Дванаццаць экспертаў з Беларусі, Германіі і Польшчы сабраліся разам і распрацавалі чатыры сцэнары развіцця беларускага палітычнага крызісу да канца 2022 года. На гэтым тыдні іх прэзентавалі ў Бруселі еўрадэпутатам, уключаючы пасла ЕС у Беларусі Дзірка Шубеля і членаў дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Мінскам.

Як распрацоўвалі сцэнары

У аснове сцэнарыяў ляжаць два фактары — дэмакратычная трансфармацыя (змены ў дзяржапараце, гатоўнасць рэжыму Лукашэнкі да рэформаў) і ўзровень сацыяльнай мабілізацыі (наколькі беларускае грамадства гатовае патрабаваць перамен).

Эксперты вылучаюць асобны фактар, які можа паўплываць на развіццё таго ці іншага сцэнара, — так званы «чорны лебедзь». Гэты тэрмін, прыдуманы былым біржавым трэйдарам Насімам Талебам, пазначае рэдкую падзею, якую немагчыма спрагназаваць і якая пры гэтым мае сур'ёзныя наступствы.

Напрыклад, «чорным лебедзем» у беларускім палітычным крызісе можна лічыць прымусовую пасадку ў Мінску самалёта Ryanair з журналістам Раманам Пратасевічам на борце.

Палітолагі падкрэсліваюць, што распрацаваныя сцэнары не зʼяўляюцца дакладнымі прагнозамі.

— Пытанне не ў тым, наколькі рэалістычныя сцэнары. Ідэя была паказаць існыя тэндэнцыі і магчымыя варыянты, што пры ўмовах А, B або C можа адбыцца ў Беларусі на працягу наступных 12 месяцаў, — кажа адна з аўтараў сцэнарыяў, эксперт па Беларусі германскага фонду Маршала ЗША Марына Рахлей.

Першы сцэнар: «Стабільнае балота»

Паводле гэтага сцэнара, рэпрэсіі і адсутнасць перспектыў для дэмакратычнага развіцця прыводзяць да апатыі ў беларускім грамадстве. Палітычна актыўныя грамадзяне зʼязджаюць за мяжу. Рэжым Лукашэнкі ўмацоўвае свае пазіцыі, не дапускае расколу ў дзяржапараце і паміж элітамі. Такім чынам, улады ў Мінску вырашаюць, што няма неабходнасці праводзіць дэмакратычныя рэформы або ісці на саступкі патрабаванням пратэстоўцаў.

— Гэты сцэнар адрознівае тое, што ў ім няма «чорных лебедзяў», — адзначае Вольга Дрындава, куратар распрацоўкі сцэнарыяў, член рабочай групы па Беларусі. — Гэта значыць, да яго мы можам прыйсці, калі не будзе адбывацца нечаканых падзей. Гэта такі варыянт Беларусі пост-2010 года ў рэальнасці пост-2020-га.

Другі сцэнар: «Акопная вайна»

У гэтым выпадку Аляксандр Лукашэнка адмаўляецца ад ідэі правядзення рэферэндуму па змене Канстытуцыі і замест гэтага прымае новую Канстытуцыю, ухваленую парламентам у жніўні 2022 годзе.

Прэзідэнцкі тэрмін павялічваецца з 5 да 6 гадоў, а мінімальны ўзрост для абрання прэзідэнтам зніжаецца да 25 гадоў. Гэта можа азначаць падрыхтоўку да пераходу ўлады да малодшага сына Лукашэнкі — Мікалая. Але палітычных змен у кірунку дэмакратычнага пераходу ўлады няма.

Тут эксперты ўводзяць «чорнага лебедзя»: напрыклад, адзін з лідараў апазіцыі памірае ў турме ад кавіду па віне адміністрацыі, паколькі яму своечасова не аказваецца дапамога. Гэта падзея шакуе грамадзянскую супольнасць, ЕС узмацняе санкцыі. У выніку чаго грамадзянская супольнасць мабілізуецца, актывісты працягваюць падпольную барацьбу, хоць і ў меншых маштабах.

Акопная вайна — кожны працягвае настойваць на сваім, — тлумачыць Марына Рахлей. — З аднаго боку, беларускае грамадства працягвае барацьбу, нягледзячы на рэпрэсіі. З іншага боку, нягледзячы на санкцыі і мабілізацыю грамадства, Лукашэнка ўтрымлівае ўладу дзякуючы падтрымцы Расіі. Таму нічога не мяняецца.

Трэці сцэнар: «Белазахстан»

Рэферэндум па Канстытуцыі стварыў на паперы плюралізм, але Лукашэнка па-ранейшаму зʼяўляецца кіраўніком Беларусі на новай пасадзе — кіраўніка Усебеларускага народнага сходу (УНС). Міграцыйны крызіс нарастае, і ЕС, у прыватнасці Польшча, заключае здзелку з Лукашэнкам («чорны лебедзь»).

Дэмакратычныя сілы расчараваныя, беларусы дэмаралізаваныя і адчуваюць сябе здраджанымі міжнароднай супольнасцю.

У гэтым сцэнары эксперты вылучаюць два важныя моманты. Па-першае, сыход Лукашэнкі на пасаду кіраўніка УНС.

— Нават калі застанецца аўтакратыя, яна становіцца менш персаніфікаваная. Гэта не вядзе адразу да дэмакратыі, але магчымыя маленькія крокі да дэмакратызацыі ўнутры сістэмы, — мяркуе Вольга Дрындава.

Па-другое, яна паказвае на сувязь паміж перамовамі Захаду з Лукашэнкам і настроямі ў беларускім грамадстве: «Любыя здзелкі з рэжымам на гэтым этапе могуць моцна паўплываць на настроі сярод беларусаў унутры краіны і ў колах дэмакратычных сіл, для якіх гэта азначае страту палітычнай вагі».

Чацвёрты сцэнар: «Змена ўлады праз памылку»

Правал кампаніі па Канстытуцыйным рэферэндуме правакуе чысткі ў дзяржапараце, у тым ліку смерць шэрагу чыноўнікаў. Напалоханая гэтымі практыкамі частка сілавікоў і беларускіх элітаў здзяйсняюць дзяржпераварот. Лукашэнка губляе ўладу і аказваецца пад вартай.

Знешнія сілы — ЕС, ЗША, але таксама і Расія — падтрымліваюць пераход улады. Грамадзянская супольнасць мабілізуецца і ўцягваецца ў перамовы аб палітычным транзіце. Беларусь рыхтуецца да свабодных і справядлівых выбараў у 2023 годзе.

Мы спрабавалі зразумець, як у найбліжэйшы час можа адбыцца дэмакратызацыя Беларусі. Гэты сцэнар малаверагодны і магчымы толькі ў надзвычайнай сітуацыі. Такім «чорным лебедзем» мы палічылі палацавы пераварот, выкліканы ўнутранымі рэпрэсіямі, — кажа адзін з аўтараў сцэнара Андрэй Казакевіч.

Эксперт адзначае ролю Расіі: пераварот становіцца для Масквы нечаканасцю, але яна ўдзельнічае ў працэсе пераходу ўлады, каб захаваць Беларусь у зоне свайго ўплыву. Зрэшты, калі Расія рэагуе інакш і процідзейнічае перавароту, гэта можа стварыць рызыку грамадзянскага канфлікту.

Святлана Алексіевіч расказала, што пабачыла добрага ў 2021-м

Кузняцоў пра словы Макея: Паняцце «дзяржаўнасць» без законнасці — гэта пусты гук

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру