Фота sortiraparis.com.

Фота sortiraparis.com.

«Кароль Рычард» — гэта гісторыя Рычарда Уільямса, бацькі зорных амерыканскіх тэнісістак Серэны і Вінус Уільямс. Галоўны герой сам некалі цікавіўся тэнісам, аднак займаўся ім толькі на аматарскім узроўні. Аднак для сваіх дачок Рычард стварыў цэлы план іх будучай кар’еры, які дапамог ім стаць спартоўкамі сусветнага ўзроўню.

Жанр фільма — спартовы баёпік (біяграфічны фільм), але ж не трэба гэтага пужацца. На вядомым сайце-агрэгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes крытыкі сыходзяцца ў тым, што карціна пра Рычарда Уільямса «выходзіць за рамкі шаблонаў спартовых баёпікаў, дзякуючы асвяжаючаму аповеду і выдатнаму выкананню Уілам Смітам галоўнай ролі». Больш за тое, эксперты кажуць, што «Кароль Рычард» мае шансы пазмагацца за «Оскара».

Што ж так уразіла крытыкаў?

Гісторыя

Цім Уайт, адзін з прадзюсараў «Караля Рычарда», яшчэ ў дзяцінстве пачаў гуляць у тэніс і выступаць на спаборніцтвах. Уайт ведаў гісторыю Рычарда Уільямса і нават бачыў яго ўжывую на спартовых пляцоўках, калі той падтрымліваў сваіх дзяцей.

Прайшло шмат гадоў, і Уайт успомніў пра Уільямса. Яму і іншаму прадзюсару, Трэвару Уайту, захацелася расказаць гэтую гісторыю. Павінен быў атрымацца аповед пра кіраўніка невялікай ахоўнай кампаніі, у якога не было лішніх грошаў і вопыту ў прафесійным тэнісе. Тым не менш, гэты чалавек здолеў зрабіць з дзвюх сваіх дачок тэнісных суперзорак — і гэта ў тыя часы, калі тэніс лічылі «спортам для белых».

Сцэнарый для «Караля Рычарда» напісаў Зак Бэйлін. На яго рахунку не так шмат вядомых стужак — можна ўспомніць хіба што «Пабочны эфект» 2013 года з Джудам Лоў і Руні Марай. Аднак гісторыя пра бацьку сясцёр Уільямс ў Бэйліна атрымалася на славу. Напрыклад, сцэнарый пад яго аўтарствам увайшоў у міжнародны рэйтынг Black List 2018 — спіс добрых сцэнарыяў, што (на той час) пакуль не былі ўвасобленыя ў фільмах. Кажуць, што менавіта добры сцэнарый прывабіў і галоўную зорку стужкі — Уіла Сміта.

Акцёрскі склад

Безумоўна, Уіл Сміт — самае гучнае імя сярод акцёраў стужкі. Кажуць, што ён выдатна паказаў сябе ў новай карціне, і нават можа з вялікай верагоднасцю апынуцца сярод намінантаў на «Оскар».

Гэты акцёр набыў вядомасць яшчэ ў 90-я дзякуючы такім блакбастарам, як «Людзі ў чорным» і «Дзень незалежнасці». Шмат гадоў адно толькі імя Сміта на афішы дазваляла карцінам прэтэндаваць на касавы поспех. Цяпер акцёр трохі адышоў ад спраў, але «Кароль Рычард» — добрая магчымасць для яго нагадаць нам, чаго ён на самой справе варты.

Некаторыя крытыкі мяркуюць, што «Оскар» чакае яшчэ адну актрысу з «Караля Рычарда». Гаворка пра Анжаню Эліс, выканаўцу ролі Арасін Прайс, маці сясцёр Уільямс. Шмат добрых словаў у свой адрас заслужылі і юныя актрысы Санія Сіндэй і Дэмі Сінглтан, што граюць адпаведна Вінус і Серэну Уільямс.

Цёмны бок зорнага бацькі

Рычард Уільямс — зусім не такі адназначны персанаж, як можа падацца на першы погляд.

Напрыклад, некалі ён спецыяльна перавёз уласную сям’ю жыць у бандыцкі раён, каб закаліць характар сваіх дачок — будучых чэмпіёнак, і каб зэканоміць грошы для заняткаў тэнісам.

Неяк Уільямс наняў групу школьнікаў, каб яны прыйшлі на корт да Серэны і Вінус і выкрыквалі ў бок сясцёр абразы. Так ён жадаў прывучыць будучых тэнісістак не рэагаваць на негатыў у свой бок.

Пазней, калі Вінус і Серэна ўжо гулялі на прафесійным узроўні, Рычард пастаянна абвінавачваў іх суперніц у расізме і дазваляў сабе часам даволі грубыя выказванні ў іх бок.

Ці будуць гэтыя і падобныя да іх гісторыі ўключаныя ў фільм? Пабачым.

Рэйтынгі на вялікіх міжнародных рэсурсах

IMDB — 6,8/10

Rotten Tomatoes — 92%

Metacritic — 72/100

Хутка свет пабачыць працяг легендарнага серыяла «Сэкс у вялікім горадзе». Расказваем, чым ён цікавы

Фільм «Мінулай ноччу ў Соха». Чаму яго варта паглядзець

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0