Мікіта Салавей

1. Пры грыпе, у адрозненне ад іншых вострых рэспіраторных захворванняў, на першы план у клініцы выходзіць высокая ліхаманка (тэмпература звычайна вышэйшая за 38,0) і выяўлены інтаксікацыйны сіндром (агульная слабасць, разбітасць, болі ў цягліцах, суставах, моцны галаўны боль, святлабоязь, болі пры руху вочных яблыкаў, слёзацёк). Менавіта з-за выяўленай інтаксікацыі пацыент з грыпам і шукае дапамогу доктара.

2. Катаральныя праявы часцей у выглядзе сухога кашлю з-за трахеіту не пераважаюць у першыя гадзіны, часам дні захворвання, і адступаюць у клініцы на другі план. У частцы пацыентаў (асабліва маленькіх дзяцей) могуць быць гастраінтэнсцінальныя праявы (млоснасць, ваніты, дыярэя, болі ў жываце).

3. Адсутнасць COVID-19 па выніках лабараторных даследаванняў пры наяўнасці вышэйпаказанай сімптаматыкі можа наводзіць на думку пра грып.

4. Грып страшны перш за ўсё сваімі ўскладненнямі. Па-за пандэмічным грыпам рэдка развіваюцца першасна-грыпозныя пнеўманіты (тое, што мы цяпер бачым пры COVID-19 у большасці пацыентаў), але не такія і рэдкія бактэрыяльныя ўскладненні (вірусна-бактэрыяльная і постгрыпозная бактэрыяльная пнеўманіі, бактэрыяльныя інфекцыі дыхальных шляхоў іншых лакалізацый). Ёсць і пазалёгачныя ўскладненні (міякардыты, дэкампенсацыя ранейшых хвароб, міязіты і рабдаміёліз і г. д.).

5. Ускладненні і смерці пры грыпе пераважна рэгіструюцца ў пацыентаў групы рызыкі.

Гэта:

— дзеці да 2 гадоў,

— дарослыя 65 гадоў і старэйшыя,

— цяжарныя жанчыны на любым тэрміне і парадзіхі на працягу 2 тыдняў пасля родаў,

— пацыенты з практычна любымі хранічнымі захворваннямі: бронхалёгачнымі, сардэчна-сасудзістымі (за выключэннем ізаляванай артэрыяльнай гіпертэнзіі), метабалічнымі, неўралагічнымі, гематалагічнымі, хранічнай хваробай нырак, цырозам печані, злаякаснымі наватворамі,

— імунакампраметаваныя пацыенты: медыкаментозная імунасупрэсія, прасунутыя стадыі ВІЧ і г. д.,

— пацыенты, маладзейшыя за 18 гадоў, якія доўгі час атрымліваюць аспірын або лекі, якія ўтрымліваюць саліцылат,

— пацыенты з паталагічным атлусценнем (індэкс масы цела большы за 40),

— асобы, якія пастаянна пражываюць у дамах-інтэрнатах, установах працяглага догляду.

6. Большасць пацыентаў з няўскладненым грыпам могуць паспяхова лячыцца амбулаторна.

Прыкметы пры грыпе, якія патрабуюць абавязковай шпіталізацыі:

— высокая тэмпература цела на працягу 3 дзён і больш, якая дрэнна купіруецца стандартнымі дозамі гарачкапаніжальных лекаў,

— задышка пры невялікай фізічнай актыўнасці ці ў спакоі, цяжкасць дыхання (дыспноэ),

— цыяноз скурных покрываў і слізістых,

— наяўнасць крывяністай макроты, болі ў грудзях,

— змена псіхічнага статусу (узбуджэнне або паталагічная дрымотнасць),

— пакутлівы бесперапынны сухі кашаль (часта маскіруе задышку),

— заўважнае зніжэнне артэрыяльнага ціску.

7. Грып можна пацвердзіць лабараторна, даследуючы рэспіраторныя змывы метадам ПЛР альбо метадамі дэтэкцыі антыгена ўзбуджальніка (аналагічныя падыходы як пры COVID-19).

8. У Беларусі існуе адзіны прэпарат, які валодае супрацьгрыпозным дзеяннем, — інгібітар нейрамінідазы асельтамівір (вядомы пад гандлёвымі назвамі розных вытворцаў як Таміфлю, Флустоп, Асельтамівір, Асельтамівір-ЛФ, Флукапс). Апошні варыянт стаў выпускацца ў капсулах па 45 і 30 мг, што дазваляе даваць яго дзецям. Акрамя таго, суспензію для дзяцей можна прыгатаваць і з капсулы арыгінальнага асельтамівіру (Таміфлю), як — расказана ў інструкцыі па ўжыванні. Згодна з міжнароднымі рэкамендацыямі ў многіх краінах свету асельтамівір пры наяўнасці паказанняў паспяхова выкарыстоўваецца ў дзяцей, пачынаючы з 2 тыдняў жыцця.

9. Усе іншыя лекі, у тым ліку імунамадулятары, пазіцыянаваныя некаторымі вытворцамі як супрацьгрыпозныя, не валодаюць даказанай клінічнай эфектыўнасцю пры грыпе і не павінны прызначацца для яго лячэння. Іх няма ў міжнародных пратаколах лячэння грыпу і ў клінічных пратаколах па інфекцыйных захворваннях у Беларусі.

10. Асельтамівір неабходна прызначаць як мага раней дзецям і дарослым з пацверджаным або меркаваным грыпам, незалежна ад факта наяўнасці або адсутнасці супрацьгрыпознай вакцынацыі ў гэтым годзе, якія:

1) шпіталізаваны (незалежна ад працягласці захворвання перад шпіталізацыяй),

2) маюць цяжкае захворванне, якое прагрэсуе ці з ускладненнямі (незалежна ад працягласці захворвання перад яго выяўленнем),

3) уваходзяць у групу рызыкі.

