«Мікола трымаўся добра: бадзёры, пазітыўны, аптымістычны, з упэўненасцю ў сабе. Пасміхаўся. Нават спрабаваў з намі неяк стасавацца, але канвой не даваў магчымасці, забаранялі не толькі словы, але і жэсты. Вельмі груба і агрэсіўна, сыну не далі нават магчымасці рукою махнуць нам.

Аляксандр Дзядок

Аляксандр Дзядок

Ані для нас, ані для сына прысуд не быў сюрпрызам, бо мы людзі, якія жывуць у беларускіх рэаліях. Мы ведаем, што правасуддзя ў Беларусі няма, што суды кіруюцца, яны не незалежныя, што дзяржабвінаваўца выказаў пазіцыю ўлады ў дачыненні да Міколы, калі прапанаваў суду прызначыць 5 гадоў.

Таму вырак не стаў нечаканым. Канечне, непрыемна, маленькая надзея была, але настолькі маленькая, што мы ўвагі на яе не звярталі. 

Я атрымаў ад сына ліст у пачатку лістапада. Ён піша пра сябе, пра здароўе, з якім ё праблемы. Сын за мінулы год перахварэў і прастудай, і, хутчэй за ўсё, кавідам. Мы намагаемся, каб Міколу аказвалі медычную дапамогу, перадаем лекі. Бяруць амаль усе, але бываюць дзіўныя выключэнні — напрыклад, нядаўна не ўзялі «Кетанов» ад болю, не тлумачачы, чаму. 

Таму праблемы са здароўем у Міколы ёсць, але не катастрафічныя. У астатнім ён трымаецца добра, і маральна і псіхалагічна. Ён малайчына, ён баец, застаецца ўпэўненым у сабе, у сваіх поглядах, гэта дае яму сілы змагацца далей.

Мы разумеем, што скаргі і апеляцыі не маюць сэнсу, калі чакаць ад іх змяненняў у прысудзе. Бо, я лічу, што вырак жа вынеслі не суддзя і не дзяржабвінаваўца, усё вырашалася зусім у іншых кабінетах. 

Але абскарджваць усё адно будзем. Гэта неабходна, бо мы мусім выразіць сваё стаўленне да незаконнага і несправядлівага прысуду».

Праўладныя тэлеграм-каналы нядаўна распаўсюджвалі чуткі, што на Міколу Дзядка збіраюцца завесці яшчэ адну справу. Але яго бацька кажа, што такой інфармацыі няма:

«Сам Мікола ці яго адвакаты таксама пра гэта нічога не ведаюць».

Міколу Дзядка затрымалі ў лістападзе 2020, абвінавацілі па трох артыкулах КК: арганізацыя дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак; незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

На адным з пасяджэнняў Мікола распавёў пра жудасныя катаванні пасля затрымання, нават назваўшы прозвішчы работнікаў ГУБАЗіК, якія здзекваліся з яго, але ніякіх наступстваў для сілавікоў гэта не пацягнула.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0