Справу разглядае суддзя Наталля Карабліна. Паводле матэрыялаў папярэдняга следства, Александрына Міхаложына ў перыяд ад 5 кастрычніка да 25 лістапада 2020 года (дакладна вызначыць дату следчым не ўдалося) на тытунёвы шапік «Табакерка» фарбай чырвонага колеру нанесла «дэструктыўны» надпіс «3%». Сума шкоды склала 70 рублёў.

На судзе Міхаложына прызнала віну цалкам.

Дзяўчына распавяла, што надпіс на шапіку наносіла ўначы разам са сваёй знаёмай, ад якой нібыта і зыходзіла ініцыятыва. Даты дакладна не памятае, але пераконвала, што гэта быў кастрычнік. Нанесла на шапіку лічбу «3». А вось хто дадаў знак «%» і чырвоныя гарызантальныя лініі, не ведае. Заявіла, што яны з'явіліся на шапіку праз тры-чатыры дні пасля гэтага. Прызналася і ў тым, што размяшчала ўлёткі палітычнага зместу. Клеіла іх на дошках абʼяваў каля падʼездаў, але тыя не хацелі трымацца і падалі долу. Усё гэта адбывалася цягам адной ночы. Сцвярджала, што больш такім ні яна, ні яе знаёмая не займаліся.

Бок дзяржабвінавачвання запрасіў у суда пакараць дзяўчыну штрафам у памеры 100 базавых велічынь (2900 рублёў). Такі прысуд і вынесла суддзя Карабліна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0