Фота авіякампаніі «Белавія»

Фота авіякампаніі «Белавія»

Чартары і рэйсы ў Піцер выконвае толькі «Белавія»

Усяго ў парку «Белавіі» 29 самалётаў. З іх 14 — Boeing (мадэлі 737-8, 737-800, 737-500, 737-300), 15 — Embraer (195-E2, 195, 175).

Пад лізінгам у авіацыі звычайна маецца на ўвазе арэнда паветранага судна. Кампанія сплачвае кошт самалёта толькі за час яго эксплуатацыі, што больш выгадна для яе. Але пры гэтым самалёт не належыць перавозчыку, ён застаецца ва ўласнасці вытворцы.

З мінскага аэрапорта лётаюць розныя авіякампаніі.

Але ёсць кірункі, па якіх рэйсы выконвае толькі «Белавія». Цяпер гэта, напрыклад, Ерэван, Батумі, Піцер, Сочы, Ташкент, Баку. Плюс за ёй замацаваныя чартары (у тую ж Турцыю ці Егіпет).

«Галоўным пацярпелым будзе лізінгавая кампанія, якой давядзецца шукаць, куды б прыстроіць самалёты»

Ацаніць магчымыя рызыкі для «Белавіі» складана — мы не ведаем дэталёва, якой была палётная праграма пад гэтыя самалёты. 

«Але давайце паглядзім шырэй на пытанне, — прапануе выканаўчы дырэктар агенцтва «АвіяПорт» Алег Панцялееў. — Цяпер усё ж такі рынак на баку авіякампаніі.

У тым плане, што ў выніку пандэміі і ўведзеных абмежаванняў на міжнароджныя палёты попыт на паветраныя судны адносна дапандэмійнага перыяду драматычна скараціўся.

Таму складаней прыстроіць самалёты ў добрыя рукі, перавозчыку, які спраўна будзе плаціць лізінгавыя плацяжы, чым знайсці на рынку свабодныя самалёты па добрай цане. 

Калі глядзець на сітуацыю не ў кароткатэрміновай перспектыве, што заўтра забралі самалёты, а яны ўжо былі ў раскладзе, а ў перспектыве паўгода-года, то, відавочна, галоўным пацярпелым будзе лізінгавая кампанія, якой давядзецца шукаць, куды б прыстроіць самалёты, прытым што яны рынку не асабліва патрэбныя.

Для авіякампаніі, безумоўна, будуць кароткатэрміновыя праблемы — якім чынам перафарматаваць расклад і паступіць з персаналам, бо кагосьці патрэбна будзе адправіць у адпачынак, у вымушаны прастой.

Але ёсць усе шанцы ўжо да летняга сезону, калі авіякампаніі зарабляюць асноўныя грошы, цалкам нівеляваць наступствы ад санкцый, звязаных з канфіскацыяй паветраных суднаў».

З экспертам згодны і Аляксандр Ланецкі, дырэктар кансалтынгавай кампаніі Friendly Avia Support. Ён лічыць, што ў «Белавіі» і так лішак самалётаў, бо пасля кейса з Пратасевічам кампанія страціла палову рынку.

«Думаю, авіякампанія з задавальненнем вярнула б самалёты, але не мае для гэтага фармальнай нагоды. Вяртанне без нагоды — вялізныя штрафы з-за парушэння лізінгавай дамовы. Увядзенне санцый якраз стане такой нагодай — то-бок магчымасць для «Белавіі» без фінансавых страт вярнуць самалёты ўласніку.

І Ірландыя гэта таксама разумее. І не хоча забіраць сабе самалёты, бо рынкаў для іх цяпер няма. Забраць самалёт — гэта 3-4 мільёны даляраў недаатрыманых даходаў на год у сярэднім.

То-бок 17 самалётаў — 60 мільёнаў даляраў страт на год. І гэта без магчымых судовых страт з-за іскаў да «Белавіі»», — падлічвае эксперт.

Ёсць і яшчэ адна прычына, чаму самалёты наўрад ці забяруць, — еўрапейскія санкцыі звычайна не маюць зваротнай сілы. Бан на новыя дамовы магчымы, але старыя скасоўваць, хутчэй за ўсё, не будуць.

«Калі б самалёты бралі ў літоўскіх кампаній — санкцыі імгненна ўвялі б. Але тут інтарэсы ірландцаў і амерыканцаў, якія стаяць за імі. І гэта мы яшчэ не казалі пра інтарэсы канцэрна Boeing, які прадаў і яшчэ не паставіў усе самалёты «Белавіі»».

«Даходы, напэўна, упадуць на траціну»

Летась праз пандэмію «Белавія» сышла ў мінус. Колькасць пасажыраў упала на 58% у параўнанні з 2019 годам. А чыстыя страты кампаніі — 92 мільёны рублёў. Заробкі зменшіліся ў сярэднім на 19%.

У гэтым годзе каранавірус таксама ўплывае на пасажырапаток. На еўрапейскіх рэйсах не было шмат народу. Магчыма, закрыццё неба над Еўропай для беларускіх самалётаў магло нават палепшыць фінансавыя паказчыкі. Атрымліваецца, што стратныя рэйсы праз адсутнасць пасажырапатоку сышлі. Плюс асноўным даходам кампаніі былі чартарныя рэйсы. Адкрыліся таксама новыя напрамкі па Расіі.

Але прыбыткаў чакаць не варта, мяркуе эксперт.

«Думаю, Белавія будзе стратнай па выніках гэтага года, — прагназуе Аляксандр Ланецкі. —

Даходы, напэўна, упадуць на траціну ў параўнанні з мінулым ужо пандэмійным годам. Калі параўноўваць толькі другія паўгоддзі — падзенне даходаў можа быць больш істотным.

А прыбыткаў там не чакаецца. Такая ж сітуацыя ва ўсёй авіяцыйнай галіне ў свеце. І дакладна ва ўсёй Еўропе — усе авіякампаніі стратныя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0