«Голас несапраўднага бюлетэня — гэта голас супраць абедзвюх опцый: і новай Канстытуцыі, і старой»

Аляксандр Шлык адзначае: факт таго, што дэмсілы дамовіліся наконт адной стратэгіі паводзінаў на рэферэндуме, каштоўны сам па сабе:

«Як чалавеку, які ведае выбары знутры (Аляксандр працаваў у аддзеле па выбарах БДІПЧ АБСЕ, кіраваў назіраннем за выбарамі ў рэгіёне АБСЕ. Дапамагаў краінам прыводзіць іх выбарчыя працэсы ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, — заўв. рэд.) мне падаецца, што агучаная стратэгія заснаваная на тым, што ў людзей ёсць права ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай.

Гэтага права нас пазбавіць ніхто не можа, і ім трэба карыстацца. Зразумела, што ў цяперашніх умовах правесці дэмакратычны рэферендум не атрымаецца: многія сядзяць у турме, няма ніякага грамадскага абмеркавання канстытуцыйнага праекта.

Гэта будзе несапраўдны рэферэндум, які нічога не вырашае, бо вырашыць актуальныя беларускія праблемы могуць толькі новыя выбары.

Але калі атрымліваецца магчымасць сказаць сваё слова, яго трэба сказаць».

Суразмоўца не лічыць, што ўдзел у рэферэндуме аўтаматычна азначае легімітызацыю ўладаў, але разумее тых, хто хацеў бы яго байкатаваць цалкам.

«Я разумею маральную пазіцыю тых людзей, якія заклікаюць да байкоту: яны не хочуць увязвацца ў штосьці загадзя бруднае і несумленнае. Але адзначу важную рэч: у сусветнай гісторыі не было прыкладаў, калі б байкот да чагосьці прыводзіў.

Акрамя таго, беларуская практыка паказвае: прыйдзеце вы на ўчастак ці не — няважна, ваш бюлетэнь і без вас знойдзе дарогу ў скрыню для галасавання. У гэтым сэнсе лепш прыйсці і выказаць свой пратэст несапраўдным бюлетэнем — так вы хаця б паўдзельнічаеце ў працэсе, прадэманструеце сваё меркаванне чальцам камісіі. І галоўнае, што гэта дзеянне ў межах закона. Гэта бяспечны спосаб выказаць сваё «не».

Для таго, каб рэферэндум адбыўся, трэба каб у ім узялі ўдзел больш за 50% выбаршчыкаў, унесеных у спісы. Аляксандр Шлык мяркуе, што як мінімум палова сённяшніх выбаршчыкаў жадае дэмакратыі і перамен, і, калі яны прыйдуць на ўчасткі і прагаласуюць сапсаванымі бюлетэнямі, немагчыма будзе «пераважыць» іх колькасцю людзей з альтэрнатыўным меркаваннем.

Іншая справа, канечне, як усё гэта пасля будзе падлічана. Плануецца, што сапраўдную сітуацыю зноў дапаможа адсочваць платформа «Голас».

«У камісіях ёсць людзі, якія ўжо цяпер пачынаюць скардзіцца: «Нас заганяюць!». І такім я б раіў ісці і заставацца там сумленнымі людзьмі: так у вас будзе яшчэ адна магчымасць паказаць народу сапраўдныя вынікі рэферэндуму на вашым участку.

Калі ж казаць простай мовай, то на сёння голас несапраўднага бюлетэня — гэта голас супраць абедзвюх опцый, якія нам не падабаюцца ў прынцыпе — ні опцыя новай Канстытуцыі, аб праекце якой дагэтуль нічога невядома, ні опцыя старой», — каментуе Аляксандр Шлык.

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

«Дзеянне лепшае за байкот»

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць рашэнне «псаваць» бюлетэні аптымальным сцэнарыем у сённяшняй палітычнай сітуацыі:

«Заклікаць да пратэстаў сёння нерэальна. Заклікаць да нейкіх акцый на выбарчым участку — таксама: гэта пагражае людзям пазбаўленнем свабоды. І прапанаванае апазіцыяй дзеянне лепшае за байкот. Іншая справа, што ўсё гэта ўсё роўна, на мой погляд, наўрад ці перашкодзіць Лукашэнку ісці па плане. Вынікі рэферэндуму будуць стандартна беларускія — каля 80% «за».

Сарваць рэферэндум ці выбары можна толькі тады, калі галасы лічаць. Але ў апазіцыі сёння стаіць іншая задача: захаваць пратэсны патэнцыял, які назапасіўся ў грамадстве і выбухнуў у 2020 годзе. Захаваць адчуванне большасці. Калі гэтая большасць зноў сябе праявіць, ніхто не ведае», — разважае Карбалевіч.

Раней у гісторыі Беларусі ўжо былі спробы ператварыць і выбары, і рэферэндум у «вотум недаверу» ўладам. Напрыклад, на выбарах 2006 года Зянон Пазняк заклікаў беларусаў забіраць афіцыйныя бюлетэні з сабой як будучы доказ фальсіфікацый.

Двума гадамі раней, на рэферэндуме 2004 года, з той жа мэтай прапанавалі разразаць паперку: адну палову кідаць у скрыню для галасавання, а другую аддаваць у штаб каардынатарам.

Але колькасць сапсаваных бюлетэняў тады была маленькай. Калі верыць афіцыйным дадзеным, агулам пасля рэспубліканскіх галасаванняў колькасць сапсаваных бюлетэняў не перавышала 1-2%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0