Вольга Залатар

Вольга Залатар скончыла ліцэй БДУ і факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Мае ад дзяржавы ордэн як маці пяцярых дзяцей: старэйшай дачцэ на момант затрымання было 17 год, малодшаму сыну — усяго чатыры. 

Заявіла пра збіццё, але сілавікоў не пакаралі

Затрымалі Вольгу 18 сакавіка аператыўнікі ГУБАЗіК. Жанчына везла дачку ў музычную школу, сілавікі развярнулі яе машыну на кальцавой, разам паехалі на ператрус дадому, пасля гэтага адвезлі яе ў цэнтральны офіс упраўлення па вуліцы Рэвалюцыйная, дзе па яе словах, яе катавалі, прымушаючы прадаставіць доказы супраць сябе. Пад ціскам жанчына сказала пароль ад мабільнага тэлефона і «Тэлеграма». Але нават пасля гэтага да яе прымянялі гвалт. 

Адвакат Вольгі паведамляў прэсе, што у яе былі сінякі і крывападцёкі — білі па галаве, душылі, клалі на зямлю, прыціскалі нагамі да падлогі. Пра збіццё жанчына паведаміла на першым жа допыце, але следчы гэта проста праігнараваў: Вольгу не агледзеў судмедэксперт, які павінен быў зафіксаваць пашкоджанні, на падставе экспертызы пасля павінны былі ацаніць дзеянні сілавікоў. Так што ніякага разбіральніцтва ў выніку не было.

Вольга Залатар была назіральніцай на выбарах у 2020-м на участку ў Ждановічах, але на падлік галасоў чальцы камісіі яе не пусцілі. Пасля разгонаў пратэстаў і жорсткіх затрыманняў жанчына валанцёрыла на Акрэсціна, у судах, дапамагала затрыманым і іх сем’ям. 

Да крымінальнага пераследу яе тройчы затрымлі па адміністратыўцы, два разы справы даходзілі да суда, дзе ёй давалі вялікія штрафы — па законе, немагчыма адправіць на «суткі» жанчыну, якая выхоўвае непаўналетніх дзяцей. Дадому да яе прыходзілі з інспекцыі па жыллёвых умовах, каб ацаніць, як жывуць дзеці.

Ужо восем месяцаў Вольга знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. За гэты час змяніла некалькі камер, перахварэла на кавід і прайшла экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя (на гэтым настойвала следства).

Адвакаты неаднаразова прасілі змяніць меру ўтрымання на незвязаную са знаходжаннем пад вартай, паручальніцтва за шматдзетную маці падпісвалі святары, але ў СК усе просьбы адхілілі. Такую ж пазіцыю занялі пракурор Жанна Баранава, якая падтрымлівае абвінавачванне ў судзе, і суддзя Мінгарсуда Анастасія Папко, якая разглядае справу. Вольга і далей застаецца ў ізалятары.

Залатар дзейнічала ў складзе групы. Якой, следства не ведае

Абвінавачванне складаецца з шасці, як лічыць пракурор, злачынных эпізодаў. 

Дзяржабвінаваўца Жанна Баранава

Эпізод першы: па версіі следства, Вольга Залатар са жніўня 2020 года па 18 сакавіка 2021-га (дзень, калі яе затрымалі) дзейнічала з складзе групы асобаў (імёны гэтых асобаў невядомыя і ў абвінавачванні не ўказваюцца) і іншых асобаў, якія следству не вядомыя, у Ждановічах, дзе пражывала, і іншых месцах, якія следства за восем месяцаў не змагло вызначыць, публічна выказвала свае грамадска-палітычныя погляды, удзельнічала ў пратэстах, якія вялі да дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на падзел грамадства.

Мерапрыемствы гэтыя груба парушалі грамадскі парадак — удзельнікі блакіравалі рух транспарту, выкрыквалі лозунгі, не падпарадкоўваліся патрабаванням сілавікоў, гучна пляскалі ў далоні, што было накіравана на працяглае парушэнне грамадскага спакою. 

Пракурор адзначыла, што Залатар была адміністратам суполак ў «Тэлеграме» — «Ждановічы 2020», «Клуб аматараў песень Цоя», «Ждановічы сёння», падбірала ўдзельнікаў супрацьпраўных дзеянняў, казала, як сябе паводзіць з сілавікамі, як абараніцца ад затрыманняў і пераследу, расказвала, дзе будуць праходзіць акцыі пратэсту і кантралявала прыбыццё ўдзельнікаў у вызначанае месца. Да таго ж, маральна падтрымлівала ўдзельнікаў, праводзіла разам з імі вольны час.

У гэтым пераліку зусім няма канкрэтыкі: у які дзень, час Вольга Залатар зрабіла кожнае супрацьпраўнае, як лічыць следства, дзеянне. Таксама не ўказваецца ніводнага прозвішча тых, каго яна ўцягнула ў «злачынства», хто тыя людзі, з якімі яна дзейнічала ў «складзе групы па папярэдняй згодзе». Гэта следства трактуе як актыўны ўдзел у дзеяннях, што парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Па другім эпізодзе дадаецца «фінансаванне» (ч. 2 арт. 342 КК). Агучаны рахунак на імя Вольгі Залатар, грошы маглі збірацца на магчымыя патрэбы затрыманых і пакупку пратэстнай сімволікі. Пры гэтым падрабязных разлікаў, колькі паступіла грошай, ад каго, куды яны былі патрачаныя, у тэксце абвінавачвання няма. 

Трэці эпізод — удзел у акцыі пратэсту 23 жніўня ў раёне праспекта Незалежнасці-вуліцы Янкі Купалы (ч. 1 арт. 342 КК). Пракурор адзначыла, што ўдзельнікі акцыі сарвалі рух грамадскага транспарту з 14:30 да 20 гадзін, парушылі права грамадзян на працу і свабоднае перамяшчэнне. Канкрэтыкі, дзе стаяла Залатар, што рабіла менавіта яна на гэтай акцыі, у абвінавачванні няма. 

Чацвёрты эпізод уключае перапіску з тэлеграм-каналамі, якімі кіруе Сцяпан Пуціла. Па версіі следства, Вольга Залатар з 8 па 15 лістапада 2020 года адпраўляла паведамленні аб перамяшчэнні сілавікоў і іх тэхнікі па горадзе, інфармацыю, куды вязуць затрыманых, і дзе плануюць збірацца ўдзельнікі акцый.

Каналы Пуцілы пракурор называе арганізатарам пратэстаў, дзеянні Залатар у гэтай частцы — пасобніцтвам арганізацыі дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (ч. 6 арт. 16 ч.1 арт. 342 КК).

Што за «экстрэмісцкае фармаванне»?

Наступныя два эпізоды — гэта стварэнне і фармаванне экстрэмісцкіх каналаў (ч. 1 арт. 361-1 КК), гэта найбольш сур’ёзная частка, калі глядзець па санкцыях — да 7 год зняволення (па папярэдніх эпізодах максімум — да 3 год). Пракурор заявіла, што суполкі ў тэлеграме («Ждановічы 2020», «Клуб аматараў песень Цоя», «Ждановічы сёння»), адміністратарам якіх была Вольга Залатар, былі створаныя для экстрэмісцкай дзейнасці.

Важна — гэтыя рэсурсы былі прызнаныя судом эстрэмісцкімі толькі ў ліпені 2021 года, калі Залатар ужо чатыры месяцы была пад вартай, да таго яны лічыліся легальнымі. 

Суддзя Анастасія Папко

Эстрэмісцкая дзейнасць Залатар, як заявіла пракурор, «выражалася ў дзеяннях, заведама скіраваных на планаванне, арганізацыю, падрыхтоўку і ажыццяўленне пасягальніцтваў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь шляхям стварэння, выдання, захавання, перавозкі і распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь і ўтрымліваюць заведама ілжывыя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, вайсковым стане дзяржавы, прававым стане грамадзян».

Да таго ж, матэрыялы ўтрымлівалі знявагу прадстаўнікоў улады. Дзейнасць «экстрэмісцкага фармавання», лічыць дзяржабвінаваўца, была накіраваная на арганізацыю ў Беларусі масавых беспарадкаў, актаў вандалізму, у тэлеграм-суполках «публічна заклікалі да такіх дзеянняў і публічна іх апраўдвалі». 

Як называлася «экстрэмісцкае фармаванне» Вольгі Залатар, пракурор не ўдакладняе. Як яна ім кіравала, па версіі следства? Дадавала і выдаляла ўдзельнікаў каналаў і чатаў, прыцягвала людзей да афармлення і рэдактуры інфармацыі, размяркоўвала ролі ўдзельнікаў супольнасці, нефармальна надзялала іх статусам адказных асобаў за мерапрыемствы, якія праходзілі ў Ждановічах.

А таксама прымала меры, каб сілавікі не змаглі вызначыць сапраўдныя звесткі пра ўдзельнікаў, размяшчала ў суполках інфармацыю з іншых рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, а таксама маральна падтрымлівала ўдзельнікаў, праводзіла разам з імі час. 

Таксама ў склад злачынства ўключылі абмеркаванне стратэгіі дваравых ініцыятываў, існавання і фінансавання «эстрэміцскага фармавання», пошуку «правакацыйных інфармацыйных нагодаў для прыцягнення грамадзян» да такой дзейнасці, «спосабы і метады для делігітымізацыі органаў улады», «фармаванне і падтрымка радыкальнага пратэстнага патэнцыялу». 

У дадатак «стымуляванне росту пратэстэстных настрояў і сацыяльна-палітычнага хаосу ў грамадстве шляхам удзелу ў чатах і відэаканферэнцыях па Zoom». У якасці прыкладу пракурор прыводзіць анлай-абмеркаванне ў межах падзеі «Першы кінафестываль. З Калядамі і Новым годам». 

Віна жанчыны, паводле пракурора, пацверджваецца паказаннямі сведкаў (Малышава, Гаркевіч), пісьмовымі і рэчавымі доказамі.

«Я не прызнаю сябе вінаватай, па ўсіх артыкулах», — заявіла Вольга Залатар.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?