Драгічын: да 800 рублёў. Ці ехаць у Мінск

У Драгічынскім раёне сушукальнікам прапануюць 127 працоўных месцаў ад 9 арганізацый. На самай справе, у спісе вакансій і праца ў Мінскай вобласці.

Найбольшая зарплата прапануецца агародніку (1200 рублёў) і аператару машыннага даення (1000) рублёў. Вось толькі працаваць прыйдзецца не ў Драгічыне, а ў Мінскім раёне, у вёсцы Вялікі Трасцянец на «Мінскай фабрыцы гародніны».

Таксама чамусьці сярод драгічынцаў шукаюць электразваршчыка на жодзінскі «БЕЛАЗ» (1000 рублёў) і ветэрынара-гінеколага на тую ж «Мінскую фабрыку гародніны» (900 рулёў).

У самім Драгічыне вакансіі з найбольшым заробкам наступныя: інжынер-энергетык (811 рублёў), муляр (800 рублёў), прадавец мясцовага райпо (800 рублёў) і фельчар (702 рублі). 

Найбольш патрабуецца кіроўцаў у мясцовы аўтапарк (ажно 10 вакансій, заробак — 650 рублёў) і ўрачоў-спецыялістаў (7 вакансій, зарплату абяцаюць у 700 рублёў).

Адметна, што самыя нізкія заробкі ў Драгічыне і раёне прапануюцца медыкам. Медсясцёр і фармацэўта шукаюць на заробак у 250 рублёў, абедзве вакансіі — праца на палову стаўкі.

Случчына: нуль вакансій

У Слуцкім раёне прапануюць працаваць на той жа «Мінскай фабрыцы гародніны», тымі ж агароднікамі ці аператарамі машыннага даення (тыя ж 1200 і 1000 рублёў заробку).

Таксама шукаюць адміністратара ў Мінск (1000 рублёў), зваршчыкаў і токараў (1000 і 800 рублёў зарплаты адпаведна )на жодзінскі БЕЛАЗ. Прапаноў працы ў самім Слуцкім раёне — нуль.

Глыбоччына: бухгалтару плацяць як дворніку

У Глыбоцкім раёне больш за ўсё абяцаюць інжынеру па лесанарыхтоўках і перапрацоўцы — 1300 рублёў. Галоўны заатэхнік можа разлічваць на 1200 рублёў, галоўны аграном ці ветэрынарны ўрач — на 1000. 

Глыбоцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў шукае медыкаў, зарплата 950 рублёў.

Кіроўцы ці трактарысты ад 420 да 900 рублёў, ляснік — 800 рублёў.

Самы малы заробак будуць плаціць аператару машыннага даення на вяскоым аграпрадпрыемстве — ўсяго толькі 400 рублёў. Затое дастаткова толькі базавай адукацыі.

Цікава, што на тым жа прадпрыемстве бухгалтару прапануюць зарплату ў 450 рублёў — для параўнання, іншыя арганізацыі прапануюць столькі ж прыбіральшчыку ці трохі менш (430 рублёў) дворніку. 

Наваполацк: найбуйнейшы заробак на «Нафтане». І самы маленькі там жа

Таксама электронны кірмаш вакансіі прайшоў і для моладзі Наваполацка. Тут 111 прапаноў ад 7 арганізацый. 

Патрэбны інжынер-праграміст на «Нафтан» — заробак абяцаюць у 1510 рублёў 65 капеек. 

Начальніку каштарысна-дамоўнага аддзела ў будаўніцтве будуць плаціць роўна 1500 рублёў.

Патрабуецца стаматолаг на «Нафтан», зарплата — 1210 рублёў (абяцаюць жыллё і сацпакет). Туды ж патрабуюцца урач УГД і ўролаг (абедзве вакансіі на чвэрць стаўкі, 297 рублёў заробку)

Прараб у мясцовым трэсце можа разлічваць на 1000 рублёў, машыніст крана — на 900, машыніст сваебойных установак — ажно на 1100 рублёў зарплаты.

Самая маленькая зарплата нечакана прапануецца зноў жа на «Нафтане»: патрэбны рэнтгенлабарант на 0,4 стаўкі, заробак — 186 рублёў. Мала, але прадастаўляюць жыллё.

Інваліды Віцебшчыны: у сельскую гаспадарку

Апублікаваныя вакансіі таксама для асоб з інваліднасцю Віцебскай вобласці. Аператар машыннага даення можа разлічваць на 800 рублёў, кіроўца пагрузчыка і трактарысты на 700, жывёлавод, слесар ці кіроўца — на 600 рублёў зарплаты. Паляводу заплацяць толькі 450 рублёў за месяц працы.

Пры гэтым, усе вакансіі прадастаўленыя толькі адным сельгаспрадпрыемствам «Ольгаўскае»— калі мясцовы інвалід не хоча працаваць на вясковым аграпрадпрыемстве, дзяржаве прапанаваць яму няма чаго.

Галоўная выснова: вакансій не так і шмат. Абсалютная большасць — гэта праца на вытворчых прадпрыемствах ці ў аграрным сектары, вакансій з офіснай працай — адзінкі. Таксама кідаецца ў вочы, што нямала патрабуецца медыкаў. 

Вакансій з зарплатай у запаветныя 500 даляраў у беларускіх рэгіёнах таксама літаральна некалькі прапаноў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0