Юрыя Шэпелева ведаюць найперш як фатографа, які шмат гадоў здымаў гарадскія краявіды. Ён штодня выходзіў на шпацыр па вуліцах роднага горада з фотаапаратам і амаль штовечар выкладаў у сацыяльныя сеткі новыя фотаздымкі, піша БАЖ.
Віцебскія краявіды, знятыя Юрыем Шэпелевым, дэманстраваліся на гарадскіх фотавыставах, а ў 2020-м годзе прыхільнікі ягонага таленту ўбачылі першую, і, на жаль, ужо апошнюю персанальную фотавыставу.
У апошнія гады Юрый Шэпелеў супрацоўнічаў з сайтам «Народныя навіны Віцебска», апублікаваў на гэтым рэсурсе больш за 400 фотарэпартажаў і фотазамалёвак.
Дзякуючы творам Юрыя Шэпелева віцебскія краявіды ўбачылі жыхары розных краін: аўтар адмыслова стварыў некалькі суполак у сацыяльных сетках, дзе публікаваў свае фотаздымкі. На жаль, новых твораў там больш не з’явіцца, але зробленае Юрыем Шэпелевым заслугоўвае самай глыбокай павагі і самай светлай памяці.





