• Навіны
  • Вайна
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • Усяго патроху
  • Культура
бел / рус
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • Здарэнні
  • Свет
  • Спорт
  • Аўто
  • Меркаванні
  • Ад рэдакцыі
  • Вайна
Свет
Фота 7 з 15
26.11.2021 / 16:56

Ва Украіне абваліўся рэйтынг прэзідэнта. Гэта азначае канец эры Зяленскага?

Прэзідэнцкая кампанія 2019 года ва Украіне стала сапраўднай сенсацыяй. Украінцы абралі прэзідэнтам Уладзіміра Зяленскага — чалавека, які раней не займаўся палітыкай. Неўзабаве ўжо новаабраны прэзідэнт абвясціў аб датэрміновых парламенцкіх выбарах. І летам таго ж 2019-га ўкраінцы на хвалі татальнага абнаўлення ўлады далі небывалы крэдыт даверу і прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народа». Аднак шматлікія сацыялагічныя групы ва Украіне апошнім часам фіксуюць імклівае зніжэнне падтрымкі Уладзіміра Зяленскага з боку ўкраінцаў. Дайшло да таго, што ў некаторых апытаннях Зяленскі ўзначаліў антырэйтынг украінскіх палітыкаў. Апусцілася падтрымка не толькі прэзідэнта, але і ягонай палітычнай партыі «Слуга народа», якая цяпер фарміруе ва ўкраінскім парламенце аднаасобную большасць. А паводле аднаго з апытанняў, Зяленскі ў патэнцыйным другім туры можа нават прайграць аднаму з канкурэнтаў. У чым прычына такога падзення падтрымкі ўкраінскага прэзідэнта, абранага з рэкордным вынікам на выбарах, і ці з’яўляецца такое істотнае зніжэнне рэйтынгаў канцом эры Зяленскага?

Як мянялася падтрымка Зяленскага?

У першым туры на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне, якія адбыліся 31 сакавіка 2019 года, за Зяленскага прагаласавалі 30,24% выбаршчыкаў, за яго апанента Парашэнку — 15,95%. У другім туры, які адбыўся 21 красавіка, за Зяленскага прагаласавалі 73,22% украінцаў, за Парашэнку — 24,45%. Падтрымка Зяленскага тады стала рэкорднай за ўсю гісторыю выбараў украінскага прэзідэнта.

Упершыню ў новым украінскім парламенце на датэрміновых выбарах была сфарміравана так званая «монабольшасць» — кааліцыя, якая складалася толькі з адной фракцыі. Здавалася б, шлях да рэформаў адкрыты, уся паўната ўлады належала адзінай камандзе.

Сёння Зяленскі не настолькі ўражвае сваімі вынікамі, хаця і працягвае лідзіраваць у рэйтынгах.

11 лістапада сацыялагічная група «Рэйтынг» апублікавала вынікі свайго апытання. Калі б выбары кіраўніка Украіны адбыліся ў найбліжэйшы час, Зяленскага падтрымалі б 21,8% украінцаў, якія маюць намер удзельнічаць у галасаванні і вызначыліся з выбарам. Другое месца заняў бы пяты прэзідэнт Украіны, лідар «Еўрапейскай салідарнасці» Пётр Парашэнка — у яго 14,5%.

Далей ідуць сустаршыня прарасійскай партыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё» Юрый Бойка (11%), папулістка Юлія Цімашэнка (10,8%), былы спікер Вярхоўнай Рады і экс-паплечнік Зяленскага — Дзмітрый Разумкоў (8,8%), лідар прарасійскай партыі «Нашы» Яўген Мураеў (6,4%), Ігар Смяшко (6,2%), а таксама былы прэм'ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман (5,7%). У той жа час 33% апытаных задаволеныя дзейнасцю Зяленскага, а 65% — не задаволеныя.

Паглядзіце, як выглядае графік, дзе назіраецца падзенне рэйтынгу Зяленскага.

Паводле гэтага самага апытання, імкліва падае і падтрымка прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народа», хаця яна і застаецца лідарам. Паводле апытання «Рэйтынгу», яе гатовыя падтрымаць 17,3% апытаных, якія вызначыліся з выбарам і збіраюцца ісці на выбары.

  • «Слуга народа» — 17,3%
  • «Еўрапейская салідарнасць» — 14,0%
  • «Батьківщина» — 12,2%
  • «Апазіцыйная платформа — За жыццё» — 11,0%
  • Гіпатэтычная партыя Дзмітрыя Разумкова — 6,8% (такой яшчэ не існуе)
  • «Сіла і гонар» (лідар Ігар Смяшко) — 5,8%
  • «Украінская стратэгія» экс-прэм’ера Гройсмана — 5,2%
  • «Нашы» Яўгена Мураева — 4,9%
  • Радыкальная партыя — 4,8%
  • «Свабода» — 3,3%
  • Партыя Шарыя — 3,2%
  • «Удар Віталя Клічко» — 3,1%
  • «За будучыню» (лідар Ігар Паліца) — 2,1%
  • «Самопоміч» — 1,7%
  • «Голос» — 1,4%
  • «Наш край» — 1,1%.

Падобныя вынікі паказвае і апытанне сацыялагічнага цэнтра SOCIS, апублікаванае 9 лістапада.

Паводле гэтага апытання, за Зяленскага прагаласавала б на выбарах 18,6% украінцаў.

Другое месца займае пяты прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка — яго мае намер падтрымаць 12,6% апытаных.

Далей ідуць сустаршыня «Апазіцыйнай платформы — За жыццё» Юрый Бойка (8,2%) і Юлія Цімашэнка (7,8%).

Астатнія палітыкі набіраюць менш за 5% галасоў. 

Паводле апытання гэтага ж цэнтра SOCIS, праведзенага з 29 кастрычніка да 4 лістапада, Зяленскі мае найбольшы антырэйтынг сярод украінскіх палітыкаў.

Паводле звестак SOCIS, за яго ні пры якіх абставінах не прагаласуюць 29,3%. На другім месцы — Пятро Парашэнка з 28,8% антырэйтынгу, на трэцім месцы антырэйтынгу — Юрый Бойка з 25,3%.

