Пасля трох месяцаў у СІЗА. Фота са старонкі Глеба ў Фэйсбуку

Пасля трох месяцаў у СІЗА. Фота са старонкі Глеба ў Фэйсбуку

Глебу Койпішу 35 гадоў, ён заўсёды займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, беларускамоўны, жыве ў Гродне. Яго студыя «Іквадарт» працуе з 2004 года, зрабіла шмат дабрачынных праектаў. 

Летась Койпіш удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту, а 11 жніўня 2020 года быў затрыманы і моцна збіты.

Сёлета ў жніўні яго затрымалі ўжо па крымінальнай справе. Апошнія месяцы ён правёў у ізалятары гродзенскай турмы. Вось што Глеб распавёў пра свой досвед:

«Турма дазваляе запаволіцца і асэнсаваць, што ёсць важным, а што — другаснае. Чатыры дні яшчэ ў ІЧУ я знаходзіўся ў «адзіночцы», а адзін з іх — без кніг і сшыткаў. Гэта быў выдатны дзень, калі я апынуўся ў гэткай келлі, сам-насам з думкамі. Жадаю кожнаму мець магчымасць запаволіцца, а лепш на некаторы час спыніцца і, магчыма, распачаць нанова.

Турма развівае мысленне. Гэта той выпадак, калі абмежаванне стварае каштоўнасць. У турме з-за адсутнасці знешніх крыніц інфармацыі шукаў адказы ў сваёй галаве. І ведаеце, калі іх можна было атрымаць праз лагічныя разважанні, яны знаходзіліся.

Турма — месца для чытання. За тры месяцы я прачытаў больш, чым за мінулыя два гады. Турма — месца для яскравых эмоцый і гумару. Неяк перад сном чытаў «Ладдзю роспачы» Караткевіча, дык там герой Выліваха зайшоў у пакой да смерці са словамі «Добры вечар у хату!». Зачытаў урывак услых — рагаталі ўсёй хатай.

Турма — месца для заняткаў спортам. Амаль штодзень рабіў зарадку. Склаў спіс з 80+ практыкаванняў, адаптаваных пад умовы турмы. Там жа сустрэўся з Артурам Жвірыдоўскім, добрым і жыццярадасным хлопцам, які цяпер заехаў на тры гады ў лагер.

Артур прафесійны трэйсер, вучыў мяне базавым элементам паркуру: заскоквалі на верхнія шконкі наўпрост з падлогі, рабілі ролы на кафлевай падлозе, скакалі праз стол, даскоквалі галавой да кратаў у дворыках — было дакладна не сумна.

Артур рагатаў, калі я аб кафлю абабіў усю спіну. Я рагатаў, калі ён падаў тварам у падлогу, спрабуючы рабіць адцісканні з рукамі ля пояса.

Таму турма — гэта месца, дзе можна пазнаёміцца з выдатнымі людзьмі. У нейкі момант падалося, што турма стала месцам канцэнтрацыі прадпрымальнікаў. Як вянец гэтага уражання: мой сукамернік сустрэў у калідоры добрага знаёмага, з якім у апошні раз сустракаўся па справах у Ніцы».

Глеб дадаў, што яго доспіс не пра тое, што «турма — гэта страшнае альбо карыснае месца, а пра тое, што чалавек носіць сваё неба з сабой. І важна яго не згубіць, якія б ні былі акалічнасці».

***

Глеба Койпіша асудзілі на два гады «хіміі», пасля агалошвання прысуду яго вызвалілі. Да часу адпраўкі ў выпраўленчую ўстанову ён можа быць на свабодзе. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0