Святлана Купрэева падчас збору подпісаў.

Падчас перадвыбарнай кампаніі Святлана каардынавала збор подпісаў у падтрымку Віктара Бабарыкі ў адным з раёнаў Мінска. 11 чэрвеня 2020 года яе затрымалі.

Тры месяцы дачка беларускага паэта Мікалая Купрэева правяла ў адзіночнай камеры, дзе пачала пісаць вершы. У 2021 годзе яна стала лаўрэаткай прэміі імя Францішка Аляхновіча. 11 кастрычніка Святлане Купрэевай змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і вызвалілі. Святлану абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры.

- Памятаеце сваю першую ноч ў «амерыканцы»?

- Як у 37-м годзе раніцай званок у дзверы, санкцыя на ператрус, дома пакінулі супрацоўнікаў для ператрусу, а мяне павезлі ў ДФР. Потым прывезлі да поўначы ў СІЗА КДБ, для чакання супрацоўніцы для асабістага ператрусу змясцілі ў такі «мяккі пакой», абіты дэрманцінам і без вокнаў. Як камера катаванняў. Потым адправілі наверх ужо ў звычайную камеру, пасля таго, што я прайшла днём, мне ў гэтым «пакоі», усё здалося раем.

За акном ноч, рагочуць чайкі. Я першы раз у жыцці пачула, як рагочуць чайкі. Было нешта тагасветнае ў гэтым. Успомнілася з Шэкспіра: «Пекла пустое, усе чэрці тут». Я нават напісала аб начным рогаце чаек:

Хохочет чайка в ночи.

Летающая Маргарита.

Мне бы с ней покружить,

Да плотно решетка забита…

И сатанинский оскал

Сквозь колокольный звон.

Боже, спаси Беларусь!

За что ей всё испокон

Мрачных, лихих времен…

Несправедлив и жесток

Был к ней безжалостный рок.

Как, скажи, пережить

Всё это народ наш смог?

И 21 век — как азиатская весть…

Боже, спаси Беларусь!

Боже, скажи, Ты есть?

- Вы камеры называеце пакоямі. Незвычайна такое чуць…

- Мы з дзяўчатамі стараліся турэмныя словы не выкарыстоўваць. У нас заўсёды быў пакой. Я і ў лістах пісала пакой, каб менш было турэмных слоў.

Наконт «мяккага пакоя». Адзін супрацоўнік браў у мяне адбіткі пальцаў. Душэўны такі ў параўнанні з іншымі, і кажа: «Я нічога дрэннага рабіць не буду». Я яму адказваю, што са мной ужо столькі ўсяго дрэннага зрабілі, мяне саджалі нават у камеру катаванняў. На што ён сказаў: «У нас няма камер катаванняў. Гэта называецца «мяккі пакой»».

- Вас затрымалі на тыдзень раней, чым Віктара Бабарыку. Памятаеце, як даведаліся пра гэта?

- У гэты дзень я якраз была на допыце з адвакатам, ад яго даведалася пра затрыманне. А ўвечары я чула голас Віктара Дзмітрыевіча. Мая камера была якраз каля лесвіцы, таму я чула.

Ён казаў нешта пра файлік: «Можна я пакладу тут файлік?», здаецца, так. Але да гэтага ўжо сігналілі машыны ўсюды вакол, і я чакала нечага дрэннага.

Вы ведаеце, у ноч, калі Віктара Дзмітрыевіча арыштавалі, мне прысніўся такі сон. Мы з ім гутарым пра надворʼе. І ён кажа: «І ўсё будзе добра, усё выправіцца, але трэба, каб прайшоў шторм». А потым, калі была ноч з 9 на 10 жніўня, і ўсё выбухала, грукатала, я думала — вайна. Ляжала і думала: можа гэта і ёсць шторм?

- Як вы адрознівалі дні ў СІЗА КДБ?

- Натуральна, календара ніякага няма, а арыентавацца трэба ў днях і тыднях. Спачатку тры месяцы, калі была ў адзіночнай камеры, малявала ў сшытку каляндар. І закрэслівала дні. Калі была ўжо не адна, мы малявалі графік дзяжурстваў, у якім было відаць, які цяпер дзень тыдня.

У гэтым сшытку былі запісаныя таксама адрасы і тэлефоны жанчын, з якімі за ўвесь час сядзела Святлана Купрэева. Перш чым выпусціць яе за вароты, гэтыя запісы выразалі.

- Можаце прывесці прыклады яркіх момантаў, якія вам запомніліся?

- Усе падзеі 2020 года прайшлі міма мяне. Нейкія навіны атрымлівала з «Камсамолкі» і «Новага часу». Гэта вельмі падтрымлівала. Калі пасадзілі Віктара Дзмітрыевіча, у цэнтры Мінска стала шумна — пачалі сігналіць машыны. Машыны сігналілі, мне падаецца, да кастрычніка 2020 года. Гэтыя сігналы вельмі падтрымлівалі. Мы чулі, што людзі абураюцца тым, што адбываецца, што яны салідарныя. Гэтая салідарнасць надавала сілы, што мы ўсе разам.

У маі і ліпені 2021 года былі святы. Па тэлевізары ўспамінаюць вайну, канцлагеры, што трэба прыцягнуць вінаватых да адказнасці за генацыд. А ў нас у чатырохмясцовым нумары — 6 чалавек, двое на падлозе на драўляных шчытах. Вентылятара няма. Жарышча. Сцены вільготныя, падлога вільготная. Дыхаць няма чым. І яны яшчэ ўспамінаюць канцлагер. Калі тут сваім зрабілі сапраўдны канцлагер, усіх прыстойных людзей у яго змясцілі і здзекуюцца.

Умовы былі жудасныя ў бытавым плане. Гэта сталінскага часу будынак, дзе ўсё прыйшло ў непрыдатнасць. Туалеты ёсць у чатырох-пяці камерах. Усе астатнія — з вядром, якое трэба два разы на дзень выносіць.

У яго ж зліваецца вада, якой мыюць падлогу. Рукамыйнік з халоднай вадой. Душ раз на тыдзень, там толькі можна пад гарачай вадой памыцца. А ўлетку, калі гарачыня, падыходзіш да крана з халоднай вадой, абмываеш сябе. Насякомыя былі дзіўныя ад вільготнасці. Як белая доўгая моль. Вельмі непрыемна. У многіх алергія — таму што вільготнасць, спякота. Там усё, што ад слова «вельмі». Калі на волі горача, значыць, у нас супергорача, калі холадна — то ў нас вельмі холадна. У 21-м стагоддзі, у цэнтры сталіцы еўрапейскай дзяржавы такія ўмовы. А па тэлевізары гавораць пра канцлагер 70-гадовай даўніны…

У СІЗА КДБ лепей з перадачамі. Можна было перадаваць хатнюю ежу. Былі і сырнікі, і катлеткі. У цэлым нармальна кармілі: раніцай каша, днём суп, другое. Адзінае, што на вячэру пяць разоў на тыдзень быў селядзец з бульбай або бураком у мундзіры, таму мы гатавалі сваё нешта — салацікі, напрыклад.

На прагулцы першыя тры месяцы была адна, выходзіла ў дворык і танчыла пад музыку, якую ставілі па радыё. Кожны пакой выходзіць у сваю чаргу, ні з кім не перасякаешся. Апошнія пару месяцаў у нас была ёга кожны дзень. З намі была цудоўная жанчына, Ірына Скуратовіч, вельмі спартыўная, амаль сапраўдны ёг. Вельмі добры чалавек. Сачыла за намі, каб мы не зʼелі лішнюю цукерку. Адразу за месяц на тры кілаграмы мы з суседкай схуднелі.

Самае галоўнае там — гэта людзі, якія з табой. Я сустрэла вельмі шмат добрых людзей. Мне цяпер з Валадарскага дзяўчына піша, што па некаторых бытавых умовах у СІЗА-1, можа, і лепш, але такіх людзей, як у СІЗА КДБ, там няма. У нас былі найлепшыя адносіны і людзі.

