Як тры сястры захоўваюць традыцыі

Выцінанка для Лізаветы — сямейная справа. Яе маці Вікторыя Чырвонцава адраджала гэтае рамяство. 

«Маці працавала ў мастацкай школе з сярэдзіны 80-х гадоў, і ёй прапанавалі весці дэкаратыўна-пракладное мастацтва. На той час дакладных навучальных праграм не было. І матэрыялаў не ставала — ні саломы, ні нітак для ткацтва.

Яна ўспомніла, як у дзяцінстве ўпрыгожвала вокны на Новы год. Ёй падабалася таксама сілуэтнае выразанне, якое выкарыстоўвалася для афармлення дзіцячых кніг. 

А потым яны зразумела, што выцінанка — цікавы і недаследаваны пласт беларускай культуры. І яе гэта захапіла», — расказвае Лізавета.

Разам са знакамітым графікам Юрыем Герасіменкам-Жызнеўскім яе маці адкрыла народны клас у маладзечанскай мастацкай школе, каб далей развіваць рамяство. Яны звярталіся да традыцыйнай культуры, спрабавалі ў выцінанцы перадаць фальклор і архітэктурныя вобразы.

Лізавета вучылася ва Універстэце культуры на народных рамёствах. Там праходзілі і кераміку, і габелены. Але яна не магла знайсці сябе ў гэтых відах мастацтва. Таму ўзяла выцінанку і першая зрабіла па ёй дыпломную працу. Хоць ва ўніверсітэце спачатку скептычна ставіліся. Уяўленне пра выцінанку было прымітыўнае: маўляў, гэта ж сняжынкі на вокнах.

Не толькі Лізавета, але і яе сёстры займаюцца выцінанкай. Старэйшая на прафесійнай аснове, сярэдняя (яна медык па адукацыі) выразае для душы, напрыклад, аздабляе іконы. Дачка Лазаветы таксама мастачка, яе фішка — манументальныя выцінанкі.

Лізавета са старэйшай сястрой Наталляй

Лізавета са старэйшай сястрой Наталляй

Як бабулі натхняюць на творы мастацтва

«Сучасная выцінанка больш прафесійная за традыцыйную. Там больш складаныя кампазіцыі і тэмы. Майстры, якія ёй займаюцца, маюць мастацкую адукацыю», — тлумачыць Лізавета. 

У сваіх творах яна звяртаецца да фальклору, міфалогіі, сімволікі і прыродных сюжэтаў.

Выцінанкі з тонкай паперы выразаюцца нажніцамі, з кардону — разаком. Колькі часу пойдзе на твор, залежыць ад яго складанасці. На простую рэч хопіць некалькіх гадзін, на серыю — некалькіх тыдняў. Над праектам, прысвечаным бабулі, майстрыха працавала тры месяцы.

«Бабуля жыла ў Магілёўскай вобласці каля Быхава, у вёсцы Грудзінаўка. Яе ўспаміны заўсёды былі дзіўнымі для нас, мы думалі, гэта сямейныя байкі. Але неяк пабачылі перадачу пра гэтыя мясціны, пра палац, які там быў, дзе жылі графы Талстыя. Аказалася, байкі пад сабой маюць аснову.

Аляксандра Талстая калісьці трымала шклозавод, і бабуля расказвала, што там быў шкляны мост, а ў фантане плавалі рыбкі. Калі я звязалася з работнікамі Быхаўскага музея, яны гэта пацвердзілі. Так я вырашыла зрабіць праект, які быў звязаны з успамінамі бабулі».

У іншай бабулі ў Вілейцы захоўваўся прыгожы фотаальбом. Здымкі 50-х там былі аздобленыя выцінанкай. Гэта натхніла Лізавету стварыць мастацкую серыю партрэтаў жанчын яе сям’і.

Серыя «Жаночыя вобразы майго роду»

Серыя «Жаночыя вобразы майго роду»

Калі пасля яна была на пленэры ў Літве, пабачылі, што ў іх такая традыцыя ёсць таксама. Яны ўпрыгожвалі выцінанкай здымкі і рэлігійныя карцінкі.

Каля дома майстрыхі стаяць самаробныя драўляныя арэлі. Над імі красуецца выцінанка (выразаная з былога банера) — нябесныя ваўкі-неўры, якія сцерагуць дом. 

Як беларуская выцінанка заваёўвае свет

Колькі разоў Лізавета сутыкалася з плагіятам, яна ўжо не падлічыць. Узоры яе выцінанак возьмуць то для сукенкі на «Міс Сусвету», то для сцэны на Дзень Незалежнасці Украіны.

«Ва ўсіх краінах СНД, мне падаецца, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не вельмі абароненыя ў аўтарскіх правах. Няма нейкага разумення, што гэта такі ж твор, як жывапіс, графіка.

Мастак не паўтарае адзін у адзін традыцыю. Наогул, у Беларусі вельмі мала захавалася старажытных выразак, яны ў такім стане, што не выстаўляюцца, ляжаць у архівах. Гэтая традыцыя ўзнаўлялася.

Удзельнікі суполкі майстроў, звязаных з мастацкім выразаннем, падтрымліваюць адно аднаго. Калі ў нейкага сітуацыя з плагіятам здараецца, астатнія падключаюцца. Калі маю выцінанку ўзялі для шоу на Дзень Незалежнасці, арганізатары пасля хутка звязаліся са мной, атрымалася вырашыць пытанне».

Украінская выцінанка, трэба сказаць, адрозніваецца ад беларускай. Яна больш насычаная дробнымі дэталямі, там шмат дэкору, пышнасці. Наша ж строгая і лаканічная.

Працы Лізаветы можна пабачыць у маладзечанскім касцёле святога Піа, у Заслаўскім музеі лесу (серыя міфічных істот). Па матывах яе выцінанак аздобленая мінская станцыя метро «Кавальская слабада».

Цяпер майстрыха выкладае ў маладзечанскім музычным каледжы. Час ад часу супрацоўнічае з беларускімі прадпрыемствамі. Нядаўна, напраклад, яе ўзоры ўпрыгожылі серыю гадзіннікаў «Хвіліна».

Некаторыя творы мастачка выстаўляе на продаж.

«Некалькі разоў хацелі набыць музеі, але, я так разумею, з бюджэтам не склалася. Шмат замаўляюць для хатніх інтэр’ераў, для падарункаў. Прыемна, што ёсць аматары гэтага віду мастацтва.

Быў замоўнік, які хацеў выцінанку для сябра на дзень нараджэння — той з Палесся, таму пажаданнем было дадаць нейкія традыцыйныя рысы адтуль. Я глядзела ручнікі і па выявах на іх рабіла працу».

Усе творы мастачкі можа пабачыць на сайце vytinanka.by

Усе творы мастачкі можа пабачыць на сайце vytinanka.by

У выцінанцы Лізавеце падабаецца тое, што яна можа спалучаць розныя падыходы

 «Гэта можа быць як простая ўтылітарная рэч (аздабленне акна, куфэрачкаў), так і станкавы твор. Увогуле, мне заўсёды пабалася графіка. І мяне натхняе тое, што мы працягваем сямейную традыцыю».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?