Па інфармацыі «Нашай Нівы», сярод затрыманых на МТЗ — два намеснікі дырэктара і галоўны тэхнолаг. Прыйшлі па іх 29 кастрычніка.
«Іх затрымалі на працы, пасля нарады ў дырэктара», — расказваюць на заводзе.
Яшчэ аднаго топа пасля адпусцілі.
Як піша МУС, службовых асоб заводаў узялі за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Хабары перадаваліся ў выглядзе наяўных грошай і нерухомасці для таго, каб тэндар на пастаўку дарагога абсталявання выйграў патрэбны бок і своечасова атрымаў аплату.
Маскіравалася ўсё пад фіктыўныя дамовы займу і куплі-продажу нерухомасці. У фігурантаў справы канфіскавалі 100 тысяч даляраў.
Рабочыя МТЗ кажуць, што затрыманым прыпісваюць, што пры закупцы абсталявання лабіравалі інтарэсы замежнай кампаніі, рабілі заданне на закупку пад пэўныя характарыстыкі.
Іншая версія — што нагодай візіту сілавікоў сталі страты і бардак на Аршанскім інструментальным заводзе (ён уваходзіць у холдынг МТЗ). Нібыта дарагім атрымалася абсталяванне для гідравузла.
«Раней станкі рабіў Барысаў, лепш і танней. Перанеслі вытворчасць у Оршу — стала ў разы павольней і даражэй», — тлумачаць гэту версію.





