Для параўнання, на пачатку 2020 года гэтая лічба складала каля 3 тысяч. Мы паглядзелі, на якіх медыцынскіх спецыялістаў і ў якіх рэгіёнах попыт найбольш востры. І колькі грошай ім за гэта гатовы плаціць.

У Дзятлаўскім раёне шукаюць 102 медыкаў, у Полацкім — 107, у Баранавіцкім — 272

Да прыкладу, Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца, мяркуючы па дадзеных агульнарэспубліканскага банка вакансій, шукае зараз больш за сотню спецыялістаў — там 102 вакантных месцы.

Прытым 32 вакансіі на пасаду «урач» з заробкам ад 215 рублёў за 0,25 стаўкі да 800 рублёў за стаўку. Таксама востра не хапае фармацэўтаў, акушэрак, фельчараў і медсясцёр. Апошнім за поўную працоўную стаўку прапануюць 580 рублёў.

На сайце мы знайшлі амаль 30 падведамасных устаноў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Многія з іх — фельчарска-акушэрскія пункты ў вёсках. Але, як нам расказалі ў медустанове, усе асноўныя вакансіі вольныя ўсё ж у самай Дзятлаўскай раённай бальніцы.

«Цякучка кадраў. Працаваць складана. І хоць «кавідныя» надбаўкі плацяць, людзі ўсё роўна сыходзяць, — адзначыла адна з супрацоўніц бальніцы. — Шмат вакансій, калі вы бачылі, выстаўлены на 0,25 і 0,5 стаўкі.

Гэта значыць, што не абавязкова будуць браць новага чалавека на гэтае месца. Магчыма, хтосьці з медыкаў дадаткова пагадзіцца ўзяць нагрузку. Але ісці і рызыкаваць жыццём за 250 рублёў ніхто не хоча».

У самой установе адзначылі, што каментаваць сітуацыю без Міністэрства аховы здароўя не будуць. Мы накіравалі запыт у міністэрства, але адказу не атрымалі.

Мы вывучылі сайт Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Вядучых прыём лекараў мы налічылі там ўсяго 17, а вакансій на пасаду «урач» сёння там вісіць аж 32. Застаецца толькі здагадвацца, у якіх умовах і з якой колькасцю пацыентаў сёння прыходзіцца спраўляцца дзеючым медыкам бальніцы.

А вось у Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы зараз 107 вакансій. Некалькі, праўда, для спецыялістаў-немедыкаў. Такіх, напрыклад, як бухгалтар, інжынер па ахове працы і касір.

Астатнія — для медработнікаў. Мяркуючы па размешчаных вакансіях, у медустанове таксама не хапае санітараў, медсясцёр, лабарантаў, фельчараў памочнікаў урачоў, але больш за ўсё не хапае саміх урачоў — для іх на сайце 36 вакансій. Бюджэт прапануе на стаўку прапануюць у сярэднім ад 600 да 800 рублёў.

У самой бальніцы каментаваць сітуацыю дэфіцыту медыкаў адмовіліся.

Пры гэтым, як вынікае з сайта бальніцы, у яе ўваходзяць 37 арганізацый аховы здароўя рознага профілю, у тым ліку 3 дарослых паліклінікі, дзіцячую паліклініку, стаматалагічную паліклініку, 18 фельчарска-акушэрскіх пункта.

Тым не менш, пераважная большасць свабодных вакансій, размешчаных на сайце агульнарэспубліканскага банка вакансій, адпраўляюць на адрас Полацк, пр-т Скарыны, 6, па якім знаходзіцца непасрэдна сама бальніца.

Баранавіцкая цэнтральная паліклініка сёння шукае 271 спецыяліста. Таксама не хапае санітарак, фельчараў, правізараў, медсясцёр, некаторых тэхнічных работнікаў.

Амаль палова вакансій — для спецыялістаў са спецыяльнасцю «урач». Для іх Баранавіцкая цэнтральная паліклініка адкрыла 123 вакансіі. Некаторым прапануюць 0,25 ці 0,5 стаўкі, некаторым — стаўку. Заробкі, у сярэднім, ад 125 да 600 рублёў.

У паліклініцы ўдакладнілі, што ў якасці наймальніка Баранавіцкая цэнтральная паліклініка шукае спецыялістаў не толькі для сябе, але адразу для некалькіх медустаноў у горадзе: для чыгуначнай паліклінікі, гарадской паліклінікі № 2, для гарадской стаматалогіі і скурвендыспансера.

«У некоторых паліклініках не хапае па 20% медыкаў. Калі ёсць сям’я, шмат хто зараз прымае рашэнне сысці з працы і застацца дома на гаспадарцы, чым суткамі сядзець на працы ў небяспечных для жыцця умовах за 500 рублёў», — расказала нам медык з Баранавічаў.

Як мінімум, кожная дзевятая вакансія ў краіне — для медыцынскіх спецыялістаў

Усяго на дадзены момант у рэспубліканскім банку вакансій мы знайшлі 98 830 свабодных працоўных месцаў.

На пасаду «урач» шукалі 4429 чалавека. Заробак медыкам прапаноўвалі ад 465 рублёў (такія грошы за поўную працоўную стаўку плоцяць у Шклоўскай спецшколе — інтэрнэце) да 1200 рублёў (на гэтыя грошы можа разлічваць урач-псіхатэрапеўт у Брэсцкім абласным анкадыспансеры).

Вакансій з заробкам вышэй за 2000 рублёў усяго 10. І большасць з іх — гэта ветэрынарныя дактары. Больш за 3000 гатовы плаціць таксама ветэрынарнаму доктару ў вёсцы Знаменка Брэсцкага раёна.

Традыцыйна больш за ўсё дактароў не хапае ў Мінску — там 831 вакансіі, далей у Брэсцкай вобласці — 778 вакансіі, у Гомельскай — 709 (гэта самая вялікая вобласць Беларусі), у Мінскай — 598, Магілёўскай — 572, у Гродзенскай — 568 (самая маленькая па тэрыторыі вобласць Беларусі), у Віцебскай — 376.

Таксама ў базе ёсць 1057 вакансій для фельчараў з заробкам 450-900 рублёў за цэлую працоўную стаўку.

На пасаду «медыцынская сястра-спецыяліст» шукаюць 2821 чалавек. Заробак вагаецца ад 475 да 1000 рублёў. Яшчэ ёсць 806 месцаў лабарантаў за 400-700 рублёў у месяц і 405 памочнікаў дактароў за 480-1150 рублёў на поўную працоўную стаўку.

Патрабуецца і 1762 санітара з заробкам у 400-1100 рублёў, а таксама 329 фармацэўтаў за 560-1100 рублёў у месяц і 52 вакансіі медыцынскага рэгістратара з заробкам у 400-1200 рублёў.

Зразумела, гэта не ўсе вакансіі ў сферы медыцыны. Але нават тых, якія мы знайшлі, у агульнай колькасці налічылі больш за 11 тысяч. Атрымліваецца, што нават па самых сціплых падліках кожная дзявятая вакансія ў краіне — гэта вакансія для спецыялістаў у сферы медыцыны.

«Медыкаў не хапае настолькі, што многія працуюць на 1,5 стаўкі і ўсё роўна вымушаны затрымлівацца на працы па 1,5-2 гадзіны, каб паспець прыняць усіх пацыентаў. Але нават нягледзячы на гэта, не паспяваюць, — расказала медык адной са сталічных паліклінік з 20-гадовым працоўным стажам. — Пры гэтым многія яшчэ не звольніліся толькі таму, што вырашылі дапрацаваць да заканчэння працоўнага кантракту.

Шмат хто з маладых спецыялістаў адпрацоўваюць размеркаванне і потым збіраюцца сыходзіць з прафесіі альбо актыўна шукаюць працу ў прыватных клініках Беларусі ці за мяжой. Гэта значыць, што ў бліжэйшыя гады сітуацыя ў медыцыне будзе толькі пагаршацца».

Чытайце таксама:

«Мы цябе рыхтавалі — адпрацуй 10 гадоў». Лукашэнка патрабуе вырашыць праблему адтоку медыкаў за мяжу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру