Пра адстаўку Лідзія Ярмошына казала даўно: яшчэ выбары 2015 года называла для сябе апошнімі. Але пасля правяла і выбары 2020 года.

У снежні 2021-га ў яе заканчваецца кантракт, і раней у СМІ Ярмошына казала, што гатовая паправацаць яшчэ ў выпадку вострай неабходнасці: 

«Ёсць моманты, калі, магчыма, мяне папросяць на нейкі пераходны перыяд, можа, на перыяд правядзення рэферэндуму часова папрацаваць. І, натуральна, я не змагу сказаць «не», — растлумачыла Ярмошына.

Але, як мы бачым сёння, яе ўсё ж не папрасілі і адпусцілі.

«Выбары 2020 года Ярмошына правяла як мае быць, нягледзячы на лакальныя сумленныя камісіі. Менавіта да яе прэтэнзій і недаверу быць не магло, так што яе сыход — проста заканамерная рэч», — лічыць Арцём Шрайбман.

Арцём Шрайбман
 

Арцём Шрайбман

Прыход на пасаду старшыні ЦВК Карпенкі аналітык звязвае з пацверджаннем таго, што ніякіх дэмакратычных рэформ, звязаных з выбарамі, беларусам пакуль не дачакацца.

«Карпенка — абсалютна лаяльны, сістэмны чалавек. Гэта было бачна па яго працы ў Міністэрстве адукацыі. Як камуніст, ён дакладна не будзе падыгрываць «буржуазнай апазіцыі». Лукашэнку складана было знайсці ў дзяржаўным апараце больш лаяльных людзей, чым Карпенка. Таму не бачу ў яго прызначэнні сюрпрызаў. Гэта паказвае пераемнасць, даказвае, што Лукашэнка ніякіх рэформаў, звязаных з сумленнымі выбарамі, дакладна не плануе».

У выпадку прыняцця новай Канстытуцыі плануецца, што кандыдатуру старшыні ЦВК будзе зацвярджаць Усебеларускі народны сход, яна будзе выносіцца на галасаванне. Таму пакуль пасада Карпенкі выглядае як пераходная. Але на гэты момант усё адно невядома, ці будзе яна прынятая і як хутка набудзе моц.

Чаго чакаць ад Карпенкі найбліжэйшым часам? На думку аналітыка — працягу падыходаў да працы ў стылі Ярмошынай.

«На пасадзе міністра адукацыі Карпенку былі падначаленыя члены выбарчых камісій — настаўнікі — і кіраўнікі цэнтрвыбаркамаў — дырэктары школ. Ëн, па сутнасці, з’яўляўся чалавекам з блізкай сферы кампетэнцый. Так што ў Цэнтрвыбаркаме сюрпрызаў не чакаецца: усё будзе працаваць як мінімум на ранейшым узроўні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0