями».

«Гэта наўпрост звязана з тым, што сёння былі падпісаныя інтэграцыйныя карты. Па-мойму, аж 28 дакументаў былі падпісаныя прэзідэнтам Пуціным і Лукашэнкам. Адпаведна, калі спадар Лукашэнка прызнае Расійскую Федэрацыю ў якасці ўдзельніка Саюзнай дзяржавы, то ён прызнае яго ва ўсіх межах расійскай дзяржавы, куды ўваходзіць і Крым. Вось і ўся логіка», — адзначыў эксперт.

Фота: kremlin.ru.

Фота: kremlin.ru.

«Ён прызнае, што падпісвае інтэграцыйныя дакументы з дзяржавай, якая апісана ў Канстытуцыі РФ, а там ёсць і Рэспубліка Крым», — дадаў ён.

Палітолаг падкрэсліў, што падпісаныя дакументы ў першую чаргу важныя для Масквы, але і Мінск «атрымлівае дадатковыя гарантыі з пункту гледжання бяспекі».

«Крэмль залішне добры»

Палітолаг і публіцыст Кірыл Авяр'янаў-Мінскі ў гутарцы з «360» выказаў здагадку, да якіх вынікаў прывядуць гэтыя перамовы.

«Лукашэнка — той чалавек, які не заўсёды выконвае ўскладзеныя на яго абавязацельствы. У 2004 годзе павінна была быць адзіная валюта, яе няма», — адзначыў эксперт і дадаў, што сённяшнія дакументы могуць быць гэтак жа праігнараваныя.

Авяр'янаў-Мінскі мяркуе, што дасягнуць выканання дамоўленасцяў ад Беларусі можна толькі адным спосабам: калі Крэмль возьме гэта пад жорсткі кантроль. Але эксперт не ўпэўнены, што Масква гатовая размаўляць з Мінскам у рэзкай форме.

«Ці здольны Крэмль так жорстка размаўляць з кіраўніцтвам Беларусі — гэта вялікае пытанне. Уся папярэдняя гісторыя адносін паміж кіраўніцтвам Расіі і Беларусі паказала, што Крэмль залішне добры ў адносінах да беларускіх калег. І невыкананне імі сваіх абавязанняў застаецца без належнага адказу з боку Расіі», — сказаў палітолаг.

«Лукашэнка ўжо фактычна наведаў паўвостраў»

Так званы «старшыня» так званага «парламента Крыма» Уладзімір Канстанцінаў заявіў, што Лукашэнка «фактычна наведаў» акупаваны Расіяй паўвостраў падчас размовы з Пуціным.

«Аляксандр Рыгоравіч ужо фактычна наведаў Крым, калі ўзяў удзел у размове з нашым прэзідэнтам, які знаходзіцца ў Севастопалі. Спадзяёмся, што ўслед за віртуальным наведваннем будзе і рэальнае», — сказаў Канстанцінаў.

Па яго словах, на крымскім паўвостраве «заўсёды гатовыя прымаць сяброў».

Палітык таксама заявіў, што ў Крыме зацікаўленыя ў візіце беларускага палітыка і адзначыў, што крымчане з беларусамі з'яўляюцца сябрамі.

«Дэманстрацыя гнуткасці знешняй палітыкі Масквы»

Пры ўсёй мяккасці фармулёвак і пры выключэнні з плана інтэграцыі пытанняў ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама (па патрабаванні Лукашэнкі) аб пераходзе да адзіных падаткаў і адзінай валюты Саюзнай дзяржавы — да 2024 года — гаворка ідзе аб стварэнні агульнага рынку дзвюх краін у сферы вытворчасці і спажывання фактычна ўсяго спектру тавараў і паслуг, адзначае «Федеральное агентство новостей».

Рэалізацыя ўсяго спектру праграм не толькі спрыяе далейшаму збліжэнню дзвюх краін, але і дэманструе гнуткасць знешняй палітыкі Масквы, сцвярджае аўтар. А гэта важны сігнал Масквы і былым саюзным рэспублікам.