Зяленскі ўзначаліў антырэйтынг украінскіх палітыкаў і ў апытанні Цэнтра Разумкова, апублікаваным 1 лістапада. 31,9% украінцаў ні пры якіх абставінах не прагаласуюць за яго на наступных выбарах.

Даныя апытання сведчаць, што сярод кандыдатаў на пост прэзідэнта Украіны, за якіх не будуць галасаваць ні пры якіх абставінах, рэспандэнты таксама называлі Пятра Парашэнку (31,6%), Віктара Медзведчука (24,7%), Юрыя Бойку (24,0%), Алега Ляшко (15,0%), Юлію Цімашэнка (13,8%), Алега Цягнібока (11,0%).

Астатніх кандыдатаў назвалі менш за 10% апытаных.

56,6% супраць таго, каб Уладзімір Зяленскі балатаваўся на другі тэрмін. Толькі 25,8% падтрымліваюць такое рашэнне. 8,9% лічаць, што да наступных выбараў яшчэ шмат часу, столькі ж (8,8%) адмовіліся ад адказу.

У другім туры разрыў паміж Уладзімірам Зяленскім і Пятром Парашэнкам у патэнцыйным другім туры ў параўнанні з выбарамі у 2019 годзе скараціўся з 49% да 8%. За Зяленскага гатовыя прагаласаваць 53,9% тых, хто вызначыўся і пойдзе галасаваць. За Пятра Парашэнку 46,1%.

У той самы час палітычны эксперт Аляксей Рагавік, кіраўнік аналітычнага цэнтра Free Voice ў каментары для «Нашай Нівы» ставіць пад сумнеў даныя апытання Цэнтра Разумкова.

«У мяне выклікаюць сумневы даныя, якія былі апублікаваныя Цэнтрам Разумкова, таму што яны кардынальна адрозніваюцца ад усіх папярэдніх даных. Напрыклад, апошнім сацапытаннем групы «Рэйтынг» не пацвярджаюцца тэндэнцыі рэйтынгаў і ўзроўні даверу да ўкраінскіх палітыкаў з іншых апытанняў. Тут варта ўлічваць выбарку рэспандэнтаў, правядзенне апытання ўжывую або шляхам тэлефонных званкоў, гэта значыць, што можа быць метадалагічная хібнасць», — кажа эксперт.

У апытанні групы «Рэйтынг» за 2 лістапада, на якое спасылаецца спадар Рагавік, самы вялікі антырэйтынг у Пятра Парашэнкі.

Кіраўніку дзяржавы Зяленскаму давярае 39% апытаных. У той жа час 59% рэспандэнтаў сказалі, што яму не давяраюць.

На другім месцы рэйтынгу Юлія Цімашэнка, якой давяраюць 26% апытаных, а 72% — не.

Пятаму прэзідэнту Украіны і лідару «Еўрапейскай салідарнасці» Пятру Парашэнку давяраюць 25% украінцаў, не давяраюць — 73% (гэта антырэкорд). Юрыю Бойку — 24% і 57% адпаведна, у той жа час 16% апытаных не ведаюць яго.

У чым жа прычына падзення рэйтынгаў Зяленскага за апошні час?

Само па сабе падзенне рэйтынгаў украінскіх прэзідэнтаў пасля абрання не з’яўляецца чымсьці новым ці незвычайным. Яно назіралася амаль ва ўсіх прэзідэнтаў. Адзіным выключэннем быў хіба што Віктар Януковіч, чацвёрты ўкраінскі прэзідэнт, рэйтынг якога трымаўся адносна стабільным да пачатку Майдана — канца 2013 года.

Але былі і аб’ектыўныя прычыны, праз якія Зяленскі страціў значную частку падтрымкі.

«За апошнія месяцы прэзідэнт Зяленскі і яго каманда трапілі ў шэраг скандалаў. Гаворка, перш за ўсё, пра фігураванне прэзідэнта і яго атачэння ў афшорным скандале Pandora Papers. Таксама былі міні-скандалы, якія былі звязаныя з рэзананснымі заявамі і дзеяннямі асобных дэпутатаў «Слугі народа», — каментуе «Нашай Ніве» Аляксей Рагавік.

У выніку скандалу Pandora Papers стала вядома, што Зяленскі і ягоныя бізнэс-партнёры валодалі афшорнымі рахункамі за мяжой. У пачатку кастрычніка ўкраінскія журналісты апублікавалі фільм-расследаванне, заснаваны на глабальнай уцечцы дакументаў Pandora Papers. Афшорныя фірмы Уладзіміра Зяленскага і яго каманды з 2012 года атрымалі 40 млн даляраў ад кампаній, звязаных з алігархам Ігарам Каламойскім. У офісе прэзідэнта пазней заявілі, што Уладзімір Зяленскі як прэзідэнт бездакорна выконвае ўсе антыкарупцыйныя нормы заканадаўства, а афшорныя схемы бізнэсу былі звязаны з «асаблівасцямі рынку» старых часоў.

Адзін са скандалаў, які падкасіў рэйтынг Зяленскага, — так званы «Вагнергейт». Нагадаем, гаворка ідзе пра сарваную спецаперацыю ўкраінскіх спецслужбаў па затрыманні расійскіх баевікоў з прыватнай кампаніі Вагнера. Апублікаваная журналістамі інфармацыя аб пераносе і зрыве спецаперацыі прывяла да шырокага рэзанансу ва Украіне. Крытыцы за зрыў аперацыі падвергліся Зяленскі і кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.

Цікава, што спачатку прэзідэнт Украіны адмаўляў сам факт існавання спецаперацыі, пазней Зяленскі прызнаў існаванне такой аперацыі, але абвінаваціў іншыя краіны ў тым, што Украіну ўцягвалі ў гэтую аперацыю.

Крытыкі Зяленскага мяркуюць, што ягоная каманда (ці ён сам) маглі адкласці ці сабатаваць раней распрацаваную спецаперацыю, каб не злаваць дзёрзкай аперацыяй расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, з якім тады Зяленскі яшчэ спрабаваў усталяваць кантакт і дамагчыся міру на Данбасе.

