«Лукашэнка дагэтуль збірае крытычныя заўвагі ад членаў Канстытуцыйнай камісіі»

Ужо вядома, што Канстытуцыя, якую прапаноўвае Лукашэнка і канстытуцыйная камісія, замацуе Усенародны беларускі сход як вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя. Максімальная працягласць кіравання прэзідэнта абмяжуецца двума тэрмінамі, а працу парламента расцягнуць да пяці гадоў.

З таго, што яшчэ чакаецца ў праекце — прапанова прызначаць упаўнаважных прадстаўнікоў па розных пытаннях: напрыклад, па правах чалавека, дзяцей, прадпрымальнікаў.

Але большасць тэзісаў агучвалася і раней, чаму тады праца над праектам дакумента ўсё яшчэ ў працэсе?

«Замінка адбылася таму, што Аляксандр Лукашэнка дагэтуль збірае крытычныя заўвагі ад членаў Канстуцыйнай камісіі, — пракаментаваў «Нашай Ніве» адзін з членаў Канстытуцыйнай камісіі Юрый Васкрасенскі. — Апошнія якраз былі агучаныя на апошнім пашыраным пасяджэнні. Яны носяць непрынцыповы характар: напрыклад, абмяркоўваецца права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты працоўнымі калектывамі.

Але было вырашана: лепш даабмеркаваць усе нюансы, знайсці кансалідаваны варыянт, які не выкліча ніводнага пярэчання, чым публікаваць недапрацаваны, няўзгоднены з усімі членамі камісіі праект. Засталося пачакаць тыдзень-два — і беларусы будуць азнаёмленыя з тэкстам».

Васкрасенскі кажа, што дыскусіі паўставалі таксама датычна смяротнага пакарання, правоў працоўных калектываў, наконт двух прэзідэнцкіх тэрмінаў, а вось у пытанні неабходнасці існавання Беларусі як прэзідэнцкай рэспублікі нязгодаў не было. 

«Тут у членаў камісіі была стоадсоткавая згода. Не хочацца анархіі. Усё ж мы як постсавецкая краіна дагэтуль знаходзімся ў пэўнай трансфармацыі. Сённяшняму часу адпавядае прэзідэнцкая рэспубліка, бо галоўная мэта — падтрыманне і захаванне суверынітэту. Нават выкарыстоўваючы аўтарытарныя метады і рычагі, мы мусім захаваць незалежнасць краіны. А потым разбяромся. Калі грамадства саспее, можна будзе перайсці і да парламенцкай сістэмы», — транслюе пазіцыю камісіі Васкрасенскі.

«Прэзідэнцкая форма кіравання дыскрэдытавала сябе ў Беларусі»

З ёй цалкам нязгодныя прадстаўнікі каманды Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе.

«Прэзідэнцкая форма кіравання не апраўдала сябе ў Беларусі і нават дыскрэдытавала. З яе і выйшаў аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, — лічыць Анатоль Лябедзька. — Нам патрэбная парламенцкая форма кіравання, дзе сістэматворнай структурай будуць сапраўдныя прадстаўнікі народа — гэта мы і прапісалі ў праекце новай, альтэрнатыўнай, народнай Канстытуцыі. А таксама мясцовае самакіраванне, выразны падзел уладаў.

Наш праект міжнародныя эксперты ўжо прызналі адным з найлепшых на фоне аналізу вялікай колькасці дзейсных еўрапейскіх канстытуцый. Цяпер мы шукаем магчымасці выйсці на экспертызу Венецыянскай камісіі. Гэта будзе самая высокая міжнародная адзнака якасці».

Праект апазіцыі Канстытуцыйная камісія не разглядала. Анатоль Лябедзька кажа, што яны разаслалі больш за шэсць тысяч лістоў усім зацікаўленым асобам, беларускім чыноўнікам, але атрымалі ўсяго адзін адказ — ад Брэсцкага аблвыканкама. У ім чыноўнікі паведамілі, што перанакіравалі ліст членам працоўнай групы па дапрацоўцы Канстытуцыі.

«Відаць, існуе забарона на тое, каб увогуле згадваць, што ёсць рэальная альтэрнатыва.

Калі б Лукашэнка сапраўды быў зацікаўлены ў пераменах і ў яго было хоць крыху сумлення, ён бы вынес на народнае абмеркаванне абодва варыянты Канстытуцыі. У сённяшнім жа варыянце рэферэндум накіраваны толькі на тое, каб ён мог утрымаць уладу ў сваіх руках хоць у нейкай форме, застацца ў палітыцы.

Толькі дзеля гэтага з’явілася канструкцыя УНС, бо з прававога пункту гледжання яна абсалютна непатрэбная: гэта лішняя надбудова над і так двухузроўневым парламентам».

Фота: mfa.gov.by

Фота: mfa.gov.by

«Уладам на руку, каб кампанія прайшла незаўважна»

Заканадаўства ніяк не рэгламентуе тэрмін, у які павінен быць апублікаваны праект Канстытуцыі, каб людзі мелі досыць часу для азнаямлення з ім да рэферэндума.

«Зацягнутае апублічванне Канстытуцыі не парушае нічога, акрамя прынцыпаў дэмакратыі», — адзначае эксперт па выбарах Аляксандр Шлык.

Але калі згадваць Канстытуцыю 1994 года, то абмеркаванне праектаў будучага асноўнага дакумента краіны заняло тады амаль чатыры гады. Сама праца над ім пачалася ў 1990 годзе, а ў 1993-м людзям прэзентавалі тры варыянты для абмеркавання.

У каментарыі «Нашай Ніве» юрыст, які пажадаў захаваць ананімнасць, выказаўся, што сённяшняе зацягванне з публікацыяй праекта зробленае спецыяльна: каб у людзей не было часу заглыбіцца ў тое, што ім прапаноўваюць.

«Улады хочуць па-хуткаму прасунуць на рэферэндуме свае інтарэсы, важныя для іх задачы. Ім на руку, каб кампанія прайшла незаўважна», — каментуе суразмоўца.

Шмат у чым у іх гэта можа атрымацца, лічаць эксперты.

«Тэма Канстытуцыі, УНС адсутнічае ў павестцы дня пераважнай большасці беларусаў. Гэта ёсць вынікам шматгадовых адносінаў уладаў да Канстытуцыі: яны вывелі яе з прававога абарачэння. Нават у дзеючым дакуменце ёсць артыкулы, якія маглі б уплываць на стан сітуацыі ў краіне, абараняць грамадзян, якія сотнямі сядзяць у турме, але гэтага не адбываецца.

Кошт Канстытуцыі, якая цяпер дзейнічае — гэта кошт скрутка туалетнай паперы. І людзі разумеюць, што іх чакае не рэферэндум, а чарговая спецаперацыя. Рэфэрэндум таму і зацягваецца, што Лукашэнка думае, яе правярнуць яго выгадна менавіта яму», — разважае Анатоль Лябедзька. 

У самой канстытуцыйнай камісіі не бачаць праблемы ў тым, што часу на грамадскае абмеркаванне такой важнай рэформы застаецца няшмат.

«Пытанне трэба ставіць інакш: ці ў нас будзе новая Канстытуцыя, якая ўвядзе шэраг дэмакратычных нормаў — напрыклад, два прэзідэнцкія тэрміны, механізм мяккага транзіту, ці не будзе ніякай. Дакладней, застанецца старая Канстытуцыя. Трэба разумець гэта і не рэфлексаваць на тэму «можна было б зрабіць лепш»», — каментуе Юрый Васкрасенскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0