Сярод раскручаных картачных блогераў — канал «Рамір Таро». Вядзе яго хлопец з Кіева. Рамір захапіўся таро яшчэ ў школе. Свой ютуб пачынаў з агульных прагнозаў для людзей па знаку задыяка. А год таму пераключыўся на палітычную варажбу — зразумеў, што гэта збірае куды больш праглядаў.
З дапамогай карт мужчына шукае адказы па сітуацыі ў Расіі, Украіне, але часцей па Беларусі. Напрыклад, ці будзе інтэграцыя. Карты кажуць, што не: аб’яднанне застанецца на ўзроўні размоў, бо ў кагосьці з падпісантаў дарожных праграм (хутчэй, у Пуціна) здарацца рэзкія перамены.
Сярод апошніх папулярных відэа — пра рэферэндум. Рамір наваражыў, што ён адбудзецца ў пачатку наступнага года і большасць людзей не пойдзе галасаваць. Хоць карты раяць дзейнічаць.
«На чале будзе стаяць жанчына, якая ўжо бачыць вынік. Каралева кубкаў», — тлумачыць ён. Відаць, Ярмошына адкладзе выхад на пенсію.
Па прагнозе таролага, псаванне бюлетэняў на вынікі не паўплывае.
«Будзе раззлаванасць, пачуццё падманутасці. Але вынік будзе ў жорсткай рэакцыі з-за мяжы», — запэўнівае хлопец.
Рабіў ён расклад і на сыход Лукашэнкі. Кажа, папярэднічаць гэтаму будзе маштабны законапраект, пра які ў хуткім часе аб’явяць. Але ён сыграе злы жарт з Лукашэнкам.
Эпоха Лукашэнкі скончыцца тым, што ён будзе ўцякаць, калі сітуацыя стане крытычнай (пра тое, што час настаў, яму паведамяць шпіёны). Так бачаць карты.
Яшчэ адна прадказальніца з Украіны — экстрасэнс Ганна Яфрэмава. «Дзясяткі маіх прароцтваў, якія тычацца розных краін свету, спраўдзіліся на вашых вачах!» — запэўнівае жанчына падпісчыкаў. Яна калісьці ўдзельнічала ў бітве экстрасэнсаў на тэлеканале СТБ.
Варажыць Ганна на розныя тэмы — калі знікне каранавірус, ці будзе вайна паміж Расіяй і Украінай. Ну і пра прычыны разводу селебрыці.
Але ў топе выпускі пра палітыку. Год таму экстрасэнс прадказвала, што змяніць уладу ў Беларусі можна толькі сілай. А на 2021 год яе карты паказалі, што Лукашэнка будзе ўтрымліваць свой пост любымі метадамі.
«Ён вас не аддасць», — інтэрпрэтавала экстрасэнс.
Таролаг Юнона свой канал запусціла выключна для палітычных раскладаў 10 месяцаў таму. Сама яна з Беларусі. Апроч прагнозаў сітуацыі, жанчына глядзіць лёс палітыкаў.
Ці стане Бабарыка наступным прэзідэнтам? Карты паказалі, што Бабарыка абярэ вярнуцца да сям’і, адкупіцца, каб выйсці з турмы і больш не ўдзельнічаць у выбарчай гонцы, бо час упушчаны.
У адным з выпускаў жанчына прагназавала лёс Беларусі на наступныя два гады. Наваражыла, што хутка знешнія сілы дадуць краіне шанец. І народ даб’ецца справядлівасці і знойдзе выйсце.
«Пуцін — гэта маг, які дапамагае ўтрымліваць уладу», — счытвае карты Юнона. Але, кажа, нічога ў яго не атрымаецца.
Яе расклады гавораць, што рэстаратар Вадзім Пракоп’еў у найбліжэйшыя пяць гадоў можа стаць мэрам Мінска, а на рэферэндуме будзе той вынік, якога хоча Лукашэнка.
Юнона пытае ў карт таксама пра стаўку рэфінансавання, абставіны перастрэлкі ў кватэры Зельцэра і будучыню асобных палітвязняў.
На тэме Беларусі хайпуюць і іншыя ютуб-прадказальнікі. Чаму гэтыя прагнозы так папулярныя?
«Не хачу абразіць тых, хто верыць у магічныя рэчы. Гэта базавая з’ява. Магічны светапогляд дапамагае нам у цяжкія хвіліны.
Калі ты адчуваеш адсутнасць сілы, не ведаеш, як штосьці зрабіць, калі ад цябе нічога не залежыць, то застаецца толькі вера. Шмат чыннікаў у жыцці, якія мы не можам улічыць ці пра якія не ведаем. Вось людзі і спадзяюцца на Бога, лёс», — кажа псіхолаг Наталля Скібская.
У тым, што людзі падселі на таролагаў, яна не бачыць нічога страшнага.
«Цяпер складана адчуваць надзею. Але каб рухацца, яна патрэбная. Таму можна абапірацца на нешта вонкавае — няхай гэта будуць карты таро. Хай людзі глядзяць, калі гэта іх падмацоўвае.
Канечне, шмат прагнозаў не спраўджваецца, але людзі шукаюць глебу для сваёй надзеі. Людзі ж і ў царкву для гэтага ходзяць, каб працягваць верыць і спадзявацца», — лічыць псіхолаг.





