Шлях да ваенных могілак у Сараева, Боснія і Герцэгавіна. Фота depositphotos.com.

Шлях да ваенных могілак у Сараева, Боснія і Герцэгавіна. Фота depositphotos.com.

На мінулым тыдні спецпрадстаўнік ЕС у Босніі Крысціян Шміт папярэдзіў, што мірнае пагадненне, якое палажыла канец Баснійскай вайне 1995 года, знаходзіцца пад пагрозай зрыву. Прычына гэтага — актывізацыя сербскіх сепаратыстаў у Босніі, піша CNN.

Рэч у тым, што пасля вайны краіна была падзеленая на два аўтаномныя рэгіёны — Федэрацыю Боснію і Герцэгавіну і Рэспубліку Сербску. Кіраўнік Рэспублікі Сербскай Міларад Додзік на працягу доўгага часу неаднаразова пагражаў аддзяліць Рэспубліку ад астатняй Босніі. Цяпер ён вырашыў паказаць сваю сур’ёзнасць і ўвесці законы, што дадуць баснійскім сербам магчымасць сфарміраваць уласную армію і судовую сістэму.

Шміт мяркуе, што, калі ініцыятыва Додзіка спраўдзіцца, гэта будзе раўназначна аддзяленню Рэспублікі Сербскай. Пару дзесяцігоддзяў таму напружванне паміж рознымі баснійскімі нацыямі — сербамі, харватамі і баснякамі — прывяло да ваенных злачынстваў. Вось чаму цяпер актывізацыя сепаратысцкіх настрояў у Босніі так хвалюе назіральнікаў.

Член брытанскай палаты Лордаў Армінка Хеліч, што нарадзілася ў Босніі, тлумачыць: «Грамадзяне ва ўсёй Босніі і Герцэгавіне, у тым ліку і ў Рэспубліцы Сербскай, баяцца гвалту. Верагодна, што далейшы рух у бок аддзялення выклікае рэакцыю. Немагчыма, каб распад Босніі і Герцэгавіны прайшоў мірна».

Палітолаг і аўтар кнігі «Голад і лютасць: дэмакратыя на Балканах» Ясмін Муяновіч распавёў пра міжнародныя наступствы магчымага канфлікту. Згодна з ім, такі канфлікт стане катастрофай для ЕС і НАТА, бо гэта будзе яшчэ адзін крызіс у галіне бяспекі ў Паўднёва-Усходняй Еўропе, дзе абстаноўка і так нестабільная. Муяновіч нагадвае, што аналагічныя крызісы ўжо маюць месца ва Украіне, Беларусі, Сірыі і Афганістане, таму ні ЕС, ні ЗША не могуць сабе дазволіць нестабільнасць у Босніі.

Што можна зрабіць, каб спыніць крызіс?

Калі казаць пра НАТА, альянс мае магчымасць дзейнічаць, у тым ліку абараняць мір у Босніі, толькі па запыце краін-чальцоў альянсу. І пакуль што няма ніякіх прыкмет, што чальцы НАТА ў хуткім часе пажадаюць перайсці да больш актыўных дзеянняў, чым проста выказванні заклапочанасці. Што датычыцца Рады бяспекі ААН, яна не можа актыўна спрыяць вырашэнню крызісу без згоды Расіі.

Высокапастаўлены чыноўнік ЕС патлумачыў у размове з CNN, што сярод некаторых краін-чальцоў саюза ёсць жаданне паўдзельнічаць у вырашэнні крызісу. Але ж каб прымаць глабальныя рашэнні на ўзроўні ЕС, патрэбная згода ўсіх краін, што ўваходзяць у саюз, а дамагчыся гэтага цяжка. Аднак чальцы ЕС могуць увесці аднабаковыя санкцыі супраць Міларада Додзіка і іншых сербскіх сепаратыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0