Наступнай праблемай можна назваць цяжкую сітуацыю з каранавірусам. Нягледзячы на тое, што ўкраінцам цяпер даступныя якасныя заходнія вакцыны, на першапачатковым этапе пандэміі дзяржава не заняла жорсткай пазіцыі і цалкам праваліла вакцынацыю. Затрымка, няўдалая інфармацыйная кампанія і нізкі агульны ўзровень праінфармаванасці насельніцтва прывялі да таго, што Украіна цяпер сярод лідараў па дзённай смяротнасці, а таксама антылідар па колькасці вакцынаваных у Еўропе. Яшчэ больш рэйтынг дабівае той факт, што ў пачатку пандэміі грошы з дзяржаўнага кавіднага фонду былі выкарыстаныя не на ахову здароўя, а на будаўніцтва дарог. Крытыкі мяркуюць, што такім чынам Зяленскі паставіў пад пагрозу жыццё і здароўе людзей дзеля рэалізацыі свайго іміджавага праекта «Вялікае будаўніцтва».

Але з часам украінская дзяржава заняла адэкватную пазіцыю адносна вакцынацыі і каранцінных абмежаванняў. Праз гэта адбыўся адток часткі антывакцынатараў з падтрымкі Зяленскага.

«Апытанні паказваюць, што 36% выбаршчыкаў «Слугі народа» выступаюць супраць вакцынацыі, а таму, відавочна, пазіцыя ўладаў па стымуляванні вакцынацыі абмежаваннямі ў частцы кавід-сертыфікатаў і адхіленне непрышчэпленых супрацоўнікаў ад працы негатыўна ўплывае на электаральныя пазіцыі Зяленскага і «Слугі народа», — кажа Аляксей Рагавік.

«Таксама рэйтынгі зніжаюцца на фоне чакання пагаршэння эканамічнай сітуацыі. Зразумела, што пандэмія негатыўна ўплывае на эканоміку. Таксама з прычыны энергетычных правакацый Крамля ва Украіне нарастаюць энергетычныя рызыкі, павышэнне тарыфаў негатыўна ўплывае на электаральныя паказчыкі», — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтра Free Voice.

Украіна сутыкнулася з беспрэцэдэнтнымі праблемамі ў энергетычным сектары. Зяленскі як палітык заўсёды выступаў за даступныя для насельніцтва тарыфы на газ і ацяпленне, часам нават дырэктыўна змяншаў на іх цэны. Але ва ўмовах сёлетняга глабальнага энергетычнага крызісу, нявызначанасці з транзітам расійскага газу праз Украіну, дабудовай «Паўночнага патоку — 2», крытычна нізкімі запасамі вугалю на ўкраінскіх станцыях, тэхнічнага зносу ўкраінскіх АЭС, касмічных цэн на газ і ціску Расіі ў выглядзе небывалай канцэнтрацыі расійскіх войскаў на мяжы з Украінай, гэта зіма можа стаць надзвычайна цяжкай для ўкраінскай дзяржавы.

Яшчэ адной праблемай стала не самая ўдалая кадравая палітыка і адсутнасць канкрэтнай ідэалогіі ў прэзідэнцкім атачэнні. У пачатку 2019-га Уладзімір Зяленскі заклікаў украінцаў далучацца да яго каманды. «Я іду. Пойдзем са мной, зробім гэта разам», — казаў ён у адным з відэазваротаў. На гэты заклік адгукнуліся сотні тысяч украінцаў. У выбарчы офіс пачалі прыходзіць розныя эксперты і рэфарматары. Аднак з часам знакавыя фігуры каманды Зяленскага пачалі адна за адной адпадаць. За 2,5 года змяніліся чыноўнікі на ключавых уладных месцах, пачынаючы з кіраўніка Офіса прэзідэнта і заканчваючы Кабінетам міністраў і праваахоўнымі органамі.

«Дзмітрый Разумкоў. Трошачкі прыгажэйшы за мяне… Аляксандр Данілюк. Аляксандр быў міністрам. Гэта адзіны мінус. Руслан Рабашапка. Праваахоўная сістэма», — распавядаў Зяленскі аб сваіх палітычных саюзніках у пачатку свайго тэрміну. Гэта, як і кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Богдан, быў асноўны касцяк каманды Зяленскага. Але ўсе яны былі адкінутыя з абоймы ў першыя ж гады. 

Былі і кур’ёзныя моманты. У 2020 годзе адзін з дэпутатаў партыі Зяленскага Геа Лерос апублікаваў стужкі, на якіх брат кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Ярмака Дзяніс гандлюе дзяржаўнымі пасадамі за грошы. Пазней Лерос выступіў з трыбуны Вярхоўнай Рады і раскрытыкаваў Зяленскага, абвінаваціўшы яго ў «зліцці са старой сістэмай», кумаўстве і «здачы краіны ў арэнду алігархам». Дэпутаты сабралі подпісы і выключылі Лероса са складу фракцыі. А нядаўна Лерос паказаў з трыбуны Рады непрыстойны жэст Зяленскаму, за што супраць яго распачалі справу.

У Зяленскага была каманда пад выбары, але не каманда для дзяржаўнага ўпраўлення. Дрэнная кадравая палітыка загубіла папярэднікаў Зяленскага. Зяленскі ў пачатку кар’еры спрабаваў змяніць падыходы да фарміравання дзяржаўнай улады, але пасля першых няўдалых спроб з новымі падыходамі і кадрамі вярнуўся да старой практыкі — набіраць і прасоўваць асабіста адданых.

Да якасці дэпутатаў Рады з прапрэзідэнцкай партыі таксама ўзнікаюць пытанні. Усё з-за таго, што фарміраванне спіса будучых дэпутатаў рабілася ў апошнія пару тыдняў перад дэдлайнам. Набіралі людзей з зусім супрацьлеглымі поглядамі, жаданнямі і ўплывамі. Замест прапрэзідэнцкай партыі большасці Зяленскі атрымаў разрозненую фракцыю з рознымі групамі ўплыву і інтарэсамі. Пачаліся цэнтрабежныя працэсы. Дзясяткі дэпутатаў Рады фармальна з’яўляюцца членамі фракцыі «Слуга народа», але дэ-факта працуюць у апазіцыі да Зяленскага.

Каманда Зяленскага, калі ішла на выбары, не мела адзінай ідэалагічнай і каштоўнаснай базы. На першым этапе гэта дапамагала «сшыць» краіну і атрымаць высокія рэйтынгі як на ўсходзе, так і на захадзе Украіны. Але гэта прывяло да таго, што ў камандзе Зяленскага з самага пачатку было супрацьстаянне паміж прарасійскай і празаходняй групай. Беларусы, напэўна, памятаюць дэпутата Рады ад партыі Зяленскага Яўгена Шаўчэнку, які ездзіў увесь час да Лукашэнкі. Такія, як Шаўчэнка, былі прадстаўнікамі прарасійскага крыла «Слугі народа». У выніку празаходняе крыло перамагло. Рыторыка Зяленскага з часам стала больш праўкраінскай, празаходняй і правай. Гэта непазбежна прывяло да таго, што ад Зяленскага адкалолася значная частка прарасійскага электарату. 

Эксперт называе яшчэ адну прычыну падзення рэйтынгаў Зяленскага:

«Адток часткі электарату Зяленскага да экс-спікера Дзмітрыя Разумкова пасля яго звальнення. Пасля звальнення прэзідэнцкі рэйтынг Разумкова вырас амаль на 4%, і тут ёсць прамая залежнасць у кантэксце змяненняў рэйтынгаў», — кажа Аляксей Рагавік.

Умоўных «рэфарматараў» пачалі звальняць з пасад у 2020-м годзе, але фінальным штрыхом стала нядаўняя адстаўка спікера Рады Дзмітрыя Разумкова — апошняга публічна папулярнага члена першай каманды Зяленскага. Тым самым Разумкоў ператварыўся з члена каманды Зяленскага ў самастойную палітычную фігуру. Ён ужо фігуруе ў рэйтынгах сацыёлагаў як патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта. Ужо цяпер яго няствораная яшчэ партыя без праблем бы трапіла ў Раду. Разумкоў прызнаваўся, што даволі даўно не кантактаваў з Зяленскім. «Адносна таго, каб падысці да яго, то сёння такая колькасць аховы, што не заўсёды вам атрымаецца падысці да прэзідэнта. Я думаю, што гэта занадта», — гаварыў ён.

Дзмітрый Разумкоў

Па словах экс-спікера парламента, пасля прыходу ў вялікія кабінеты вельмі многія яго калегі страцілі сувязь з рэальнасцю і з тымі праблемамі, якія сапраўды турбуюць людзей.

Канкурэнцыя з боку Разумкова для Зяленскага нашмат больш небяспечная, чым з боку іншых палітыкаў-канкурэнтаў, таму што Зяленскі і Разумкоў выйшлі з адной каманды і іграюць на адным электаральным полі. Разумкоў пазіцыянуе сябе як «сапраўднага слугу народа» ў адрозненне ад несапраўднага «слугі» Зяленскага, які, нібыта, адарваўся ад першапачатковых ідэй і расчараваў сваіх выбарцаў.

Разумкоў стварыў у парламенце нават сваё міжфракцыйнае дэпутацкае аб'яднанне «Разумная палітыка».

Усё гэта робіць Разумкова патэнцыйным супернікам Зяленскага на наступных выбарах прэзідэнта. Сітуацыя з рэйтынгамі Разумкова трохі парадаксальная. З аднаго боку, Разумкоў зараз не ўваходзіць у топ-3 кандыдатаў у рэйтынгах на першы тур выбараў, цяпер ён наўрад ці б выйшаў у другі тур выбараў. З іншага боку, Разумкоў адзіны, хто зараз мог бы перамагчы Зяленскага ў другім туры (вядома, калі б у яго выйшаў). Іншыя палітыкі (Парашэнка, Бойка, Цімашэнка і гэтак далей) прайгралі б Зяленскаму ў другім туры, хаця іхнія рэйтынгі і вышэйшыя, чым у Разумкова. Гэты парадокс тлумачыцца тым, што Разумкоў і Зяленскі іграюць на адным электаральным полі і Разумкову перацякаюць галасы выбарцаў, расчараваных у Зяленскім.

Пра тое, што Разумкоў мог бы ў другім туры перамагчы Зяленскага, сведчаць вынікі апытання сацыялагічнай службы Цэнтра Разумкова, праведзенага з 11 па 17 лістапада. Цэнтр Разумкова — уплывовы аналітычны цэнтр, створаны бацькам Дзмітрыя Разумкова Аляксандрам Разумковым у 1990-я гады, але сам Дзмітрый Разумкоў, нягледзячы на прозвішча, не мае ніякага ўплыву на аналітычную арганізацыю.

Сёння можна канстатаваць, што ўжо сфарміравалася дастаткова вялікая кааліцыя супраць Зяленскага пры падтрымцы некаторых алігархаў. Прычым большасць прадстаўнікоў гэтай кааліцыі яшчэ не так даўно непасрэдна ці ўскосна падтрымлівала Зяленскага. Адным з іх з’яўляецца экс-кіраўнік МУС Арсен Авакаў. 

Арсен Авакаў

Некалькі месяцаў пасля адстаўкі Авакаў маўчаў, але потым выйшаў у публічную плоскасць з крытыкай прэзідэнта. Цішыню абарвала яго гучнае з'яўленне ў эфіры тэлебачання, дзе ён жорстка раскрытыкаваў прэзідэнта, парламент і Раду бяспекі, на якую абапіраецца Зяленскі ў прыняцці гучных санкцыйных рашэнняў. Пад канец рэзананснага інтэрв'ю Авакаў, адказваючы на пытанне адносна сваёй палітычнай будучыні, згадаў пра Дзмітрыя Разумкова, Юлію Цімашэнка, Арсенія Яцанюка, Уладзіміра Гройсмана, Алега Ляшко. Гэта можна лічыць абрысам новай антыпрэзідэнцкай кааліцыі.

Адвярнуліся ад Зяленскага не толькі многія палітыкі, але і шоўмены. Украінскі журналіст Дзмітрый Гардон раней падтрымліваў Зяленскага, а цяпер лічыць, што палітычная кар'ера прэзідэнта Зяленскага дэ-факта скончылася.

«Ён для мяне памёр, няма яго больш. Правіць Зяленскі два з паловай года. Далей — пачатак канца. Усё, што адбылося з «вагнераўцамі», свабодай слова, з хлуснёй бясконцай, карупцыяй, якой ён не паклаў канец, з рэформамі, з якіх ніводная не зробленая», — адзначыў Гардон.

Раней украінскі доктар-педыятр і тэлевядучы Яўген Камароўскі, які актыўна падтрымліваў Зяленскага, у гутарцы з Дзмітрыем Гардонам заявіў, што выбаршчыкі, якія падтрымалі Уладзіміра Зяленскага на прэзідэнцкіх выбарах, «лахануліся».

«Мы з табой лахануліся, і 73% [выбаршчыкаў, якія падтрымалі Зяленскага] гэтак жа лахануліся. Таму што нам было важна, каб гэта не была каманда Парашэнкі. Мы лохі. Рэальныя», — сказаў ён.

Камароўскі назваў памылкай сваю падтрымку Зяленскага падчас выбараў 2019 года.

Гардон і Камароўскі вельмі папулярныя медыйныя персанажы, якія маюць мільёны падпісантаў у інстаграме і ютубе, і яны разам могуць без праблем абваліць рэйтынг Зяленскага і раскруціць свайго кандыдата.

Новая ўкраінская апазіцыя ў сваёй крытыцы Зяленскага абапіраецца на медыйную падтрымку алігарха Рыната Ахметава. Алігархічныя тэлеканалы пачалі штучна тапіць рэйтынг Зяленскага. Штодзённай крытыкай у сваіх навінах і ток-шоу, запрашэннем у праграмы апазіцыйных да Зяленскага палітыкаў, якіх туды раней проста не пускалі. Не так даўно пры ініцыятыве Зяленскага быў прыняты антыалігархічны закон, які, у прыватнасці, абмяжоўвае ўплыў алігархаў на медыйную сферу. Таму замест нейтралітэту да Зяленскага з боку алігархаў пачалася крытыка. Такім чынам алігархі намякнулі прэзідэнту, маўляў, пойдзеш на нас вайной — мы твой рэйтынг імгненна абвалім. 

Адносіны паміж Зяленскім і алігархам Рынатам Ахметавым пачалі псавацца пасля звальнення спікера Рады Разумкова і змены манеры камунікацый прадстаўнікоў офіса Зяленскага з Ахметавым і ягонымі людзьмі. Ахметаву не падабаецца манера Офіса прэзідэнта ўсё браць пад свой кантроль.

Рынат Ахметаў

Медыйная каманда алігарха актыўна стварае праекцыю ўжо на наступны парламент. Яна піярыць як «былых» палітыкаў (экс-прэм'ераў Арсенія Яцанюка і Уладзіміра Гройсмана, Алега Ляшко і інш.), так і новыя твары на папулістычным усходнім рускамоўным электаральным полі Зяленскага (Гардон, Камароўскі і іншыя).

Атрымлівае медыйную падтрымку ад Ахметава і Разумкоў, які, дарэчы, у свой час не падтрымаў антыалігархічны закон. 

Але ці можна казаць, што пазіцыі Зяленскага цалкам падарваныя і ён з’яўляецца кульгавай качкай? Палітычны эксперт Аляксей Рагавік так не думае.

«Зяленскі застаецца палітыкам з самым высокім прэзідэнцкім рэйтынгам і найлепшымі перспектывамі на другі прэзідэнцкі тэрмін. Ці будзе яго феномен працягвацца, залежыць ад таго, ці зменіцца фокус яго палітыкі да больш рэальных, а не піярных крокаў. А таксама ці будзе сур'ёзны разварот у бок выканання перадвыбарнай праграмы, пераадолення актуальных дзяржаўных выклікаў. Гаворка аб выкліках вайны і міжнароднай палітыкі, COVID-19 і вакцынацыі, энергетыкі і тарыфаў, рэформаў, падаткаў, карупцыі, кадраў.

Пакуль што Зяленскаму рэальна апанаваць можа альбо выхадзец з яго ўласнай каманды, напрыклад, той самы Разумкоў. Або палітычная фігура, якая зойме электаральнае месца Парашэнкі, якое ён не гатовы пакуль што звальняць. Зразумела, што пад парламенцкія выбары 2023 года і прэзідэнцкія выбары будуць узнікаць новыя або старыя раскручаныя праекты ці палітыкі», — каментуе Аляксей Рагавік.

Але як Зяленскаму ўдавалася так доўга (па ўкраінскіх мерках) трымацца з такім высокім узроўні падтрымкі?

«Пазіцыі Зяленскага застаюцца высокімі. У жніўні — верасні яго рэйтынг зноў вяртаўся да пазіцый першага тура прэзідэнцкіх выбараў 2019 года. Нават пасля падзення на 6% у верасні — кастрычніку ў яго застаецца самы высокі прэзідэнцкі рэйтынг сярод усіх украінскіх палітыкаў з адрывам у 11% ад найбліжэйшага апанента, экс-прэзідэнта Пятра Парашэнкі», — кажа эксперт.

«Рэйтынг Зяленскага за 2 гады вельмі мяняўся. Спачатку ён рос і ўтрымліваўся, таму што каманда Зяленскага працавала як выбарча-тэхнічны штаб. Ён быў, як я яго называю, прэзідэнтам-сацыялогіяй, то-бок рабіў тое, што папулярна і пажадана ў грамадстве паводле сацыялагічных апытанняў. Таксама Зяленскі падабаўся за кошт дэманстрацыі «іншасці», адрознення ад традыцыйных палітыкаў у каштоўнасцях, паводзінах, учынках, адкрытасці і чалавекацэнтрычнасці ўлады, правядзення рэкорднага СМІ-марафону.

