А дзясятай раніцы ў храме ў гонар Раства Хрыстова заканчваецца служба і айцец Павел Сяргееў выходзіць насустрач у доўгай чорнай расе. Ужо два месяцы ён служыць у невялікай царкве ў спальным раёне Гродна, кажа, пасля пропаведзі распісана кожная хвіліна: сустрэчы са студэнтамі, праца з валанцёрамі і шмат чаго яшчэ.

— У вас у Інстаграме напісана «Святар. Блогер». А так можна? — пытаемся, пакуль бацюшка разлівае гарбату.

— У Інстаграме можна выбраць прафесійны акаўнт, а можна аўтарскі. Калі ты блогер — адкрыта больш статыстыкі, ёсць бонус у плане ахопаў. Таму я — блогер, запільваю кантэнт. А ў шапцы профілю пазначана: «Аб праблемах царквы з гумарам». Кірунак цяжкі, вузкі, балючы.

Кантэнт у Інстаграме розны. Напрыклад, у адным з пастоў бацюшка Павел дзеліцца ўражаннямі пра фільм «Малады Папа», а ў каментарыях яго падпісчыкі разважаюць, якія царкоўныя праблемы фільм падымае. І трохі крытыкуюць колькасць сэксуальных сцэн. «І не кажыце, што бацюшка блаславіў глядзець, я тут ні пры чым, папярэджваю, на споведзі на мяне не спасылацца», — смяецца святар.

«Пасля смерці скажу: «Госпадзе, вось табе ўсе парталы, сайты і дадаткі». А ён: «Навошта мне гэта?»»

Перш чым спадар Павел пачне распавядаць пра свае праекты, мы вяртаемся з ім на 12 гадоў назад. Тады ён быў студэнтам БДТУ, вучыўся на маркетолага, думаў пра духоўнае і развіваў сябе ва ўсіх кірунках, якія былі цікавыя.

— У 20 гадоў адбыўся пераломны момант, я задумаўся над сэнсам жыцця, смерці, так стаў вернікам, — 32-гадовы Павел Сяргееў успамінае свой шлях «маркетолаг — ІТ — святар». — Калі пачаў хадзіць у царкву, увесь час шукаў розныя актыўнасці сярод моладзі: «Давайце што-небудзь прыдумаем!».

Наш моладзевы рух (такое братэрства вернікаў, куды ўваходзіла 200 чалавек) бясплатна рабіў сайты для храмаў. У маім асяроддзі было шмат айцішнікаў. Як іх знаходзіў? Праз сацыяльныя сеткі. Яшчэ мы займаліся дзецьмі з ДЦП: дапамагалі ім развіваць маторыку, чыталі казкі, падключалі спецыялістаў, запрашалі псіхолагаў.

Пасля універсітэта Павел перавучыўся на праграміста — асвоіў HTML5 і CSS, PHP і MySQL. Адкрыў невялікую кампанію. Працаваў з Joomla, WordPress, Bitrix, «асвойваў фрэймворкі, рабіў сайты як з нуля, так і рэдагаваў шаблоны». Плюс займаўся комплексным SEO і кантэкстнай рэкламай пад ключ. Потым наняў праграміста і дызайнера, а сам вярнуўся ў продажы.

Сябе ў той перыяд святар апісвае як «хуліганістага чалавека». Але, кажа, вера зрабіла яго іншым. Прымусіла задумацца пра будучыню і перад вачыма ўсплыла карцінка:

— Я памёр, мая душа перад Богам. І што я яму скажу? Госпадзі, вось гэтыя ўсе парталы і сайты, дадаткі. Усё гэта табе. А ён адкажа: «А навошта мне гэта? Мне трэба нешта іншае». І я вырашыў інвеставаць свой час і сілы ў тое, што не згарыць. Фірмы згараюць, грошы абясцэньваюцца, а інвестыцыі ў духоўнасць — не.

Айцец Павел у нядзельнай школе для дзяцей. Фота: Аляксандр Васюковіч для dev.by

Айцец Павел у нядзельнай школе для дзяцей. Фота: Аляксандр Васюковіч для dev.by

Так Павел Сяргееў у 27 гадоў скончыў семінарыю і стаў святаром, яго адправілі працаваць у вясковую царкву ў Слуцкім раёне. Для чалавека дзейнага, у якога праекты нараджаюцца пастаянна, новае месца выклікала «сусветную тугу і сум». Аказалася, мясцовым не да тэхналогій бацюшкі.

- Выходзіш у храм, стаіць дзесяць бабуль, і ты пачынаеш прамаўляць пропаведзь, хочацца данесці важную багаслоўскую думку, А яны: «Баааацюшка! Мы пойдзем кароў даіць, хопіць ужо гаварыць». Я лічыў, мае пропаведзі ў вёсцы нікому не патрэбныя, але з іншага боку, унутры мяне ёсць нешта, што мае каштоўнасць. Магчыма, аўдыторыя не тая.

І тады я ўзяў тэлефон і стаў здымаць прамыя эфіры набажэнстваў для Інстаграма. Спачатку прыхаджане ўспрынялі гэта насцярожана. І я тлумачыў: «Уявіце, цяпер тут стаіць 10 чалавек, а на самай справе ў храме 70. Нас глядзяць анлайн яшчэ 60 чалавек».

Падпісчыкі дасылалі пытанні, запіскі, пра каго памаліцца, жыхары Слуцка сталі прыязджаць на службы. Я так і казаў, што сёння на пропаведзь прыехаў мой падпісчык — распавядае айцец Павел. — А хтосьці дзяліўся: дачка жыве ў ЗША, цяпер таксама глядзіць пропаведзі.

Па словах святара, быў і момант адчаю. Ён перастаў уключаць эфіры, але людзі сталі пытацца, што здарылася. Аказалася, хтосьці глядзеў службы ў далёкай дарозе, хтосьці ў бальніцы.

Храм, дзе сёння служыць айцец Павел. Фота: Аляксандр Васюковіч для dev.by

Храм, дзе сёння служыць айцец Павел. Фота: Аляксандр Васюковіч для dev.by

Што тычыцца фінансавага боку, то, па словах святара, яго гэтае пытанне не моцна хвалявала. Сышоўшы з ІТ, моцна страціў. Як купіў у тыя часы машыну, так на ёй ездзіць да гэтага часу.

— Святар жыве па паслушэнстве, як салдат у арміі. Куды епіскап скажа — туды і едзе. Пасля пятага пераезду задумаўся аб жыллі, будучыні для сына і жонкі. Практычна ва ўсіх цэрквах (Грэчаскай, Сербскай, Балгарскай, Польскай, Літоўскай) святары падзарабляюць на свецкіх працах або маюць бізнэсы, а служаць на выходных. У РПЦ і БПЦ не так. У нас гэта не прынята, — кажа Павел.

І ўспамінае, як у храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Лядна бывала так, што ўзімку не хапала грошай на газавае ацяпленне. Даводзілася браць з дэкрэтных.

20 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі чакаюць курсы

Праз 3,5 года жыцця з вёскі Лядна Паўла Сяргеева перавялі на службу ў Гродне. І тут ён пачаў прыдумляць адзін праект за адным, за плячыма ўжо быў вопыт арганізацыі ўласнага бізнэсу.

— Калі стаў мяняцца ўнутрана, змянілася мысленне: калі магу сябе памяняць, значыць, магу ўзяць адказнасць за кагосьці іншага. Думаю, вера вельмі моцна паўплывала на мой прадпрымальніцкі дух, — тлумачыць святар.

У айца Паўла цяпер некалькі праектаў: адкрыццё інклюзіўнай пякарні «Пчала» (з ім ён удзельнічаў у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend), свячнога цэха. Але пад нумарам адзін. — запуск ІТ-курсаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі многія з іх сталі пісаць святару ў Інстаграме: «Бацюшка, добры дзень! Можа, дапаможаце знайсці працу?», стала зразумела, што для асаблівых людзей адчыненыя далёка не ўсе дзверы. Наадварот, занадта шмат нюансаў іх наогул зачыняюць.

- Вось які кейс: дзяржава накіроўвае людзей з інваліднасцю ў пэўныя ПТВ, і вучаць, як правіла, на абутнікаў. Напрыклад, ёсць такі хлопец Макс, у яго дэфармаваныя пальцы, выкручаныя ў іншы бок. Як схапіць пальцамі шыла і з высілкам яго прапхнуць? Так, ён адвучыўся, але ні адну пару абутку не змог пашыць. Пасля ПТВ абышоў пяць прадпрыемстваў, ніхто не ўзяў — распавядае айцец Павел. — Затое Макс нармальна друкуе тэксты на клавіятуры, можа рэдагаваць фатаграфіі, мантаваць відэа. Цяпер вывучае крыптавалюту, да гэтага скончыў курсы па продажах.

Але прапаноў на рынку працы для 28-гадовага Макса няма — і ён вымушаны сядзець дома. І сам хлопец, і святар Павел Сяргееў вераць: гэта часова. У Макса ёсць жаданне працаваць, у бацюшкі — ідэі, як людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць знайсці сябе ў жыцці.

Мы сядаем у машыну святара і едзем глядзець той самы клас, які гатовы прыняць ІТ-школу. Машына спыняецца каля гістарычнага цэнтра, проста ў Гродзенскай епархіі. Тут на першым паверсе выдзеленае памяшканне для будучых айцішнікаў.

Памяшканне, якое епархія выдзеліла пад ІТ-школу. Фота: Аляксандр Васюковіч для dev.by

Памяшканне, якое епархія выдзеліла пад ІТ-школу. Фота: Аляксандр Васюковіч для dev.by

Айцец Павел плануе тры напрамкі: тэставанне, праграмаванне і SMM. Вучняў знаходзіць па-рознаму: праз Інстаграм, праз мерапрыемствы для людзей з інваліднасцю (дабрачынныя канцэрты, зборы падарункаў), праз мясцовыя СМІ.

 — Ідэя ІТ-класаў прыйшла ў маі, пра гэта напісалі ў сацыяльных сетках і тут жа адгукнулася адна фірма. Паабяцала аддаць новую мэблю з офіса, якая не падышла. Хтосьці гатовы выдзеліць для заняткаў сваіх інжынераў і праграмістаў, ёсць адміністратар. Не хапае 12-13 ноўтбукаў. Напісаў лісты ў мноства кампаній, дзесьці нас паставілі ў чаргу даўжынёю ў год.

Была б тэхніка — тут жа запусціліся б, — дзеліцца сваімі планамі святар. — Цяпер 20 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі чакаюць гэтыя курсы: «Калі яны пачнуцца? Мы ўжо гатовыя!»

«Я пастаянна ў трэндзе, вывучаю Meta-сусвет»

Напрыклад, тэсціроўшчыкамі хочуць стаць маладыя людзі, якім паставілі дыягназ «аўтызм», людзі з ДЦП. Па падліках айца Паўла, кожныя паўгода школа будзе набіраць новы курс.

Калі ІТ-школа запусціцца, выдаткі па электраэнергіі, wi-fi і печыве для студэнтаў бярэ на сябе епархія. Выкладчыкаў бясплатна дасць кампанія a1qa. Ці будуць самі курсы бясплатныя?

— Так, але студэнты будуць уносіць мінімальнае ахвяраванне. Напрыклад, адзін рубель у месяц. Гэта больш педагагічная мера. Калі абсалютна бясплатна будуць вучыцца, не будзе матывацыі, — тлумачыць бацюшка. — Гэтыя ахвяраванні будуць ісці на гарбату-каву, канцтавары. Гэта сацыяльны праект, і ён не прадугледжвае атрыманне прыбытку.

У першы набор, напрыклад, ужо запісаўся Юрый з мясцовага інтэрната, хлопец сам вывучае вёрстку, спрабуе рабіць сайты, скончыў курсы «графічны дызайн». Самая вялікая мара Юрыя — знайсці працу і стаць самастойным. EPAM і a1qa ўжо паабяцалі дапамагчы дзецям ўладкавацца тэсціроўшчыкамі, як толькі яны пройдуць навучанне.

Пакуль едзем з айцом Паўлам з епархіі ў будынак, дзе павінна адкрыцца інклюзіўная пякарня «Пчала», у салоне заўважаем раздрукоўкі з падручніка па англійскай мове і бэйдж удзельніка бізнэс-школы.

— Я вельмі прадпрымальны чалавек, — усміхаецца святар. — Хаджу на курсы англійскай, вучуся ў магістратуры, вывучаю псіхалогію, наведваю курсы па SMM, каб асвяжыць у памяці веды. Праходзіў навучанне па проджэкт-менеджменце. Я пастаянна ў трэндзе, цяпер вывучаю Meta-сусвет.

Бацюшка паказвае нам памяшканне, дзе зрабілі рамонт пад пякарню, паставілі печ, правялі каналізацыю. Але пакуль праект паставілі на паўзу: не хапае грошай яго скончыць. Па ідэі, тут будуць працаваць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, з часам святар хоча адкрыць летняе кафэ, каб кожны мог прыйсці сюды і з'есці свежы круасан.

Выпечку святар плануе прадаваць у мясцовых храмах і пастаўляць у рэстараны Гродна.

У айца Паўла планаў шмат, кажа, калі нешта не атрымліваецца, ён засмучаецца, але ненадоўга:

— Вельмі люблю Ілана Маска, малюся за яго. Жадаю, каб яго ракета даляцела да Марса і вярнулася, а ўсе ідэі ўвасобіліся. З цікавасцю глядзеў яго канферэнцыю, калі ў Tesla закрываўся фінансавы год.

Для сваіх праектаў айцец Павел шукае падтрымку ў сацсетках, на акаўнт святара ў Інстаграме падпісана 11,5 тысячы чалавек. Прызнаецца, напісаць пост раз на тыдзень — гэта той жа тайм-менеджмент. А сваю шчырасць у інтэрнэце з падпісантамі тлумачыць проста:

— Каб стаць камусьці сябрам, трэба самому адкрыцца. Мы ніколі не можам навучыць іншага, але можам паказаць уласны прыклад: нашы думкі, нашы спакусы, поспехі і падзенні. Магчыма, хтосьці ўбачыць сябе. А калі буду выступаць як ментар-гэта амаль не выкліча водгуку. Чаму я ўсё гэта раблю? Мяне натхняюць цікавыя ідэі, людзі. Я ў іх веру.

Калі ў вас знойдуцца ноўтбукі для ІТ-класа святара Паўла, якія дадуць яму запусціць ІТ-школу — пішыце святару ў Інстаграме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0