- Цяпер займаецеся ёгай?

- Не пакуль. Хаджу раз на тыдзень на стрэйчынг. Але наогул, трэба вярнуцца да практыкі і штодня рабіць асаны з ёгі.

- Скажыце, для вас было нечаканым змяненне меры стрымання?

- Мне з чэрвеня намякалі, што ўжо хутка, пачакайце. Пройдзе суд над Бабарыкам… Шчыра кажучы, мяне як толькі пасадзілі, я была ўпэўненая, што мяне вось-вось выпусцяць. Ну максімум праз два месяцы — пасля выбараў. Але так зацягнулася…

- Чым запомніўся вам Мінск адразу пасля вызвалення?

- Мяне выпусцілі каля 8 вечара за вароты, вывелі, дапамаглі несці сумку. І вось я за варотамі, у мяне ні грошай, ні тэлефона. Падышла да першай машыны з боку кінатэатра «Перамога». Прашу дапамагчы выклікаць таксі, ківаю ў бок СІЗА і кажу, што я выйшла адтуль без нічога.

Людзі выклікалі таксі, далі 10 рублёў са словамі: «Вы за нас за ўсіх адсядзелі. Вяртаць не трэба». Кранула вельмі гэтая фраза, праява салідарнасці.

Мінск уразіў пустатой. Калі я сустракалася з аднагрупнікамі, мы гулялі нядзельным вечарам па праспекце і мяне ўразіла адсутнасць людзей на вуліцах, мала машын. Я нават сфатаграфавала пусты-пусты праспект. Нібы чума. Гэта самае яскравае ўражанне.

Было добрае надворʼе, сярэдзіна кастрычніка, залатая восень. Дзякуй, што заспела гэтую пару года, а не правяла чарговую восень з цалкам бетонным падворкам, у якім не відаць дрэў…

- Чым вы цяпер займаецеся?

- Я страціла ўсе працы. Я як бухгалтар суправаджала бізнэс па спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Людзі мяне чакалі і два месяцы, і чатыры. Але хто пратрымаецца без бухгалтара 16 месяцаў? Вось цяпер шукаю працу…

А яшчэ шмат пішу лістоў. У мяне ёсць 12 адрасатаў — жанчыны, з якімі я сядзела за гэты ўвесь час. Пішу і ў Гомель, і ў Брэст… Ужо атрымала і адказы. Вось у СІЗА КДБ ніводзін ліст мой не прапусцілі цяпер. Пісала Эдуарду ў «амерыканку», не перадалі. Цяпер буду спрабаваць у СІЗА-1.

- А Віктару Бабарыку ўжо пісалі?

- Вядома! Перапісваемся з ім. Яго лісты вельмі аптымістычныя. У нас шмат агульных успамінаў. Успамінае Марыну, сваю жонку. У нас такая асабістая перапіска. Я была сведкай на іх вяселлі. У маладосці мы ўвесь час размаўлялі, адпачывалі разам, выязджалі на азёры. Ёсць што прыгадаць.

Маша і Эдуард — выдатныя дзеці. Сямʼя для Віктара і Марыны заўсёды была на першым месцы. Ладзілі рэгулярна сямейныя чытанні. Марына ўсё ўкладвала ў дзяцей: вадзіла на гурткі, секцыі, музыку, маляванне… Яна цэлымі днямі працавала над развіццём дзяцей. Яны былі вельмі шчаслівай сямʼёй.

Віктар — адзін з самых прыстойных людзей, якіх я ведаю.

- Што б вы яму цяпер сказалі?

- Я яму пішу і перадавала раней у лістах, што я заўсёды на яго баку. Гэта той чалавек, які не можа зрабіць нічога дрэннага. Раней ён усё рабіў для сваёй сямʼі. У маладосці ён на кожным дні нараджэння казаў, што Марына — гэта жанчына, дзеля якой можна звярнуць горы. І ён зварочваў. Калі яе не стала, ён хацеў звярнуць горы дзеля сваёй краіны. І яшчэ не вечар…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?