Фота носіць ілюстрацыйны характар

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Як расказваюць нам відавочцы, вельмі часта прыход адбываецца па такім сцэнарыі: раніцай у кватэру ўломваюцца ўзброеныя людзі, якія пераварочваюць рэчы і залазяць у тэхніку. Калі нічога «забароненага» не знойдзена, то чалавеку можа пашчасціць. Калі нешта ёсць — вынік непрадказальны, ажно да крыміналкі.

Наколькі можна меркаваць па водгуках нашай аўдыторыі, найбольш актыўныя сілавікі на захадзе і ў цэнтры краіны, у Мінску.

«Мяняем адрасы, тэлефоны і сімкі, выходзім на вуліцы ў масках, чакаем, пакуль хваля пройдзе», — кажа «Нашай Ніве» адзін з валанцёраў.

«Звоняць на мабільны: «Тут у двары машыну тваю падрапаў, папрасіў у ДАІ нумар, спусціся разбярэмся. У мяне стаіць GetContact, і там гэты «сусед» падпісаны «Міша губоп». Я праз акно і далей адтуль, перасяджу ў бяспечным месцы», — тлумачыць яшчэ адзін чалавек.

«Прыходзілі па месцы прапіскі таварыша, адкрыла састарэлая маці: «Ён тут даўно не жыве». Развярнуліся, проста ў пад'ездзе іх увагу прыцягнулі дзьве маладыя дзяўчыны, якія спускаліся па лесвіцы. Спынілі, залезлі ў мабільнікі — а там падпіскі і рэпосты. Затрымалі — план выкананы», — расказвае яшчэ адзін відавочца.

Пры гэтым, бываюць і выпадковыя затрыманні. 

«Нам усім сказалі прасачыць за тым, каб не было падпісак на «варожыя» каналы, каб дома не было сімволікі і гэтак далей, бо мяркуецца, што адвольнай ахвярай можа стаць супрацоўнік любой арганізацыі», — гаворыць супрацоўнік дзяржаўнай арганізацыі, якая, здавалася б, не павінна была трапіць пад каток.

Дакладнай лічбы, колькі па краіне такіх выпадкаў, не ведаюць нават праваабаронцы. Ацаніць масштаб і размах пакуль няма магчымасці.

«Гэтая хваля мае вельмі такі закрыты характар, мы даведваемся не пра кожны выпадак нападзення на людзей. А самі яны не паведамляюць, бо цяпер няма ніякіх эфектыўных механізмаў абароны і прыцягвання да адказнасці вінаватых, людзі баяцца пагоршыць сваё становішча, — кажа праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка. — Мы трактуем усё гэта як адвольныя дзеянні, накіраваныя на запалохванне, а не на расследаванне нейкіх канкрэтных злачынстваў. Мая парада людзям у гэтай сітуацыі: выжыць, захаваць жыццё, здароўе і свабоду».

Чытайце таксама: Чысткі да рэферэндуму? Чаму па ўсёй краіне ў журналістаў, валанцёраў і назіральнікаў за выбарамі праходзяць вобшукі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0