30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Мастак — фігурант крымінальнай справы, якую распачала пракуратура паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці): «за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў напісаны ім партрэт антысавецкага дзеяча, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне.

Пазней прэтэнзіі ў следчых узніклі і да цыкла твораў мастака, якія ён стварыў больш за 20 гадоў таму!

А ў мінулым месяцы з’явілася інфармацыя, што Алеся Пушкіна з СІЗА накіравалі ў псіхіятрычную лякарню ў Навінках — быццам бы для правядзення экспертызы.

«Калі нічога не змянілася, то, значыцца, муж ужо каля месяца знаходзіцца ў Навінках, — кажа Яніна Пушкіна. — На жаль, інфармацыі ніякай не маю, бо, як вядома, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Знікла з Алесем і сувязь праз ліставанне. Калі з ізалятара больш-менш нармальна прыходзілі лісты, то апошні атрымала больш за месяц таму. Хаця ў ім муж ніякім чынам не згадваў, што яго могуць змясціць у псіхіятрычную лякарню. З таго часу — поўная цішыня…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0