«Аляксандр Лукашэнка перайшоў да недапрызнання Крыма»

Заява Лукашэнкі пра жаданне наведаць Крым не засталася незаўважанай ні ў расійскай, ні ў беларускай сталіцы. Апытаныя «Коммерсантом» эксперты ўпэўненыя: «Лукашэнка спрабуе прадаць Маскве свой упадабаны тавар — саюзніцкую рыторыку». Пры гэтым прагучала заява ставіць няпростыя задачы не толькі перад Лукашэнкам, але і перад яго супернікамі. Палітыку прыйдзецца думаць над тым, як канчаткова не загубіць адносіны — у першую чаргу, эканамічныя — з Украінай.

Заява Аляксандра Лукашэнкі таксама паставіла ў тупік беларускіх апазіцыянераў на чале са Святланай Ціханоўскай, якая супрацьстаяла Лукашэнку на выбарах 2020 года. Каментуючы па просьбе «Коммерсанта» ідэю беларускага палітыка паехаць у Крым, яны рабілі ўпор на тым, што Аляксандр Лукашэнка нелегітымны прэзідэнт, а выказваць якую-небудзь пазіцыю аб прыналежнасці паўвострава адмаўляліся.

«Пустая дэкларацыя і тролінг»

Мяркуючы па вельмі нядбайным і вельмі дзіўным для Расіі афармленні гэтага «дэкрэта», гэта не больш чым чарговая пустая дэкларацыя, якіх у гісторыі з саюзнай дзяржавай было ўжо нямала, мяркуе палітолаг Максім Жараў.

«Да рэальнай інтэграцыі дзвюх краін па-ранейшаму яшчэ вельмі далёка. Мяркуючы па многіх рэпліках Лукашэнкі, больш падобных на тролінг (напрыклад, пра Крым), беларускі лідар сваёй пазіцыі не змяніў і збіраецца і далей марудзіць інтэграцыйныя працэсы. Зразумець стан інтэграцыйных спраў можна будзе толькі ў лютым 2022 года, калі ў Беларусі павінен адбыцца канстытуцыйны рэферэндум. Пакуль што я моцна сумняваюся, што гэты рэфэрэндум у рэальнасці адбудзецца ў тым выглядзе, у якім яго абяцае Крамлю Лукашэнка».

«Мінск больш не баіцца «пакрыўдзіць» ні Кіеў, ні ЕС»

Інтэграцыя не настолькі глыбокая, як здаецца: прынятыя агульныя палажэнні, але д'ябал хаваецца ў дэталях, лічыць аўтар выдання «Политика сегодня».

На ўзгадненне акалічнасцяў могуць мінуць гады — асабліва гэта тычыцца сфер накшталт падаткаў і мытні, якія вельмі адрозніваюцца ў Расіі і Беларусі і дзе трэба дамагчыся уніфікацыі.

Дасягнутыя дамоўленасці паўплываюць на стан спраў унутры дзвюх краін. Мяркуецца інтэграцыя валютных сістэм, агульныя падатковыя прынцыпы, адзіныя падыходы па пенсійнай тэме і іншым сацыяльным забеспячэнні, сумесная барацьба з тэрарызмам, узаемны доступ да дзяржзакупак і дзяржзамоваў. І нават больш — агульная макраэканамічная палітыка, аб'яднанне плацежных сістэм, сумесныя рынкі нафты і газу…

Хоць суверэнітэт РБ і РФ захаваны, як і аўтаномнасць у рашэннях прыгранічных канфліктаў, у выпадку чаго адказваць на любую агрэсію прыйдзецца разам.

Мінск больш не баіцца «пакрыўдзіць» ні Кіеў, ні ЕС.

«Час, калі брацкія краіны глядзелі на захад, прайшоў. Цяпер яны глядзяць адзін на аднаго», — адзначае аўтар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0