Афганская дзяўчынка. Фота: National Geographic 

Знакамітая «Афганcкая дзяўчынка» з зялёнымі вачыма з вокладкі National Geographic 1984 года ў межах праграмы эвакуацыі афганцаў з захопленай талібамі краіны была вывезеная ў Італію, паведамляе італьянскі ўрад.

Прадстаўнік прэм’ер-міністра Італіі Марыё Драгі заявіў, што Італія арганізавала эвакуацыю Шарбат Гула пасля таго, як жанчына папрасіла дапамагчы ёй выбрацца з Афганістана.

«Італьянскія ўлады дапамогуць ёй інтэгравацца ў італьянскае жыццё», — гаворыцца ў заяве, зробленай прэм’ерам у гэты чацвер.

Гула стала сусветна вядомай ў 1984 годзе як афганская дзяўчынка-бежанка з пранізлівымі зялёнымі вачыма, пасля таго, як ваенны фатограф Сціў Маккары сфатаграфаваў яе, і яго здымак патрапіў на вокладку National Geographic. 

На той момант, калі Маккары зрабіў гэты гістарычны здымак (а гэта адзіны здымак за ўсю гісторыю, які National Geographic тройчы ставіў на вокладку), Шарбат ужо была сіратой і бежанкай.

Яе бацькі загінулі падчас савецкай бамбардзіроўкі Афганістана ў 1979 годзе, і яна разам з бабуляй перабралася ў Пакістан.

Праз некалькі год, калі ёй было 13, яна выйшла замуж за пекара і наступных дваццаць год нічога не ведала пра той здымак і сваю славу.

Як высветлілася пасля, здымак парушыў сур’ёзнае табу тагачаснага Афганістана — жанчыне нельга было адкрываць твар перад незнаёмым мужчынам.

Яе слава разышлася па ўсім свеце. Музыкі пісалі песні і складалі цэлыя альбомы, прысвечаныя «афганскай дзяўчынцы» з таго здымка і яе прыгажосці (напрыклад, песня «The Eyes of Sharbat Gula» фінскага гурта Nightwish). Паэты пісалі вершы пра яе («Афганская дзяўчынка» амерыканскай паэткі Гертруды Шнакенберг).

Толькі ў 2002 годзе фатограф нарэшце расшукаў сваю гераіню ў Пакістане і змог распавесці ёй гісторыю таго здымка.

У 2016 Шарбат арыштавалі пакістанскія ўлады, абвінаваціўшы ў падробцы дакументаў. Яе дэпартавалі ў Кабул, дзе прэзідэнт паабяцаў ёй абарону і арганізаваў цэлы прыём у яе гонар у прэзідэнцкім палацы ды ўручыў ключы ад новай кватэры.

Калі амерыканскія войскі пакінулі Афганістан у жніўні 2021 года і краіну захапілі талібы, усе набыткі дваццацігадовай дэмакратызацыі былі знішчаныя за некалькі дзён. У нулявыя гады афганкі пачалі атрымліваць універсітэцкую адукацыю, удзельнічаць у грамадскім жыцці краіны, абіраліся мэрамі і служылі амбасадаркамі. У жніўні ж 2021-га жанчыны зноў мусілі надзець буркі, дзяўчатам пасля шостага класа забаранілі наведваць школы, жанчыны больш не могуць займацца спортам.

У выніку многія жанчыны схаваліся. Сотні выйшлі на пратэсты, але сутыкнуліся з гвалтам і рэпрэсіямі. Іншыя з’ехалі з краіны.

Італія — адна з некалькіх заходніх краін, якія вывезлі да сябе сотні афганцаў, пачынаючы са жніўня 2021 года.

«Справа ідзе да катастрофы»: Афганістану зімой пагражае масавы голад

Афганскія жанчыны запусцілі флэшмоб у сацсетках супраць чорных хіджабаў і талібаў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру