Пра гэта заявіў журналістам у пятніцу ў Ерэване прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, падводзячы вынікі праведзенага пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета, піша ТАСС.

«З ліку пачынаюць збівацца ў гэтых пакетах [санкцый]. Колькі іх там — пяць, шэсць ці сем. Мы на гэтую тэму не рэфлексуем. Намі пастаянна вядзецца праца па перабудове працы эканомікі Беларусі з улікам тых рызык, якія складаюцца для нас, і з улікам тых нелегітымных і несправядлівых абмежаванняў», — сказаў Галоўчанка.

Прэм'ер запэўніў, што ўрад робіць «усё для таго, каб эканамічныя агенты ў краіне і насельніцтва не адчулі гэтага, іх умовы жыцця і функцыянавання не пагоршыліся».

«Якія метады мы выкарыстоўваем і якія інструменты? Гэта павінна застацца нашым ноу-хау», — сказаў Галоўчанка. Ён канстатаваў, што эканоміка спраўляецца з уведзенымі Захадам абмежаваннямі. «Эканамічныя вынікі нашай працы за дзевяць месяцаў выглядаюць досыць пераканаўча, і гэта самы лепшы адказ», — сказаў прэм'ер.

Іншая справа, паводле яго слоў, што «немагчыма зразумець тых, хто заклікае да пастаяннага ўзмацнення жорсткасці санкцый, гэта не паддаецца тлумачэнню». «Дарэчы, мае калегі, у прыватнасці старшыня ўрада Расіі, асобна спыніліся на тым, што меры, якія прымяняюцца ў дачыненні да нашай краіны, з'яўляюцца абсалютна нелегітымнымі і супярэчаць міжнароднаму праву», — адзначыў прэм'ер.

Па яго словах, санкцыі ператварыліся «ва ўніверсальны сродак запалохвання тых, хто не згодны з навязанай мадэллю паводзін для краіны, і гэта новая рэальнасць». «Але ЕАЭС — гэта тая пляцоўка, унутры якой дзейснасць гэтых інструментаў ціску імкнецца да нуля, гэта адзін з галоўных эфектаў нашага ўдзелу ў ЕАЭС», — адзначыў прэм'ер-міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0