ТАСС

ТАСС

Заява Аляксандра Лукашэнкі аб магчымасці перакрыць транзіт газу ў Еўропу не ўзгаднялася з Крамлём, заявіў журналістам у пятніцу прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, піша ТАСС.

«Не, яны ніяк не ўзгодненыя», — адказаў Пяскоў на адпаведнае пытанне.

«У гэтым выпадку, так, гэта наш саюзнік, але гэта суверэнная дзяржава, — падкрэсліў Пяскоў. — Як бы каму гэта ні падабалася, Расія заўсёды была, ёсць і патэнцыйна будзе заставацца краінай-гарантам энергетычнай бяспекі еўрапейскага кантынента».

«Безумоўна», — адказаў ён на ўдакладняючае пытанне, ці будзе РФ гарантам энергетычнай бяспекі ў Еўропе незалежна ад дзеянняў беларускага боку.

Пяскоў таксама пакінуў без каментароў заявы Лукашэнкі пра спробы перакінуць зброю мігрантам на межах ЕС.

Раней Лукашэнка выказаў асцярогі з нагоды таго, што ў лагер мігрантаў могуць перакінуць зброю і боепрыпасы, якія ідуць у асноўным з Данбаса. Ён таксама згадаў аб тым, што абмяркоўваў гэтае пытанне з Пуціным.

Пяскову задалі пытанне, ці сапраўды была падобная размова і што можа быць зроблена ў такой сітуацыі. «Я пакідаю гэта без каментароў», — адказаў прадстаўнік Крамля.

***

У чацвер на нарадзе з Саўмінам Лукашэнка прыгразіў Еўрасаюзу перакрыць транзіт газу ў Еўропу па транснацыянальным газаправодзе «Ямал-Еўропа» ў тым выпадку, калі ЕС пашырыць санкцыі супраць яго краіны праз канфлікт вакол мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.

«Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць перш, чым казаць. Але гэта іх справа. Зачыняць — няхай зачыняюць. Але МЗС павінен папярэдзіць усіх у Еўропе: калі толькі яны ўвядуць нам дадатковыя санкцыі «неперавараныя» — непрымальныя для нас, мы павінны адказваць», — сказаў у чацвер Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0