Афіцыйны Мінск тлумачыць міграцыйны крызіс тым, што Ірак (адкуль большасць мігрантаў цяпер на мяжы) нібыта быў зруйнаваны ў выніку ваеннай інтэрвенцыі заходніх краін, і, адпаведна, гэтая блізкаўсходняя краіна стала нібыта адным з галоўных пастаўшчыкоў бежанцаў. 

Але ў гэтым выпадку змешваюцца ў адну кучу войны ў Лівіі, Сірыі, Іраку і Афганістане, хаця прычыны, час і наступствы гэтых войнаў былі зусім розныя. А таксама сцвярджаецца, што цяперашні крызіс на мяжы ёсць працяг міграцыйнага крызісу 2015-2016 гадоў, калі Еўропа прыняла больш за мільён бежанцаў і мігрантаў з разбуранай вайной Сірыі.

Некаторыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці таксама называюць людзей на беларуска-польскай мяжы «бежанцамі». Яны лічаць, што людзей абавязкова трэба пусціць у ЕС, бо ў ЕС перад гэтымі людзьмі нібыта ёсць нейкая віна.

Але ці можам мы называць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы «бежанцамі» па змоўчанні? «Бежанец» — гэта канкрэтна вызначанае юрыдычнае паняцце ў міжнародным праве, і іракскія курды ў большасці выпадкаў пад яго цяпер не падпадаюць. Ніякіх звышдраматычных падзей у іракскім Курдыстане цяпер не адбываецца, няма вайны ці масавага этнічнага пераследу, якімі можна было б патлумачыць такія міграцыйныя патокі «бежанцаў» праз Беларусь.

У свеце цяпер проста няма такога глабальнага міграцыйнага крызісу, які быў бы параўнальны з сітуацыяй у Сірыі ў 2015 годзе, тым больш у Іраку.

Сітуацыя ў гэтай краіне апошнія гады паступова стабілізавалася, колькасць бежанцаў і ўнутраных прымусовых перасяленцаў паслядоўна скарачалася. За апошнія гады мільёны іракцаў, якія раней былі бежанцамі альбо ўнутранымі перасяленцамі, вярнуліся ў свае дамы.

Сённяшні Ірак не проста перастаў быць вялікім пастаўшчыком новых бежанцаў, але і ператварыўся ў краіну, дзе знайшлі свой прытулак каля 300 тысяч грамадзян іншых краін (у першую чаргу сірыйцаў).

Чытайце таксама: Ірак — гарачы пункт планеты і адзін з галоўных пастаўшчыкоў бежанцаў у іншыя краіны? Лічбы гавораць, што гэта не так

Гэта зусім не азначае, што рэальных бежанцаў, якія адпавядалі б гэтаму паняццю, на беларуска-польскай мяжы няма. Вядома, там, акрамя эканамічных мігрантаў, якія хочуць палепшыць сваю якасць жыцця, прысутнічаюць і рэальныя бежанцы. Але агулам, паводле цяперашняга міжнароднага права, іракскія курды маюць мала шанцаў атрымаць палітычны прытулак у Еўропе.

У многіх можа ўзнікнуць пытанне: «Ды якая розніца, будзем называць мы гэтых людзей бежанцамі ці мігрантамі? Яны бягуць з непаспяховых краін, ад галечы, давайце называць іх «бежанцамі».

Дык чаму называць мігрантаў «бежанцамі», якія паводле міжнароднага права імі не з’яўляюцца, азначае шкодзіць самім рэальным бежанцам? 

«Змешванне ў адну кучу паняццяў «бежанец» і «мігрант» можа мець сур'ёзныя наступствы для жыцця і бяспекі сапраўдных бежанцаў. Бежанцы, у адрозненне ад мігрантаў, патрабуюць канкрэтнай прававой абароны, і размыванне гэтых двух паняццяў адцягвае ўвагу ад абароны рэальных бежанцаў.

Размыванне паняццяў можа падарваць грамадскую падтрымку бежанцаў і самога інстытуту прытулку ў той момант, калі ўсё больш і больш рэальных бежанцаў маюць патрэбу ў абароне», — піша ў сваім артыкуле Эдрыян Эдвард, які працуе ва Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (арганізацыя ААН, якая займаецца аказаннем дапамогі бежанцам).

Гэтыя словы актуальныя і для сітуацыі ў Беларусі. Беспадстаўна называючы ўсіх мігрантаў на беларуска-польскай мяжы «бежанцамі», маргіналізуюць у вачах саміх беларусаў і часткі міжнароднай супольнасці больш за 80 мільёнаў сапраўдных бежанцаў і вымушаных перасяленцаў ва ўсім свеце — няшчасных людзей, якім трэба дапамагаць, з якой бы краіны яны б ні былі.

