Блогерку затрымалі сёлета 19 траўня.
Вольгу Такарчук вінавацяць паводле трох артыкулаў:
- «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі);
- «паклёп» (артыкул 188 КК);
- «абраза суддзі» (ч. 1 арт. 391 КК).
Паводле Следчага камітэта, Такарчук брала ўдзел у пратэстных маршах у Мінску 30 жніўня, 20 верасня і 1 лістапада 2020 года. Яна нібыта «знаходзілася ў першых шэрагах», «блакавала рух транспарту», «выкрыквала лозунгі».
Блогерку вінавацяць таксама ў тым, што 14 студзеня 2021 года яна апублікавала на Youtube відэа, якое «не адпавядае рэчаіснасці» і «ганьбіць сацыяльнага педагога адной з гімназій Брэсцкай вобласці».
Таксама Вользе закідаюць відэаролік нібыта з «абразамі суддзі Першамайскага раёна Мінска» і «ненарматыўнай лексікай».
У снежні 2020 года Вольгу Такарчук аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у мітынгу. Гэтым фактам яна і абуралася ў сваім відэа. Раней яе таксама судзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах.
Прысуд Вользе Такарчук агучаць 20 снежня.
Вольга Такарчук — блогерка, дызайнерка, маці дваіх малых дзяцей (3 і 7 гадоў).