Ён нечакана распускаў парламент, адпраўляў на сметнік гісторыі старых палітыкаў і чыноўнікаў, адкрываліся крымінальныя справы на карупцыянераў. Таксама ў парламенце панаваў так званы «турбарэжым», калі прымаліся рашэнні, што не магла прыняць ні адна ўкраінская ўлада шмат гадоў да таго, напрыклад аб адмене дэпутацкай недатыкальнасці, «кнопкадаўства» ў парламенце (галасаванне дэпутатамі за сваіх адсутных калег — заўв. Рэд.). Была зробленая выбарчая рэформа з адкрытымі спісамі. Гэта выклікала станоўчыя ацэнкі большасці ўкраінцаў. Шмат актыўных і паспяховых крокаў было ў адносінах з заходнімі партнёрамі, асабліва апошні візіт у ЗША і саміт з ЕС. Таксама вялікі эфект мела грандыёзнае святкаванне Дня Незалежнасці Украіны, ініцыятыва правядзення Крымскай платформы па дэакупацыі Крыма.

Таксама Зяленскі быў вельмі актыўны ў спробах мірнага ўрэгулявання на Данбасе, выступаў з многімі ініцыятывамі ў розных міжнародных фарматах, былі вялікія абмены палоннымі, істотнае памяншэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў на Данбасе, ён прасоўваў ідэалогію на аб'яднанне нацыі, чым заручыўся падтрымкай прарасійскага электарату. З часам ён пачаў моцна ўхіляцца ў бок праўкраінскага электарату і губляць пазіцыі ва ўсходніх абласцях.

Тады чарговы рост рэйтынгаў адбыўся з-за закрыцця прарасійскай медыяімперыі кума Пуціна Віктара Медзведчука, увядзення Радай бяспекі санкцый супраць Медзведчука і яго паплечнікаў, у цэлым пачаўся сур'ёзны палітычны наступ на прарасійскія СМІ, палітыкаў і іх кішэнныя структуры. Таксама Рада бяспекі пачала сістэмна ўводзіць санкцыі супраць кантрабандыстаў, фігурантаў іншых патэнцыйных парушэнняў закона, а таксама алігархаў. «Вішанькай на торце» гэтага курсу стала прыняцце першага ў свеце закона супраць уплыву алігархаў», — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтра.

«Здаецца, што прарасійскі электарат для Зяленскага канчаткова страчаны. Таму, хутчэй за ўсё, у камандзе Зяленскага будзе спроба працягваць новы курс на адначасовае атрыманне палітычнай падтрымкі празаходняга, цэнтрысцкага і часткова папулісцкага электарату. Зяленскі адназначна стаў больш «правым», патрыятычным, мілітарным і прыхільнікам супраціву расійскаму агрэсару і акупанту», — дадае Аляксей Рагавік.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна? Пішы ў наш Тэлеграм

