Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

«Сама сябе я называю наменклатурнай Папялушкай. За адзін дзень я ператварылася з шараговага юрысконсульта ў старшыню Цэнтрвыбаркама. Падобныя кар'еры робяцца падчас вялікіх палітычных і сацыяльных узрушэнняў, калі няма часу падбіраць кандыдатаў.

Раніцай 14 лістапада 1996 года я выехала з Бабруйска на пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі як прадстаўнік Магілёўскай вобласці і раніцай ужо была прызначаная выконваючай абавязкі старшыні камісіі. Увечары вярнулася ў Бабруйск па зубную шчотку, а на наступны дзень з'ехала ў Мінск кіраваць выбарамі».

«Калі пры роўных умовах на адзін і той жа пост прэтэндуюць двое, перавагу трэба аддаваць мужчыну. Для жанчыны кар’ера, якая не склалася, — непрыемны ўспамін пра тое, што магла б, але не стала. Для мужчыны часцяком гэта сапсаванае жыццё і паламаны лёс».

«Жонкі высокіх кіраўнікоў часам пачынаюць качаць правы: маўляў, чаго я павінна яму кашулі ў камандзіроўку гладзіць? Мілая, ты жывеш дзякуючы яму. Якое раўнапраўе? Хочаш раўнапраўя — збірайся і сыходзь ад яго».

«Вы ведаеце, гэтым жанчынам рабіць няма чаго. Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах шасталі. Мне ў галаву гэта не прыйдзе. Гэта ганьба для жанчыны — удзельнічаць у падобных мерапрыемствах. Я яшчэ разумею, калі яна дзеўка дурная, маладая, дык маладых людзей шмат. А калі жанчына ва ўзросце ідзе, значыць, у яе, прабачце, нешта з інтэлектам не ў парадку».

«Самае брыдкае ў мужыку — гэта дробязнасць і занудства. Кандыдат у прэзідэнты, калі ён мужчына, павінен быць спачатку мужчынам, а потым — усё астатняе».

«Самае прыемнае — гэта момант інаўгурацыі прэзідэнта і калі віншуюць у сувязі з завяршэннем выбарчай кампаніі».

«Ніхто не заўважыў мой развод у Мінску, хоць я ўжо была медыяперсонай. А мужоў сваіх я кватэрамі забяспечыла. Я сышла, як сыходзяць мужыкі. Першы раз я кватэру пакінула мужу ў Калінінградзе. У другі раз я разумела, што чалавеку трэба недзе жыць, таму я прадала кватэру і купіла яму аднапакаёвую».

«Цяпер модна ладзіць вечарыны з нагоды разводаў. Я была першая. Я зладзіла першую вечарыну ў 1996 годзе ў Калінінградзе. І нават муж быў. У кватэру прыйшлі мае аднакурснікі праводзіць. Ну, куды ж мужа падзець? Быў накрыты стол, і я ўстала і сказала: «Урачыстая нагода — развод сям'і Ярмошыных». Адна з сябровак сказала: «Ну, ты і сволач».

«Я лічу сябе рускім чалавекам. Я вырасла ў рускай сям'і, у рускамоўным асяроддзі вайскоўцаў і затым атрымала вышэйшую адукацыю ў Расійскай Федэрацыі. Я думаю па-руску, таму і размаўляю на гэтай мове».

«Усе гэтыя лозунгі «Галасуй сэрцам» — глупства, галасаваць трэба мазгамі».

«Калі ты хочаш быць шчаслівым, кожную раніцу паўтарай: «Я шчаслівы». І ты станеш сапраўды шчаслівым. Усміхайся, расцягвай рот — і ты навучышся ўсміхацца. Дакладна гэтак жа і з краінай: пачынай ёю ганарыцца — і ты сапраўды прызвычаішся да думкі, што яна вартая гэтага».

«Я люблю свежыя булачкі, але даўно іх не пяку, а толькі купляю. Я гатую тое, што можна некалькі дзён трымаць у халадзільніку ці замарозіць. Гэта ежа, якой дастаткова шмат, і яна доўгага тэрміну захоўвання. Я гатую простыя савецкія стравы: пяльмені, катлеты, галубцы».

«Я — чалавек, пазбаўлены рызыкі ў прынцыпе, таму ніколі не гуляю ні ў якія гульні. Проста нецікава. Не разумею, як, напрыклад, можна перажываць на скачках або падчас латарэі. Але сказаць, што ніколі не буду гэтага рабіць, таксама не магу. Хто яго ведае, можа, на пенсіі вазьму і пайду ў дэпутаты».

***

«Як і ва ўсіх — чакаць сыходу з жыцця. Падарожнічаць з кожным годам становіцца ўсё цяжэй. І ўсе мае падарожжы, хутчэй за ўсё, будуць у два месцы: Бабруйск і Калінінград», — так у 2020 годзе адказала Лідзія Ярмошына на пытанне пра тое, што яна будзе рабіць пасля сыходу з пасады.

У Бабруйску і Калінінградзе жывуць яе сяброўкі. Абодва шлюбы Ярмошынай завяршыліся разводамі, адзіны сын пайшоў з жыцця ў 40 гадоў.

13 снежня 2021 года Лідзію Ярмошыну знялі з пасады кіраўніцы ЦВК. Яе замяніў ужо былы міністр адукацыі, камуніст Ігар Карпенка.

***

Чытайце таксама архіўны тэкст «Нашай Нівы» пра гісторыю жыцця Лідзіі Ярмошынай за 2014 год.

Гісторыя ўзлёту бабруйскай юрысткі Лідзіі Ярмошынай. Падрабязнасці жыцця старшыні ЦВК

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1