«Мне шмат лістоў не даходзіць…

На цуд не спадзявайцеся, мне яшчэ сядзець прыйдзецца доўга…

Сам пачуваюся нармальна, ужо не хварэем у камеры. Раней ўсёй камерай адначасова хварэлі…

Спіс з 500+ кніг, якія «Вясна» перадавала сюды, у нас ёсць і мы з яго і замаўляем кнігі…

Самому мне падабаецца глядзець футбол у барах з куфлем піва, чытаць кнігі, абсалютна розныя, але больш мастацкія, глядзець добрыя фільмы, слухаць рок-музыку. Цікаўлюся гісторыяй, жыццямі і біяграфіямі цікавых мне людзей, падабаецца астрафізіка…

Пішыце мне пра ўсё, што самі палічыце патрэбным. У нас тут усё роўна замала інфармацыі, ды і тое, што даходзіць з тэлевізара. Ну, яшчэ пра спорт у газетах чытаем, якія мы выпісваем…

Мне дасылаць нічога не трэба, у мяне ўсяго хапае, ды і мне шмат не трэба для камфортнага жыцця. Не марнуйце свае грошы, лепш выдаткуйце іх на сябе або на сваіх блізкіх…

Беражыце сябе!!!»

Яўген Бабак быў затрыманы ў канцы чэрвеня 2021 года. Яго падазраюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ў актыўным удзеле ў іх (342 артыкул).

У жніўні 2020-га Яўген ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак тады звольніўся.

Напісаць вязню можна на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА-1, к. 70.

Бабаку Яўгену Ігаравічу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0