Пра выхад кнігі напісала ў Фэйсбуку філосаф Ірына Дубянецкая.
«Яна выйшла! «Трошкі бліжэй да сонца, трошкі далей ад месяца» — першая ў нашых (і не толькі) шыротах кніга па этнафіласофіі, над якой я сядзела апошнія месяцы днямі і начамі да поўнага выпадзення з жыцця.
10 аўтараў, 2 рэдактары (Сяргей Санько і я), 5 частак — пра сусвет, сакрум, чалавека, грамадства і каштоўнасці. Больш за 160 артыкулаў, якія разам складаюцца ў даследаванне беларускай карціны свету. У артыкулах мноства цытат з жывой народнай думкі з фалькларыстычных запісаў 19—21 ст.
Я кожнаму артыкулу дала назву з беларускай літаратуры і эпіграфы, з якіх відаць, як наша культура ўзаемадзейнічае з народнай традыцыяй, рэагуе на яе, развівае, адпрэчвае, перайначвае. Такая сабе інтэлектуальная і мастацкая рэфлексія на народную філасофію, а таксама яе працяг у беларускім аўтарскім пісьменстве.
Усяго каля 700 эпіграфаў з тэкстаў ад 12 да 21 стагоддзя. Гэта яшчэ й самакаштоўны цытатнік беларускай думкі!
Аўтары эпіграфаў — беларускія мысляры і творцы ад Сярэднявечча, Рэнэсансу, Рэфармацыі, Асветніцтва да нашых дзён. Яны сведчаць, што ідэі і вобразы, на якіх грунтуецца старажытнае аўтэнтычнае мысленне, працягваюць фармаваць інтэлектуальны дыскурс, утвараючы неперарыўны культурны дыялог, супольны і індывідуальны роздум над асноўнымі пытаннямі, што вярэдзяць усе пакаленні нацыянальнай супольнасці. Такім чынам ствараецца аб’ёмная карціна беларускага светамыслення і светаадчування.
Афармленне кнігі дадае яшчэ адну плынь беларускага светабачання — візуальную, узятую з беларускай кніжнай ілюстрацыі 15—17 ст. Выдавецкая (паліграфічная) праца не ідэальная, але ў цэлым кніжка прыгожая.
Спадзяюся, чытачы атрымаюць ад яе задавальненне.
Дарэчы, калі хто не пазнаў, назва ўзятая з Караткевіча і апісвае месца Беларусі ў сусвеце», — напісала яна.





