Учора пачалася найбольшая спроба незаконнага, масавага і сілавога парушэння ўсходняй мяжы Польшчы і Еўрапейскага Саюза. Паколькі Польшча абвясціла надзвычайнае становішча ў памежнай зоне, журналісты спыняюцца за 30 м да мяжы і не могуць атрымаць ніякую інфармацыю пра падзеі там.

Сама мяжа Польшчы з Беларуссю цягнецца 240 км, але канфлікт разгарэўся ў раёне пераходу Брузгі (беларускі бок) — Кузніца (польскі бок).

Людзі ў Кузніцы кажуць, што столькі вайсковай тэхнікі не бачылі нават на парадах.

Афіцыйнай інфармацыі не хапае. Сёння ноччу над Кузніцай было чуваць пажарныя сірэны, лёталі вайсковыя гелікоптары, ездзілі машыны хуткай дапамогі, але ад уладаў не паступала інфармацыі пра прычыну і месца пажару. Ці звязана гэта неяк з мігрантамі, невядома. Па неафіцыйнай інфармацыі, гарэў паліцэйскі пастарунак у Тольчы, памежным мястэчку, што ляжыць яшчэ далей на поўдзень ад Кузніцы.

Журналісты звязваюцца са сваякамі мігрантаў, якія пацвярджаюць, што беларускія спецслужбы прапануюць ім перасунуцца на поўдзень уздоўж мяжы, у раён Белавежскай пушчы, паколькі памежная зона там ахоўваецца не так пільна.

Фота: twitter / @StZaryn

Фота: twitter / @StZaryn

Дальнабойшчык з Гродна, з якім удалося пагаварыць карэспандэнту ў панядзелак, кажа, што каля іншага пераходу, Каробчыцаў, што за 12 км ад Гродна, ён бачыў каля тысячы мігрантаў, яго калега па рацыі пазней перадаў, што іх ужо сабралася каля пяці тысяч.

Міністар-каардынатар спецслужб Польшчы Станіслаў Жарын паведаміў у інтэрвʼю TVP info, што не можа ў поўнай меры гарантаваць бяспеку мясцовым жыхарам.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэуш Маравецкі напісаў у фэйсбуку, што пазіцыя Польшчы ў гэтым канфлікце застаецца непахіснай — не паддавацца на шантаж Лукашэнкі. З Польшчай салідарызуюцца Літва, Латвія, Эстонія, Украіна; старшыня Еўрапейскай Камісіі Урсула фон дэр Ляен выказала рашучую падтрымку палякам, многія лідары Еўрапейскага Саюза асудзілі крокі ўладаў Беларусі і заклікалі спыніць эскалацыю канфлікту на мяжы з ЕС. 

Маравецкі заўважыў, што хіба не хапае падтрымкі толькі ад аднаго боку — ад сваёй жа апазіцыі.

Настроі людзей у Польшчы па мігранцкім пытанні таксама востра падзяліліся. Актывісты праваабарончых арганізацый, аб’яднаных у альянс Border Group, выступілі са зваротам да польскіх уладаў дапусціць іх тэрмінова ў памежную зону і аказаць дапамогу мігрантам, якія апынуліся ў пастцы. Некаторыя актывісты па сацыяльных сетках адшукваюць мігрантаў, якія заблукалі ў лясах, ужо перайшоўшы мяжу, — і едуць іх ратаваць на машынах, спадзеючыся, што апярэдзяць памежнікаў.

Скрын відэа

Скрын відэа

Тым часам дабрачынная арганізацыя Caritas Polska сумесна з касцёлам аказвае дапамогу мігрантам уздоўж мяжы. Ля кожнай царквы ў памежных раёнах выстаўлены намёт, дзе можна атрымаць неабходную дапамогу: арганізацыя падрыхтавала 2000 пакункаў, у кожным з якіх пляшка вады, энергетычны батончык, тэрмакоўдра ці грэлка для рук.

Арганізацыя ўжо аказала дапамогу мігрантам на 250 тысяч даляраў. А 21 лістапада мусіць пачацца збор сродкаў у кожнай царкве Польшчы, як заклікаў Архібіскуп Гандэцкі. Падкрэсліваецца, што грошы пойдуць не толькі на часовыя патрэбы мігрантаў, але і на адаптацыю ўсіх тых, хто папросіць прытулку ў Польшчы.

Больш за 2000 мігрантаў спрабуюць прарвацца праз беларуска-польскую мяжу. Што там адбываецца? 

Дональд Туск пра мігрантаў на мяжы: «Магчыма, час пачаць рэалізацыю 4-га артыкула NATO»

«Суседзі могуць пайсці на часовую блакаду межаў нават у гандлёвых мэтах». Да чаго яшчэ можа прывесці абвастрэнне міграцыйнага крызісу?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0