Аднак у Ленінскім РАУС Бабруйска адміністрацыйны працэс супраць Сяргея пачалі ўжо за рэпост. Паводле блізкіх Сяргея Бяляева, там адзін з супрацоўнікаў без усялякай прычыны ўдарыў яго па галаве.

У Сяргея хвароба Паркінсона, ужыўлены нейрастымулятар. Мінулай зімой яго таксама забіралі з дому пасля ператрусу і абшуквалі ў міліцыі з ужываннем металашукальніка. Гэта прывяло да таго, што нейрастымулятар быў збіты з рытму. Гэтай восенню Сяргею зрабілі аперацыю ў Мінску і наладзілі стымулятар.

Аднак ужо раніцай наступнага дня па прыездзе дадому пасля лякарні да яго ўварваліся сілавікі, паклалі на падлогу, надзелі кайданкі. Праўда, тады Сяргея не затрымалі. А праз месяц, 10 лістапада, вырашылі, што ён ужо здаровы, і затрымалі пасля ператрусу.

У пятніцу 12 лістапада на судзе ў ІЧУ Сяргей Бяляеў падаў хадайніцтва на абарону, запатрабаваў адваката. І яго адпусцілі да панядзелка.Тады блізкія звярнулі ўвагу на тое, што ён вельмі дрэнна перасоўваецца, магчыма, нейрастымулятар зноў збіты. Агулам у мужчыны было тры паседжанні суда, апошняе — у аўторак, 16 лістапада. Сяргея асудзілі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП да 10 сутак арышту. Адпусціць яго павінны 26 лістапада.

«Ёсць вялікі шанец, што пасля прыпынення працы нейрастымулятара, ужыўленага ў яго галаву, ён проста можа памерці. Плюс яго збілі ва УУС і ён некаторы час нават не пазнаваў знаёмых людзей», — распавялі праваабаронцам яго знаёмыя.

Бабруйчанін быў упэўнены, што яму дадуць не суткі, а штраф, таму не быў гатовы да арышту. Зарадкі ў нейрастымулятары засталося на лічаныя дні, і калі яго не падзарадзіць, гэта можа выклікаць пагрозу здароўю і жыццю Сяргея.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру