Што адбылося пасля затрымання Вольгі?

Як паведаміў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрымання да яе ўжывалася фізічная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.

«Падчас допытаў у следчага Вольга тройчы паказвала на факты катаванняў. У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблакаваць прылады і перадаць усе датычныя да яе звесткі. Яна вырашыла скарыстацца правам не сведчыць супраць сябе. Пасля гэтага, казала мая падабаронная, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Калі мы з ёй сустрэліся, у яе было мноства цялесных пашкоджанняў, сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах».

Пра збіццё жанчына паведаміла на першым жа допыце, але следчы гэта проста праігнараваў: Вольгу не агледзеў судмедэксперт, які павінен быў зафіксаваць пашкоджанні, на падставе экспертызы, пасля павінны былі ацаніць дзеянні сілавікоў, але ніякага разбіральніцтва ў выніку не было. Адвакат Андрэй Мачалаў, які пракаментаваў сітуацыю, у выніку быў пазбаўлены ліцэнзіі.

Што вядома на гэты конт з матэрыялаў справы, агучаных на судзе?

З матэрыялаў справы стала вядома, што эксперты аглядалі Вольгу ў ізалятары толькі 6 красавіка — больш чым праз два тыдні пасля затрымання. У заключэнні яны пазначылі, што пры аглядзе экспертам у Залатар цялесных пашкоджанняў не выяўлена. Згодна з прадастаўленымі медыцынскімі дакументамі, у Залатар былі сінякі сіняга колеру на левай і правай ягадзіцы, якія маглі ўтварыцца ад траўматычных уздзеянняў і тупога прадмета.

Залатар і яе абаронца Мачалаў падавалі заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да старэйшага оперупаўнаважанага супрацоўніка ГУБАЗіКа Тверацінава па факце перавышэння і злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (артыкулы 424 і 426 Крымінальнага кодэкса) у сувязі з ужываннем фізічнай сілы да Вольгі. Як вынікае з матэрыялаў справы, адвакат Андрэй Мачалаў пасля затрымання запатрабаваў кнігу аб ужыванні фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў у дачыненні да затрыманых, аднак паводле яе, 18 сакавіка да Залатар не ўжывалася фізічная сіла.

У выніку 20 красавіка ў завядзенні крымінальнай справы аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікам ГУБАЗіКа было адмоўлена на падставе адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства. Следчы камітэт вырашыў, што «заявы Залатар аб прычыненні ёй цялесных пашкоджанняў не адпавядаюць рэчаіснасці, паколькі яны мелі месца да яе затрымання».

Што цікава, у матэрыялах справы ўтрымліваецца скрыншот допіса тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім, «Супрацоўнікі ГУБАЗіКа катавалі Вольгу, каб прымусіць яе сведчыць супраць сябе» ад 2 красавіка з размешчаным каментарыем былога адваката Андрэя Мачалава, якога пасля пазбавілі ліцэнзіі за тое, што распавёў грамадству і СМІ пра ўжыванне катаванняў у дачыненні да Вольгі. Поўны тэкст каментарыя экс-адваката журналістам утрымліваецца ў матэрыялах крымінальнай справы і быў цалкам агучаны суддзёй Анастасіяй Папко на працэсе: 

«18 сакавіка гэтага года Вольга Залатар была затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіКа на мінскай кальцавой дарозе. Пасля чаго яе даставілі ў будынак ГУБАЗіКа, дзе, па яе словах, да яе ўжываліся катаванні з мэтай прымусіць яе да прадастаўлення доказаў супраць сябе. Яна, зразумела, у пэўны момант дала паролі, у тым ліку, ад сваіх мабільных прыладаў, але, мабыць, гэтага супрацоўнікам ГУБАЗіКа аказалася мала і яны, пакуль незразумела, ці то яны паўторна патрабавалі даць гэтыя паролі, ці то яны спрабавалі ўзяць у яе адбіткі пальцаў.

Да яе былі ўжытыя катаванні. Я асабіста быў сведкам: у яе былі сінякі і крывападцёкі. Яе білі па галаве, яе душылі, яе клалі на зямлю і прыціскалі нагамі да падлогі. Адпаведна, у яе ўсе ягадзіцы ў сіняках: я асабіста гэта бачыў і быў сведкам. 

На жаль, мне не спадабалася пасіўная пазіцыя Следчага камітэта, які, нягледзячы на тое, што яна заявіла гэта на першым допыце 19 сакавіка, на сённяшні дзень, гэта значыць пасля ажно двух тыдняў, да гэтага часу яе не наведаў ні судмедэксперт у СІЗА, ні якім-небудзь чынам следчы не зафіксаваў гэтыя пашкоджанні. Паўтаруся, Вольга неаднаразова пра гэта заяўляла, у тым ліку, і мной падавалася хадайніцтва следчаму, але пакуль следчы, па сутнасці, ніякіх мер не прыняў.

Вользе было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Ёй прад'яўленае абвінавачванне, яна дае паказанні, адказвае на ўсе пытанні следчага, але, пры гэтым, яна цалкам адмаўляе сваю віну. Мы лічым, што з улікам і пазіцыі і той інфармацыі, якая маецца ў абароны, і тых доказаў, якія мы бачылі, дакладней, не бачылі ў следства, мы лічым, што на дадзены момант гэтае абвінавачванне ніяк не абгрунтаванае і, больш за тое, яно вельмі абстрактна гучыць.

Я спадзяюся, што ўсё ж такі нейкі закон і разумная логіка возьмуць верх і ўсё ж такі следства дазволіць маці пецярых дзяцей на час следства заставацца дома».

***

Нагадаем, Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі дадому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. На волю яна так і не выйшла. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты. Цяпер Вольгу судзяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і матэрыяльнае забеспячэнне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (дапамаганне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Палітзянволеная абвінавачваецца, у тым ліку, у стварэнні экстрэмісцкіх фармаванняў — тэлеграм-чатаў «Ждановічы сёння», «Ждановичи 2020-клуб любителей песен Цоя», прызнаных экстрэмісцкімі праз сем месяцаў пасля затрымання Вольгі. Жанчыне пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру