Падрасце збор для аграсядзіб. Цяпер гэта дзве базавыя велічыні на год (58 рублёў), а з наступнага года — 31 рубель у месяц (372 рублі ў год).

Істотна павялічыцца адзіны падатак: у 2-4 разы ў залежнасці ад віду дзейнасці.

Разгледзім на прыкладзе ставак для Мінска. Так, для ІП, якія гандлююць адзеннем са скуры, дыванамі, складанай бытавой электратэхнікай, падатак з наступнага года складзе 1260 рублёў (замест цяперашніх 315). Для іншых ІП змены таксама заўважныя. Для прадпрымальнікаў у медыцыне і стаматалогіі падатак вырасце з 208 да 832 рублёў, цырульнікаў — са 135 да 540 рублёў, тых, хто займаецца грузавой транспартнай дзейнасцю, — са 187 да 535 рублёў, будаўнічымі работамі — са 155 да 478, здае ў арэнду кватэры — з 37 да 148 рублёў.

А вось як павялічацца адзіныя падаткі для фізічных асоб (самазанятых). У прадаўцоў выпечкі і кандытаркі стаўка вырасце з 47 да 96 рублёў, відэааператараў — са 129 да 263 рублёў, перакладчыкаў — з 83 да 169 рублёў. Цырульнікі і манікюршчыцы будуць плаціць 226 рублёў у год (цяпер 111), а вытворцы адзення — 135 рублёў (замест 66).

Змены чакаюць таксама тых, хто вядзе падсобную гаспадарку на сваім участку і пасля прадае гародніну, мяса ці іншую сельгаспрадукцыю. Калі іх даходы ад гэтай дзейнасці будуць перавышаць 200 базавых велічынь на год (на сёння гэта 5800 рублёў), то давядзецца плаціць 10% ад сумы перавышэння. Цяпер гэтыя даходы падаткам не абкладаюцца.

Тое ж і для фізічных асоб, якія збіраюць і прадаюць дзікарослыя ягады, грыбы, лекавыя травы, арэхі.

З наступнага года спрошчаны падатак для ІП складзе 6%. Цяпер прадпрымальнікі, якія працуюць па спрошчанай сістэме, могуць абіраць — плаціць 5% падатку або 3% плюс падатак на дададзеную вартасць (ПДВ). 

Спрошчаным падаткаабкладаннем не змогуць карыстацца ІП, якія аказваюць паслугі. Выключэнне для тых, хто займаецца турыстычнай дзейнасцю, аховай здароўя, сухапутным транспартам, грамадскім харчаваннем, працуе ў галіне камп’ютарнага праграмавання.

Не змогуць ёй карыстацца таксама арганізацыі, дзе штат перавышае 50 чалавек (цяпер абмежаванне ў 100 чалавек). Але, па словах кіраўніцы бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанны Тарасевіч, гэта змена не крытычная.

«У нас сярэдняя колькасць работнікаў на малых прадпрыемствах, якія карыстаюцца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання, — 8-9 чалавек. Таму гэта не надта паўплывае», — кажа яна.

З 2023 года спрошчанага падатку для ІП не будзе (толькі для мікрарганізацый). Прадпрымальнікам трэба будзе перайсці або на адзіны падатак, або на падаходны.

З 2023 года для самазанятых і рамеснікаў увядуць прафесійны падатак. Якія віды дзейнасці пад яго падпадуць, пакуль невядома. Падатак заменіць падаходны і ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Памер яго будзе залежаць ад выручкі — 10%, калі яна меншая за 60 тысяч рублёў у год, і 20%, калі большая.

«Некаторыя рэчы, пра якія мы казалі, ужо рэалізавалі. Толькі не ў самым лепшым варыянце, — кажа Тарасевіч. — Арганізаваны бізнэс заўсёды ставіў пытанне аб тым, што павінны выраўнівацца падаткі. Але гэта не азначае, што яны павінны павышацца.

Падатковая нагрузка на бізнэс не знізіцца. Мы казалі, што варта яшчэ на год пакінуць спрошчаную сістэму з магчымасцю сплаты ПДВ — гэта таксама не пачулі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0