10 снежня дэпутаты прагаласавалі за пачатак працэдуры выхаду Рэспублікі Сербскай з баснійскай арміі, службаў бяспекі, падатковай і судовай сістэмы.

Яны таксама прагаласавалі за дэкларацыю, якая заклікае да распрацоўкі новай Канстытуцыі Рэспублікі Сербскай, якая будзе адзначаць, што «ўсе законы, уведзеныя міжнародным высокім прадстаўніком Босніі, з'яўляюцца «неканстытуцыйнымі».

Боснія і Герцагавіна ў яе цяперашнім выглядзе — тварэнне Дэйтанскіх мірных пагадненняў 1995 года, падпісаных Босніяй, Харватыяй і Сербіяй пры пасярэдніцтве заходніх краін і Расіі. У рамках пагаднення ў складзе шматнацыянальнай Босніі і Герцагавіны, населенай баснякамі, сербамі і харватамі, стварылі два аўтаномныя дзяржаўныя ўтварэнні: Рэспубліку Сербскую і Баснійска-харвацкую Федэрацыю. З аднаго боку, пагадненні спынілі кровапралітную вайну ў рэгіёне.

З іншага боку, Боснія і Герцагавіна мае складаны і супярэчлівы дзяржаўны лад, з-за якога краіна знаходзіцца ў стане перманентнага крызісу і застаецца адной з найбяднейшых краін Еўропы. Адным са спосабаў вырашэння праблем Босніі і Герцагавіны магла б стаць еўраінтэграцыя, аднак нежыццяздольнае кіраванне і ўнутраныя палітычныя супярэчнасці робяць гэта малаверагодным ў бліжэйшай перспектыве. Боснія і Герцагавіна, у адрозненне ад сваіх балканскіх суседзяў, так і не прасунулася ў рэформах, якія дазволілі б ёй наблізіцца да ЕС. Такім чынам, Дэйтанскія пагадненні спынілі вайну, але яны не падыходзяць ў цяперашнім выглядзе для развіцця дзяржавы ў мірны час.

Аднак міжнародная супольнасць асцерагаецца, што калі мірнае пагадненне, якое завяршыла вайну 1992-95 гадоў, будзе разбурана, то гэта паставіць пад пагрозу рэгіянальную стабільнасць.

Лідар баснійскіх сербаў Міларад Додзік, прадстаўнік Рэспублікі Сербскай у кіруючым органе БіГ, неаднаразова пагражаў выйсці з інстытутаў дзяржаўнага ўзроўню, апісваючы Боснію як «эксперымент міжнароднай супольнасці» і «немагчымую навязаную краіну».

На працягу многіх гадоў Додзік выступаў за аддзяленне Рэспублікі Сербскай і за тое, каб яна стала часткай суседняй Сербіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0