Нагадаем, гісторыя адбылася ў верасні. Зубр прыбіўся да статка кароў, што належаць сялгаспрадпрыемству «Залатая падкова». Мясцовы жыхар Уладзімір распавядае, што статак, у якім больш за 200 цялятаў, пасвіўся за вёскай Лучайка. Спачатку зубр хадзіў каля агароджы, а калі яе адкрылі, пайшоў да цялятаў і застаўся з імі.

Галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Гарланаў лічыць, што ў Глыбокае чырванакніжны волат прыйшоў з Верхнядзвінскага раёна. Іх гаспадаркі «Чырвоны бор», дзе займаюцца іх развядзеннем.

«Зубр асвойваў новыя тэрыторыі і шукаў сабе статак. І, мяркуючы па ўсім, знайшоў яго сярод цялят з «Залатой падковы». І калі цялятам мянялі пашу, зубр пераходзіў на новую тэрыторыю разам з імі», — расказвае Генадзь Гарланаў.

Пасля таго, як фотаздымкі зубра патрапілі ў сеціва, ён імгненна стаў зоркай сацыяльных сетак. Некаторыя прыходзілі яго карміць, і ён ахвотна браў хлеб наўпрост з рук. Спакойна пасвіўся і агрэсію ў бок людзей не праяўляў.

«Не вельмі любіў, калі яго здымалі. Мог зрабіць некалькі рэзкіх рухаў, але гэта відавочна, каб паказаць, хто тут гаспадар, — гаворыць Святлана з Глыбокага. — Нядаўна са знаёмымі хацелі схадзіць пакарміць зубра. Патэлефанавалі жывёлаводам спытаць, чым можна пачаставаць зубра. А яны нам: «Яго цяпер толькі памянуць можна. Застрэлілі».

«Зубр сапраўды не падпускаў нікога да статка. Як яго адтуль прыбраць, вырашалі даволі доўга»

Зубр знік на мінулым тыдні, рассказалі «НН» супрацоўнікі сяльгаспрадпрыемства «Залатая падкова».

«Статак збіраліся перавесці ў стойла на зімовы перыяд, — гаворыць супрацоўнік сельгаспердпрыемства. — Але як толькі цялушак пачыналі заганяць, зубр кідаўся іх абараняць, нікога да іх не падпускаў, станавіўся агрэсіўным. А потым ён кудысьці знік. Ходзяць чуткі, што яго забілі».

Мы патэлефанавалі ў гаспадарку «Залатая падкова». Афіцыйна інфармацыю аб забойстве зубра нам не пацвердзілі. Але абазнаныя супрацоўнікі расказалі, як усё было.

«Зубра сапраўды застрэлілі. Вырашылі пайсці па самым лёгкім шляху, — расказваюць нашы суразмоўцы. — Зубр сапраўды не падпускаў нікога да статка. Як яго адтуль прыбраць, вырашалі даволі доўга. Звярталіся ў Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, рабілі запыты ў Мінск. У выніку вырашылі, што прыбраць адтуль зубра больш гуманным спосабам сапраўды складана, доўга і выдаткоўна.

Да таго ж патрэбных спецыялістаў, якія маглі вырашыць гэтае пытанне, у нас няма. У выніку яго вырашылі проста застрэліць. Ёсць нават фатаграфіі забітага звера, але даць яе вам не магу. Тое, што тушу жывёліны даставілі на Глыбоцкі мясакамбінат, таксама праўда. Пра гэта гавораць супрацоўнікі мясакамбіната».

Але як можна вось так забіць чырвонакніжную жывёлу? Мы датэлефанаваліся ў Белавежскую пушчу.

«Гісторыя пра забойства зубра — праўда, але ў яе нюансах яшчэ трэба будзе разабрацца. І гэта не афіцыйны каментар. Пакуль што магу сказаць толькі тое, што сродкі, каб абязрушыць жывёл, у Беларусі забароненыя. Гэта значыць, што усыпіць зубра і перавезці ў іншае месца не было магчымасці. Зубр, сапраўды, мог прадстаўляць небяспеку», — адзначылі ў пушчы.

«Гаворка можа ісці толькі пра селекцыйны адстрэл»

Паляваць на зуброў у Беларусі можна за плату. Такія паляўнічыя туры арганізоўвае «Белдзяржпаляванне». Каштуюць такія туры — каля 5 тысяч еўра. Між тым, як адзначаецца на сайце арганізацыі, «зубр знаходзіцца пад аховай з 1946 года па цяперашні час. Таму, магчыма канфіскацыя толькі зуброў рэзервовага генафонду і толькі па разавых дазволах.

Да зуброў рэзервовага генафонду адносяцца зубры, уключаныя ў кнігу зуброў рэзервовага генафонду і не прадстаўляюць селекцыйную каштоўнасць, у тым ліку старыя асобіны (самкі старэйшыя за 18 і самцы старэйшыя за 14 гадоў), а таксама параненыя, хворыя і тыя зубры, якія нарадзіліся з адхіленнямі ў фізічным развіцці».

Мы не ведаем, колькі гадоў было зубру з Глыбокага і на якіх падставах яго застрэлілі. Афіцыйных каментароў на гэты конт пакуль няма. Як толькі яны з'явяцца, мы іх апублікуем. 

Але як тлумачаць навукоўцы, якія займаюцца папуляцыяй зуброў у Беларусі, асноўны падыход, якім могуць кіравацца арганізацыі ў дачыненні да зуброў такі.

«У Рэспубліцы Беларусь зубр унесены ў Чырвоную кнігу, — кажуць навукоўцы. — Больш за тое, гэта нацыянальны сімвал краіны, прызнаны на міжнародным узроўні. Паляванне на зуброў у Беларусі забаронена. Гаворка можа ісці толькі пра селекцыйны адстрэл.

Крытэрыі, па якіх жывёл адбіраюць для селекцыйнага адстрэлу і вылучаюць у рэзервовы генафонд, павінны мець пераканаўчыя навуковыя абгрунтаванні. Сама працэдура аднясення зуброў у рэзервовы генафонд і селекцыйны адстрэл павінны быць даступныя для кантролю з боку грамадскасці. Альтэрнатывай адстрэлу зуброў паляўнічымі можа быць адлоў і рассяленне ў новыя месцапражыванні і продаж за мяжу».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру