«Занепакоенасць, безумоўна, выклікае выключэнне практычна паловы тавараў з пераліку. Гэта прадукты першай неабходнасці — крупы, некаторыя віды гародніны, каўбасныя вырабы, рыба і іншыя, — заявіў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Пазнякоў. — Усё, што неабходна для паўнавартаснага рацыёну харчавання.

Трэба разумець, што за адменай абмежаванняў можа пайсці рост коштаў на гэтую групу тавараў. Тым больш, што пастанова прынятая напярэдадні навагодніх святаў, калі адзначаецца павышаны попыт на прадукты і на гэтым фоне заўсёды ёсць рызыка штучнага завышэння цэн».

Прафсаюзы заяўляюць, што нягледзячы на сусветны рост коштаў і павышэнне выдаткаў вытворцаў, так проста адмяняць пастанову №100 не варта. На іх думку, «патрэбныя дадатковыя механізмы, якія захаваюць стабільную сітуацыю на рынку і не пацягнуць за сабой значнага росту коштаў».

«Паколькі, як паказвае практыка працы прафсаюзнага маніторынгу, не заўсёды за павышэннем коштаў на тавары стаяць аб’ектыўныя прычыны, — паведамляецца на сайце федэрацыі. — Ёсць і суб’ектыўныя фактары як з боку вытворцаў, так і гандлю. У дадзеным выпадку неабходна працаваць на апярэджанне і своечасова ўжываць дадатковыя механізмы.

Напрыклад, гэта і ўдасканаленне падыходаў працы стабілізацыйных фондаў, а таксама дакладнае ўрэгуляванне ўзаемаадносін паміж вытворцамі і прадаўцамі. Вытворцы ў дадзеным выпадку будуць упэўненыя, што іх прадукцыю выкупяць на працягу сезона па дамоўнай цане, а гэта гарантуе спажыўцам тавар і стабільную цану».

Федэрацыя заяўляе, што бярэ на кантроль цэны на тыя тавары, якія будуць рэгулявацца з сённяшняга дня.

«Сёння ўжо ёсць дамоўленасць з Камітэтам дзяржкантролю, МАРГ, што мы сумесна, практычна ўручную будзем адсочваць, каб не было неабгрунтаванага росту цэн, — адзначыў намеснік старшыні ФПБ. — Пры неабходнасці будзем інфармаваць Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання, урад у цэлым, бо менавіта яны з’яўляюцца рэгулятарамі ў гэтай сферы.

Каб аператыўна спыняліся спробы спекулятыўнага росту, а ў выпадку аб’ектыўнага павышэння коштаў на прадукты былі прынятыя рашэнні аб павышэнні даходаў грамадзян, асабліва найбольш уразлівых груп. Паколькі ўжо цяпер мы бачым рызыку зніжэння пакупніцкай здольнасці заработнай платы і пенсій».

Па даных маніторынгу прафсаюзаў за лістапад, у цане не выраслі кісламалочныя прадукты, пярловая крупы, маргарын, масла з малака жывёл, пшанічная мука, рыба (жывая, замарожаная), цукар, салёныя селядцы, фруктовыя сокі, яйкі.

Між тым, толькі ў лістападзе, па даных маніторынгу, амаль на 11% падаражэлі грачаныя крупы і бабовыя, на 9,8% сталі даражэйшымі буракі, 8,5% дадала ў кошце капуста, амаль на 5% падаражэлі агуркі, рыс дадаў у кошце 4%, аўсяная крупы — 3,6% і малако — 3,2%.

Нязначна знізіліся цэны на бульбу, каўбасныя вырабы, курыцу, субпрадукты, садавіну, чай чорны байхавы.

За год (з лістапада 2020 па лістапад 2021) падаражэлі ўсе віды прадуктаў, якія падлягаюць маніторынгу, адзначаюць прафсаюзы. Найбольш істотны рост коштаў назіраўся на гародніну — капуста падаражэла ў 2,5 раза, бульба — на 73,3%, буракі — у 2,1 раза, морква — на 74,6%, памідоры — на 19,6%, агуркі — на 6,4%, зеляніна — на 22,4%.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру