Фота: rbc.ru

Фота: rbc.ru

Ігар Карпенка і так быў у гэтай сістэме «міністрам па выбарах». Пад яго кіраўніцтвам настаўнікі складалі спісы выбаршчыкаў, сядзелі ў камісіях і «лічылі» галасы, ён прапаноўваў і ўзгадняў кадры ў гэтай «стратэгічнай» сферы. Досвед арганізацыі выбараў у яго быў яшчэ з 2010-га, калі ён узначальваў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. За што потым трапіў у санкцыйны спіс ЕС. 

Гэта чалавек абсалютна аддадзены Лукашэнку, яму ён абавязаны ўсім.

Да свайго ўзлёту Карпенка быў дэпутатам, потым досыць незаўважна сядзеў у мінскім выканкаме. Пакуль не здарылася дзіўнае. Сабраўшыся сіламі, старыя сакратары ЦК кампартыі БССР пайшлі да Лукашэнкі з дакладам аб сумным лёсе камуністычнай партыі, якая вымірала і мела патрэбу ў энергічным начальніку.

Яны прасілі ў кіраўнікі партыі кагосьці з адміністратыўных работнікаў, які мог бы ажывіць работу. Чытай — адміністратыўным метадам удыхнуць жыццё. Так, у 2012-м годзе Лукашэнка прызначыў Карпенку. 

Як «старшыня партыі» той стаў часцей гучаць, часцей дэклараваць ідэі, якія не-не, ды й даляталі наверх да Лукашэнкі, звярталі ўвагу. Праз чатыры гады Карпенку прызначылі міністрам адукацыі. 

Міністэрская дзейнасць прыпала на цяжкія часы — у школе вучыўся Мікалай Лукашэнка. Кожны год высвятлялася, што нешта не тое — то не тая класічная літаратура, то не тая гісторыя, то не тая біялогія. 

Ад Карпенкі не было чутно ні аднаго слова супраць. Пры чым ні разу. Трэба новыя падручнікі? Дык яны ўжо гатовы! Начальнік крывіцца ад слова «праграмісты»? Скароцім набор! Трэба перапісаць гісторыю? Перапішам! 

Але фінальная і галоўная праверка адбылася ў 2020-м, калі Карпенка разам з сілавым блокам займаўся забеспячэннем выбараў. 

У кіраўнікі ЦВК яго рыхтавалі яшчэ да мінулых выбараў. Карпенка сабраў неабходныя ў гэтай сістэме рэкамендацыі, але прызначыць яго ў экстрэмальных умовах Лукашэнка не рашыўся. 

Карпенка выглядаў ідэальнай кандыдатурай для змены Ярмошынай. Яе намеснікаў ніхто не ведае, і досведу ўздзеяння на розумы вялікіх калектываў яны не маюць. А Карпенка — фігура. 

Імаверна, можна было б недзе побач разглядаць і кіраўніка прафсаюзаў Орду, які таксама верны, таксама працуе з людзьмі. Але той цэліць у кіраўнікі Адміністрацыі прэзідэнта і на ЦВК разменьвацца б не стаў сам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?