Што пасля ўсяго гэтага вэрхалу будуць думаць простыя беларусы, калі будуць чуць слова «бежанец»? Яны будуць уяўляць сабе не абяздоленых людзей, якія бягуць і ратуюць сваё жыццё ад войнаў, палітычнага пераследу і прыродных катастроф, а эканамічных мігрантаў, якія ў пошуках лепшага жыцця не грэбуюць сітуатыўным хаўрусам з аўтарытарным рэжымам, якія нахабнай сілай і напорам выпрабоўваюць еўрапейскія законы і інстытуты на трываласць.

Як вызначыць, хто такі «бежанец»?

Тэрмін «бежанец» мае дакладнае прававое значэнне. Яно прапісанае ў Жэнеўскай канвенцыі 1951 года аб статусе бежанцаў, а таксама ў пратаколе 1967 года. Канвенцыю і пратакол, у якіх рэгулююцца пытанні бежанцаў, падпісалі абсалютная большасць дзяржаў планеты.

Канвенцыя і пратакол, у якіх прапісанае азначэнне «бежанец», з’яўляюцца асновай абароны бежанцаў. Замацаваныя ў іх прынцыпы трапілі ў мноства іншых міжнародных, рэгіянальных і нацыянальных законаў. 

Паводле гэтых базавых дакументаў, бежанцы — гэта людзі, якія ў сілу абгрунтаваных асцярог сталі ахвярай пераследу па прыкмеце расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў, знаходзяцца за межамі сваёй роднай краіны і не могуць карыстацца яе абаронай.

То-бок гэта асобы, якія ратаваліся ад узброенага канфлікту або пераследу. У канцы 2020 года іх налічвалася 34,3 мільёна ва ўсім свеце. Іхняе становішча настолькі небяспечнае і невыноснае, што яны перасякаюць нацыянальныя межы ў пошуках бяспекі і атрымліваюць доступ да дапамогі дзяржаў, ААН і іншых арганізацый.

Такіх людзей прызнаюць бежанцамі менавіта таму, што ім занадта небяспечна вяртацца дадому, і ім патрэбны прытулак за мяжой. Гэта людзі, для якіх адмова ў прадастаўленні прытулку мае патэнцыйна смяротныя наступствы, у адрозненне ад эканамічных мігрантаў.

А вось мігранты вырашаюць пераехаць у іншую дзяржавы не з-за непасрэднай пагрозы пераследу або смерці, а для паляпшэння сваіх жыццёвых умоў, пошуку працы, атрымання адукацыі, ўз'яднання сям'і ці па іншых прычынах.

У адрозненне ад бежанцаў, якія не могуць бяспечна вярнуцца дадому, мігранты не сутыкаюцца з такімі перашкодамі для вяртання. 

Важна правільна адрозніваць паняцці «мігрант» і «бежанец». Краіны маюць справу з эканамічнымі мігрантамі ў адпаведнасці са сваімі міграцыйнымі законамі і працэдурамі. А вось пытанні бежанцаў вырашаюцца іншымі законамі і працэдурамі, як нацыянальнымі, так і міжнароднымі. 

Паводле рэкамендацый Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, мігрант — гэта чалавек, які добраахвотна пакідае сваю краіну для таго, каб перасяліцца ў любую іншую. Матывы могуць быць розныя: сямейныя, эканамічныя, прага прыгод, нешта іншае.

Калі мігрант кіруецца выключна эканамічнымі прычынамі, то ён эканамічны мігрант і бежанцам не з’яўляецца. 

У некаторых выпадках гэтыя паняцці, праўда, могуць злучацца і камбінавацца. Напрыклад, калі пагаршэнне эканамічнага становішча чалавека звязанае з ягоным пераследам па палітычных, рэлігійных, расавых і сацыяльных матывах.

Калі нейкія дыскрымінацыйныя захады падрываюць дабрабыт пэўнай этнічнай ці рэлігійнай групы, то такі чалавек можа быць прызнаны бежанцам. Але калі чалавеку проста не падабаецца агульная эканамічная сітуацыя ў дзяржаве, і ён жыве ў галечы — на аснове толькі гэтага бежанцам ён не стане.

Выкарыстоўваючы правільныя азначэнні, не блытаючы паняцці, называючы мігрантаў мігрантамі, не раскідваючыся словам «бежанец» направа і налева, мы тым самым не пагаршаем сітуацыю рэальных бежанцаў. Любую праблему можна вырашыць толькі тады, калі называць рэчы сваімі імёнамі. Словы маюць значэнне.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0