Суд за шэсць каментарыеў гамельчука ў тэлеграм-чатах доўжыўся амаль два месяцы. Пад вартай Яўген утрымліваецца ўжо паўгода. Справу разглядаў суддзя Віталь Каўбеня, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Аляксандр Шынкароў. 

Па версіі абвінавачвання, у жніўні і верасні мінулага года Маркавец у тэлеграм-чатах размясціў заклікі да супрацьпраўных дзеянняў. Таксама ў «Тэлеграме» ён пакінуў абразлівы каментарый у адносінах да супрацоўніка АМАПа Варушчанкі. Усяго ў матэрыялах справы фігуруе шэсць каментарыеў.

Яўген Маркавец прызнаў віну часткова — абразлівы каментарый ён насамрэч змясціў, а вось заклікаў да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не рабіў.

Яўген Маркавец патлумачыў у судзе, што быў вельмі ўзрушаны збіццём пратэстоўцаў, нават ужо затрыманых у пастарунках, таму на эмоцыях пісаў гэтыя каментарыі, у якіх выказваў сваё меркаванне, а не заклікаў да канкрэтных супрацьпраўных дзеянняў.

Падчас судовых спрэчак пракурор Аляксандр Шынкароў заявіў, што віна Яўгена Маркаўца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса цалкам даказаная і запатрабаваў пакараць яго двума гадамі калоніі. Таксама пракурор настойваў, каб гамельчук выплаціў пацярпеламу амапаўцу 2000 рублёў.

У выніку, суддзя Віталь Каўбеня асудзіў Яўгена Маркаўца на паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць з палітвязня на карысць пацярпелага амапаўца тысячу рублёў, што на палову меней, што патрабаваў пракурор. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру