Бернард фон Брэдаў быў знойдзены мёртвым у сваім доме ў горадзе Асунсьён 22 кастрычніка. У ванным пакоі было знойдзена цела яго 14-гадовай дачкі Ларыны.

Мужчыну ляжаў на стале з агнястрэльным раненнем у галаву, яго дачка была забітая стрэлам у жывот. Як мяркуецца, Брэдава перад смерцю катавалі, а ў яго доме нешта шукалі.

Паліцыя лічыць, што мэтай злачынцаў былі рэдкія скрыпкі Антоніа Страдывары, якія належалі рэстаўратару.

Забіты мог быць знаёмы з нападнікамі.

Затрыманыя — 58-гадовы Фолькер Гранас, 60-гадовы Іў Азрыэль Спартак Стэйнмец і 51-гадовы Стэфан Ёрг Месінг Дарчынгер.

У доме аднаго з іх — Фолькера Гранаса (ён жыў па суседстве з Брэдавым) — былі знойдзеныя чатыры скрыпкі Страдывары, якія належалі забітаму.

Паліцыя мяркуе, што Бернард фон Брэдаў, адпраўляючыся ў паездку, пакінуў Гранасу на захоўванне каштоўныя скрыпкі.

Аднак, калі ён вярнуўся дадому, Гранас паведаміў, што скрыпкі згарэлі падчас пажару, адзначаюць у паліцыі.

«Наша асноўная версія заключаецца ў тым, што матывам для падвойнага забойства стала спроба знайсці міжнародныя сертыфікаты сапраўднасці скрыпак, без якіх прадаць інструмент немагчыма», — сказаў камісар паліцыі Х'юга Гранс агенцтву AP.

За апошнія 50 гадоў было здзейснена некалькі гучных крадзяжоў скрыпак Страдывары, кошт якіх на аўкцыёнах дасягае мільёнаў даляраў.

Легендарны італьянскі майстар па вырабе смычковых інструментаў Антоніа Страдывары (1644—1737), як лічыцца, за сваё жыццё стварыў каля тысячы інструментаў. Да нашых дзён дайшлі каля 650 з іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0