Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце з подпісам адказнай сакратаркі камісіі Наталлі Пучко.
Там удакладняецца, што, згодна з адпаведным рашэннем ад 16 лістапада (пратакол №6), Валерыю Мазынскаму будзе спыненая выплата пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь, пачынаючы з 1 снежня 2021 года.
Прычыны такога кроку не называюцца.
Мазынскі публічна і паслядоўна крытыкуе цяперашнія ўлады за палітыку ў галіне культуры.
Валерый Мазынскі — беларускі тэатральны рэжысёр, былы галоўны рэжысёр нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, адзін з ініцыятараў стварэння дзяржаўнага тэатра «Лялька» ў Віцебску, стваральнік мінскага тэатра «Вольная сцэна» ў 1990-я. Таксама ставіў спектаклі ў Купалаўскім тэатры і выкладаў рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.