Чытайце яшчэ
Віктара Орбана пераабралі на пасаду прэм'ер-міністра Венгрыі
Швецыя афіцыйна заявіла, што падае заяўку ў НАТА
Пашынян раскрытыкаваў АДКБ за дзеянні падчас вайны Арменіі з Азербайджанам
680 даляраў за тыдзень, або Як я збіраў клубніцы ў Англіі
Палітыка і грамадства
ГУБАЗіК: З пачатку года за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі затрымалі 237 чалавек
Віктара Орбана пераабралі на пасаду прэм'ер-міністра Венгрыі
У кнігарню «Кнігаўка» прыйшлі з ператрусам
Былы спецназавец. Кім быў ротны «Волат» з батальёна Каліноўскага
Сыну бізнэсоўца Вайцяховіча далі два гады калоніі за пратэсты
Расія і Беларусь будуць пазбаўленыя права трансляваць Алімпійскія гульні — 2026 і 2028 гадоў. БТ ужо гатовае да пірацтва
Дуброва мары. Віктар Малышчыц апублікаваў чароўныя ФОТЫ
Усяго патроху
Пяць прадуктаў, якія дапамагаюць скуры абмалоджвацца
Рэцэпт на выхадныя. Англійскія аладкі піклеты — новы варыянт смачнага сняданка
Завяжыце ў садзе жоўтую стужку. Гэта дапаможа вам пазбавіцца ад сур’ёзнай праблемы
Дранікам надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Дзіўная і шчаслівая гісторыя ката з Бучы, якога знайшлі ў Беларусі і вярнулі ўкраінскай гаспадыні ў Чэхію
Рэцэпт на выхадныя. Мясны хлеб — незвычайная страва, а лёгка гатуецца
«Дай нам унука ці 650 тысяч даляраў». У Індыі бацькі падалі ў суд на сына па незвычайнай прычыне
Спорт
Леа Месі супраць ЛеБрона, толькі дзве жанчыны на сотню мільянераў, крыкет ды гольф — шлях азалаціцца. Што адкрыў спіс самых заможных спартсменаў свету?
Нягледзячы на байкот краіны-агрэсара, беларус згуляе на хакейным ЧС. Хто такі Аляксандр Карачун?
Гульцы «Шахцёра» і «Дынама» пабіліся на полі пасля матча, а БАТЭ ўпершыню ў сезоне не забіў. Чым запомніўся восьмы тур Вышэйшай лігі па футболе?
Беларускія спартоўцы разам выступілі супраць вайны. Хто падпісаў зварот?
Беларускі футбаліст набыў Nissan X-Trail для патрэб украінскай арміі
Нарвежскі футбольны вундэркінд едзе разрываць Англію. Хто такі Эрлінг Холанд?
Зборная Украіны па футболе прэзентавала адмысловую форму для таварыскіх матчаў ФОТАФАКТ
Здарэнні
У Мазыры пільны таксіст дапамог раскрыць забойства
«Стала сумна» — паведаміў пра тэракт
У Пружанскім раёне знайшлі пяць загінулых зуброў
У Расіі чарговы ваенкамат закідалі «кактэйлямі Молатава»
«Зеркало»: Падчас праверкі сіл рэагавання пацярпелі двое вайскоўцаў. У Мінабароны абвяргаюць
У Салігорску паваленымі дрэвамі прыціснула машыну з рабочымі, адзін мужчына загінуў
Мінскі таксіст узяў з жанчыны 40 рублёў замест дзясяткі. Цяпер яго шукае падатковая
Карысная інфа
У заходніх раёнах краіны будзе моцны вецер
Будзьце асцярожныя: сёння навальніцы і вятрыска
У ноч на пятніцу чакаюцца замаразкі 
На сераду прагназуюць моцныя дажджы
Здароўе
Як змагацца з храпам? Пяць спосабаў
Эпідэмія COVID-19 сыходзіць назаўсёды? Можна выдыхнуць ці рана расслабляцца? Спыталі ў медыкаў
Як часта трэба мяняць прасціну? Эксперты кажуць, што ад гэтага залежыць ваша здароўе
Гэтае рэчыва дакладна ёсць у вас дома. Але наўрад ці вы ведалі, наколькі яно каштоўнае
Мова
«Беларускую мову не трэба рабіць сэксі — яна ўжо такая». Парады ад тых, хто пачаў размаўляць па-беларуску 
Аляксей Дзікавіцкі: У БССР палешукі былі людзьмі трэцяга гатунку
Аб’яўлены набор у «Акадэмію Ў», дзе навучаць абараняць беларускую мову
У Чэхіі выйшла кніга пра лексіку беларускіх гаворак Літвы 
Аўто
У Расіі замест Renault адродзяць вытворчасць «Масквічоў»
«Цэны нават у валюце выраслі да 30%». Што адбываецца з новымі аўтамабілямі ў Беларусі
«Ніхто не ведае, што адбудзецца, пакуль машына прыйдзе ў Беларусь». Якая сітуацыя ў аўтамабільным бізнэсе?
«Даляр лічым па 6 рублёў, а еўра па 6,5». Што адбываецца на рынку аўтазапчастак
Эканоміка
«Беларускі экспарт не ўпадзе ў нуль, але будуць істотныя страты». Эканаміст пра планы ўрада знайсці новыя рынкі збыту
У Беларусі прыдумалі, як атрымліваць больш грошай ад ІП. Расказваем, што хочуць змяніць на гэты раз
Зноў даражэе паліва, і зноў на 2 капейкі
Выраб сельгаспрадукцыі ўпаў на 1,7%
Меркаванні
Панкавец: Самыя важныя людзі, нікога і нічога важней за якіх сёння ў нас няма
Чалавек вярнуўся ў Мінск пасля двух месяцаў у Еўропе: Можна прымаць ванну і не баяцца за рахунак! Але: Каму ні патэлефануеш, адказ адзін: «П…ц!»
Цімафей Акудовіч: Сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах культуры
Ці паставіць Расія ядзерныя ракеты ў Беларусі ў адказ на ўступленне Фінляндыі ў НАТА? Ацэнка фінскага палітолага
Гісторыя
У новай кнізе пра Курапаты Якубовіча вінавацяць у подкупе Сяргеенкі
«На вайне не хварэлі доўга — альбо паміралі, альбо папраўляліся»
«Хтосьці павінен». У 18 гадоў ён трапіў у Асвенцім. У 24 гады — у камуністычную турму. Выжыў і стаў міністрам
Чэшскі Рай. Ад замка да замка: захапляльны маршрут для пешага падарожжа па славянскім паграніччы
Як мяняўся фармат і сэнс святкавання 9 Мая ў розныя гады — згадваем з гісторыкам Фрыдманам
«Гэта быў чалавек тыпу Хокінга, якога перспектыва рана памерці змусіла зразумець, наколькі ж жыццё вартае таго, каб яго пражыць». Кім быў і як жыў Мікола Ермаловіч
Беларусь у Вялікай Паўночнай вайне 1700-1721 гадах. Публічная лекцыя Міколы Волкава ВІДЭА
Культура
«Мне пагражалі фізічнай расправай». Скандал у музычнай сферы — што не падзялілі Таболіч і Lesley Knife?
Скандал вакол канцэрта памяці Аляксандра Кулінковіча
У Варшаве заснавалі беларускую творчую пляцоўку «ІнБелКульт 2.0»
«Укрпошта» выпусціць марку ў гонар Kalush Orchestra
Казкі ад Маляваныча, мульты і «Калыханка». Што паглядзець пра дзіцячым Ютуб-канале «Бэйбус» 
Фізіка па-беларуску — гэта рэальна! Запрашаем на семінар

Кіраваць Музеем Янкі Купалы паставілі чалавека з Музея Вялікай Айчыннай
Час распранацца. 10 разнастайных сукенак і лёгкіх касцюмаў ад беларускіх дызайнераў
Навука і тэхналогіі
Навукоўцы ўпершыню знялі чорную дзірку ў цэнтры нашай галактыкі
TikTok становіцца глабальнай сацсеткай нумар адзін. І гэта праблема
Беларускія праграмісты з дапамогай дапоўненай рэальнасці паказалі, як выглядаюць разбураныя расіянамі ўкраінскія гарады
«Цэзар»: Украіна атрымае партыю высокадакладных дальнабойных самаходак
У тым ліку практыкаванні. Беларусы стварылі мабільную праграму для вырашэння мужчынскіх праблем
Японцы прыдумалі палачкі для ежы, якія мяняюць яе смак і так прыносяць вялікую карысць здароўю
«єБайрактар». Як «дзяржава ў смартфоне» дапамагла ўкраінцам вытрымаць удар Расіі 
Каханне і сэкс
Саша Івулін стаў самым сэксуальным мужчынам Беларусі — 2022
Статыстыка: сем'і радзей распадаюцца ў тых парах, якія да шлюбу не жылі разам
«Мы разам. Мы дома». Хто такая Алена Зяленская — першая лэдзі Украіны
Топ-30 самых сэксуальных беларускіх мужчын ад «Нашай Нівы»
Самы сэксуальны беларус — 2022. Галасаванне
«Не трэба хавацца і хаваць». Дзмітрый Кахно адказаў тым, хто хэйціў гарачае фота
«Дзіма, чаму ў Рыме з Надзяй быў Слепакоў?» Кахно выклаў смелае фота са сваёй жонкай, аднак абмеркаванне выйшла нечаканым
Свет
Пашынян раскрытыкаваў АДКБ за дзеянні падчас вайны Арменіі з Азербайджанам
Віктара Орбана пераабралі на пасаду прэм'ер-міністра Венгрыі
680 даляраў за тыдзень, або Як я збіраў клубніцы ў Англіі
Швецыя афіцыйна заявіла, што падае заяўку ў НАТА
«Духоўныя скрэпы» па-туркменску. Забараняецца трымацца ў публічных месцах за рукі, а жанчынам наносіць макіяж
Харватыя пяройдзе на еўра
Швецыя і Фінляндыя вырашылі падаць заяўкі на членства ў НАТА
Галоўнае
Панкавец: Самыя важныя людзі, нікога і нічога важней за якіх сёння ў нас няма
«Беларускі экспарт не ўпадзе ў нуль, але будуць істотныя страты». Эканаміст пра планы ўрада знайсці новыя рынкі збыту
ГУБАЗіК: З пачатку года за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі затрымалі 237 чалавек
У кнігарню «Кнігаўка» прыйшлі з ператрусам
У Беларусі прыдумалі, як атрымліваць больш грошай ад ІП. Расказваем, што хочуць змяніць на гэты раз
«Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату». Капелан-беларус Яўген Орда расказаў, як перажыў расійскі палон
Сыну бізнэсоўца Вайцяховіча далі два гады калоніі за пратэсты
Усяго патроху
Былы спецназавец. Кім быў ротны «Волат» з батальёна Каліноўскага
Дуброва мары. Віктар Малышчыц апублікаваў чароўныя ФОТЫ
«Мне пагражалі фізічнай расправай». Скандал у музычнай сферы — што не падзялілі Таболіч і Lesley Knife?
Лукашысты абрынуліся на кнігарню за тое, што яна прадае кнігі на беларускай мове
Фота / Відэа
«За*ралі ўнітаз, разламалі мэблю». Пракоп'еў паказаў, як спецслужбы кашмараць яго маёмасць у Мінску
Эпідэмія COVID-19 сыходзіць назаўсёды? Можна выдыхнуць ці рана расслабляцца? Спыталі ў медыкаў
Апытанка
Самае чытанае
Лукашысты абрынуліся на кнігарню за тое, што яна прадае кнігі на беларускай мове
«За*ралі ўнітаз, разламалі мэблю». Пракоп'еў паказаў, як спецслужбы кашмараць яго маёмасць у Мінску
Загінуў камандзір роты батальёна Кастуся Каліноўскага
Калі эканоміка абваліцца, ці будуць пратэсты? Ёсць два варыянты развіцця падзей
Як часта трэба мяняць прасціну? Эксперты кажуць, што ад гэтага залежыць ваша здароўе
Самае лайканае
Чалавек вярнуўся ў Мінск пасля двух месяцаў у Еўропе: Можна прымаць ванну і не баяцца за рахунак! Але: Каму ні патэлефануеш, адказ адзін: «П…ц!»
Арастовіч: Абазначыліся прыкметы пералому на кірунку галоўнага ўдару
Калі эканоміка абваліцца, ці будуць пратэсты? Ёсць два варыянты развіцця падзей
Міністр абароны Украіны: Вайна ўваходзіць у новую фазу
Украіна перамагла на «Еўрабачанні», дзякуючы рэкорднай падтрымцы тэлегледачоў
Гарачыя тэмы
Загінуў камандзір роты батальёна Кастуся Каліноўскага
Калі эканоміка абваліцца, ці будуць пратэсты? Ёсць два варыянты развіцця падзей
Як часта трэба мяняць прасціну? Эксперты кажуць, што ад гэтага залежыць ваша здароўе
На Чарнігаўшчыне селянін, якога расстралялі і закапалі расіяне, выбраўся з магілы ВІДЭА
Чалавек вярнуўся ў Мінск пасля двух месяцаў у Еўропе: Можна прымаць ванну і не баяцца за рахунак! Але: Каму ні патэлефануеш, адказ адзін: «П…ц!»
Нацысты на дарагіх аўтамабілях, якія кідаюць на вуліцы смецце. Чаму лукашэнкаўцы дэманізуюць украінскіх бежанцаў
Украіна перамагла на «Еўрабачанні», дзякуючы рэкорднай падтрымцы тэлегледачоў
«Прычым так нахабна». Заснавальнік Байхелпа заўважыў за сабою сачэнне ў Вільні
Галоўны разведчык Украіны: Пуцін вельмі хворы, а вайна скончыцца да канца года
PDF версія
Каляндар
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пн аў ср чц пт сб нд
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31
Версія для смартфонаў
Навіны Вайна Эканоміка Грамадства Усяго патроху Культура Нашы партнёры
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • Здарэнні
  • Свет
  • Спорт
  • Аўто
  • Меркаванні
  • Ад рэдакцыі
  • Вайна
  • Тэсты
  • Здароўе
  • Нерухомасць
  • Моды
  • Ежа
  • Інтэрнэт і СМІ
  • Навука і тэхналогіі
  • Надвор'е
  • Каханне і сэкс
  • Гісторыя
  • Мова
  • Архітэктура
  • Кіно
  • Літаратура
  • Культура. Рознае
Кантакты
© Усе правы абароненыя. Выкарыстанне платных матэрыялаў забаронена без пісьмовага дазволу. Выкарыстанне бясплатных рускамоўных версій матэрыялаў забаронена без пісьмовага дазволу. Выкарыстанне бясплатных беларускамоўных версій матэрыялаў дазваляецца пры ўмове наяўнасці актыўнай гіперспасылкі на Nashaniva.com у першым абзацы.
Дызайн сайту — арт-студыя PRAS
Уверх