Акрамя таго, згодна з рэкамендацыямі Амерыканскага таварыства інфекцыйных хвароб 2019 года, эціятропная тэрапія грыпу можа прызначацца на меркаванне доктара дзецям і дарослым з пацверджаным або меркаваным грыпам, якія не адносяцца да групы рызыкі, але пры гэтым яны:

— амбулаторныя пацыенты з працягласцю захворвання, меншай за 48 гадзін да моманту звароту па медыцынскую дапамогу (у гэтым разе мы можам папярэдзіць далейшае развіццё інфекцыі, істотна палепшыць якасць жыцця пацыента і скараціць часовую непрацаздольнасць),

— амбулаторныя пацыенты, якія маюць членаў сям'і, якія знаходзяцца ў групе высокай рызыкі ў выпадку іх інфікавання (асабліва з імунадэфіцытнымі станамі),

— медыцынскія работнікі, якія аказваюць дапамогу пацыентам з высокай рызыкай цяжкага і ўскладненага грыпу.

11. Пачатак прыёму асельтамівіру ў першыя 36-48 гадзін ад першых прыкмет грыпу ў большасці выпадкаў дазваляе абарваць далейшае развіццё інфекцыі. Аднак пры цяжкай і ўскладненай хваробе, нават калі пазней прызначаецца асельтамівір, ён усё роўна паляпшае клінічныя наступствы хваробы. Стандартны курс прыёму прэпарата — 5 дзён (1 упакоўка для 1 пацыента на 1 курс).

12. Усім цяжарным жанчынам з грыпам у любым трыместры цяжарнасці паказана прызначэнне асельтамівіру ў стандартным рэжыме дазавання як мага раней ад з'яўлення першых прыкмет захворвання. Мноства праведзеных буйных даследаванняў не прадэманстравалі якога-небудзь негатыўнага ўплыву асельтамівіру на цяжарнасць і на дзіця, чаго не скажаш пра перанесены грып.

13. Доўгі час прымяняўся супрацьгрыпозны прэпарат рымантадзін, які цяпер не нясе карысці і не павінен прызначацца, паколькі ў найбольш распаўсюджаных варыянтаў віруса грыпу А/H1N1 і віруса грыпу В да яго ёсць прыродная неадчувальнасць, а грып A/H3N2, які таксама сустракаецца, у большасці выпадкаў валодае набытай рэзістэнтнасцю.

14. Пры лячэнні грыпу вельмі важны адэкватны пітны рэжым (аналагічна — пры лячэнні COVID-19). Гэта дазваляе істотна зменшыць сімптаматыку хваробы (у тым ліку галаўны боль) і пазбегнуць ускладненняў. Сутачная патрэба ў вадкасці складае 20-30 мл/кг вагі + 10 мл/кг на кожны градус павышэння тэмпературы цела звыш 37 градусаў.

15. Антыбіётыкі пры грыпе не выкарыстоўваюцца руцінна. Рашэнне аб іх прызначэнні павінен прымаць доктар на падставе выяўлення прыкмет далучэння бактэрыяльнай інфекцыі.

16. Адзіным высокаэфектыўным метадам прафілактыкі цяжкага і ўскладненага грыпу з'яўляецца штогадовая вакцынацыя, найбольш эфектыўныя чатырохкампанентныя вакцыны (утрымліваюць антыгены двух тыпаў віруса грыпу А і двух ліній грыпу В). Чаму важна працягваць супрацьгрыпозную вакцынацыю падчас пандэміі COVID-19 ужо тлумачылася раней. Вакцынацыя абавязковая ўсім пацыентам з групы рызыкі. У дзяцей яна праводзіцца першы раз у жыцці двухразова з інтэрвалам у 1 месяц, і магчымая ўжо з 6 месяцаў жыцця.

17. Жанчыны, у якіх цяжарнасць працякае падчас сезона грыпу, павінны абавязкова быць вакцынаваныя супраць грыпу, пачынаючы з II трыместра цяжарнасці.

Цяжарным жанчынам, якія належаць да групы рызыкі, вакцынацыя можа праводзіцца незалежна ад тэрміну цяжарнасці.

Наяўныя доказы сведчаць, што ў цяжарных жанчын, якія хварэюць на грып, статыстычна значна часцей адзначаюцца ускладненая цяжарнасць і роды, мёртванароджанняў, заўчасныя роды, большая верагоднасць неспрыяльнага зыходу захворвання, асабліва ў II-III трыместрах цяжарнасці, часцей развіваюцца ўскладненні.

У той жа час шэраг апублікаваных даследаванняў і мета-аналізаў дэманструюць, што супрацьгрыпозная вакцынацыя падчас цяжарнасці бяспечная, не асацыяваная з якімі-небудзь пабочнымі эфектамі для маці ці дзіцяці, не ўплывае на цяжарнасць і роды, дае пратэктыўны эфект для нованароджанага на працягу першых 6 месяцаў жыцця.

18. Вакцынацыя супраць грыпу можа працягвацца нават падчас цыркуляцыі віруса сярод людзей. Аднак аптымальна яе выканаць загадзя, паколькі для выпрацоўкі адэкватнага імуннага адказу неабходна ў сярэднім 14 дзён. Пры гэтым нават частковы імунітэт праз некалькі дзён пасля ўвядзення вакцыны можа аслабіць сімптаматыку і зменшыць верагоднасць ускладненняў грыпу.

Не хварэйце!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?