«Ляскоўскі працаваў настаўнікам матэматыкі і інспектарам раённага аддзела адукацыі. А па-за гэтай працай даследваў гісторыю Шаркоўшчыны і ваколіц. Ён быў найбольш аўтарытэтным краязнаўцам у Шаркоўшчынскім раёне. Грунтоўна вывучыў і апісаў гісторыю магнацкіх і шляхецкіх родаў, якія валодалі зямлёй у гэтым рэгіёне, а таксама падзеі паўстанняў 1831 і 1863 года. 

Яго даследванні ляглі ў аснову раздзелаў у кнізе «Памяць. Шаркаўшчынскі раён», а таксама яго ўласнай кнігі «Гістарычная хроніка Шаркоўшчыны і наваколля», якая выйшла ў мясцовым самвыдаце. Ляскоўскі перакладаў некаторыя працы з польскай мовы — напрыклад, міжваенную манаграфію Отана Гедэмана пра школу айцоў піяраў у Лужках. 

Таксама ён напісаў успаміны, у якіх пераказаў усё, што ўбачыў у родным краі за сваё доўгае жыццё. 

Дом Уладзіслава Ляскоўскага, які стаіць у завулку здаля ад галоўных вуліц Шаркоўшчыны, неаднойчы быў месцам культурніцкіх і палітычных мерапрыемстваў. У яго збіраліся людзі адсвяткаваць 25 Сакавіка, там сустракаўся з мясцовымі прыхільнікамі палітык Павел Севярынец, там жа розныя аўтары ладзілі прэзентацыі гістарычных і мастацкіх кніг. У пачатку 2020 года дома ў Ляскоўскага адбылася сустрэча апазіцыйнага «праймэрыз». На яе прыйшло амаль удвая больш людзей, чым звычайна — для нас гэта быў першы знак таго, што ў грамадстве нешта мяняецца. 

Ляскоўскі быў дужа добры, гасцінны чалавек. Некалькі разоў я бываў у яго па журналісцкіх і краязнаўчых справах, ды і проста завітваў, маючы час. Ён заўсёды частаваў госця, з ім было цікава пагутарыць. Здаецца, заўсёды ён быў у бадзёрым, добрым настроі… 

Адыйшоў у вечнасць чалавек, які годна пражыў жыццё, даследваў родны край, любіў Беларусь і чым мог, спрыяў набліжэнню яе свабоды. Няхай Бог аддзячыць яму за ўсё, што ён зрабіў добрае ў жыцці!» — напісаў Кастусь Шыталь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0