Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

«Зразумеў, што гэтую аплявуху я дараваць не змагу, і перастаў сябе стрымліваць»

З маладым чалавекам Іна пазнаёмілася ў красавіку. Хлопец з інтэлігентнай забяспечанай сям’і. Скончыў Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, піша сцэнары і прадзюсуе.

«Цяпер мне здаецца, што званочкі былі і раней. Таму што здаралася нематываваная агрэсія ў стане алкагольнага ап’янення, бывала, што ён пачынаў хаміць мне, абражаць, у тым ліку нецэнзурна. Але потым заўжды прасіў прабачэння, казаў, што гэта ён з-за таго, што стомлены, п’яны, з-за таго што я справакавала, не ў час нешта спытала. Я не надавала тады гэтаму такога значэння. Вельмі закаханая была і верыла, што чалавек можа змяніцца дзеля кахання», — расказвае Іна «Нашай Ніве». 

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

За тыдзень да здарэння яны моцна пасварыліся. Малады чалавек потым некалькі разоў прыязджаў прасіць прабачэння за сваю грубасць. У апошні з іх пара дамовілася памірыцца.

«Мы размаўлялі пра будучае вяселле, дзяцей. І ўсё было цудоўна да таго моманту, як я сказала, што хвалююся, раптам ужо цяжарная (пасля высветлілася, што гэта не так).

Ён стаў мне пярэчыць: «Куды дзяцей, я за сваё жыццё адказнасць не магу несці». Я сказала: «Ты паводзіш сябе інфантыльна, калі ты гатовы мець сям’ю толькі на словах, то я не разумею, што ты тут робіш і навошта марнаваць час». Ён мне даў аплявуху. Пасля чаго я стала праганяць яго з дому: «Я цябе бачыць не хачу, мужчына, які падняў руку на жанчыну, — гэта не мужчына». 

І тут ён пачаў мяне збіваць. Напэўна, зразумеў, што гэтую аплявуху я дараваць не змагу, і перастаў сябе стрымліваць. Ён быў апантаны лютасцю. Гэта было вельмі страшна. Ён нанёс больш за 15 удараў, біў мяне галавой аб сцены, аб падлогу, нагамі біў…»

Усё гэта адбылося ў канцы лістапада ў Падмаскоўі.

У той жа вечар Іна напісала маме хлопца, бо яны былі ў добрых адносінах. Тая зранку прыехала, дапамагла дзяўчыне, замазала фінгал і павезла яе на працу. У машыне актрысе стала дрэнна, ванітавала і вельмі балела галава. 

«Я паехала ўвечары ў шпіталь, бо мне стала горш. Але загугліла не той, прыехала ў дзіцячы. Там мне сказалі адрас дарослага, але ў мяне ўжо не было сіл, я вярнулася дадому спаць, у дарослы паехала на наступны дзень».

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

Закрытая чэрапна-мазгавая траўма, страсенне мазгоў, шматлікія гематомы твару, галавы, грудной клеткі, тупая траўма жывата, удар правага вока, удар шыйнага аддзела пазваночніка, астэна-неўратычны сіндром.

Гэта няпоўны пералік таго, што дыягнаставалі дактары. Іну хацелі пакласці ў шпіталь, але яна адмовілася, бо дома чакаў сабака, не было каму яго даглядаць.

«Баюся заставацца ў закрытым памяшканні сам-насам з мужчынамі»

«Цяпер маё жыццё шалёна разнастайнае: п'ю заспакаяльныя, каб хоць неяк спаць, навучылася сама сабе ставіць уколы, па тры штодня (яшчэ кропельніцы, але іх прыходзіць ставіць медсястра), ды і шмат чаго яшчэ. Стала баяцца цемры. Стала хадзіць у сне.

Баюся заставацца ў закрытым памяшканні сам-насам з мужчынамі, нават з кур'ерамі. Адчыняю дзверы ў пад'езд наросхрыст і гашу панічную атаку новай дозай заспакаяльных. Зусім не магу адна ісці па вуліцы, асабліва ўвечары, страх задушвае», — напісала ў сацыяльных сетках актрыса. 

Шыйны гарсэт яна носіць дагэтуль. Бальнічны далі на 24 дні. Праз свой стан Іна не можа працаваць. Прапускае здымкі ў серыяле, дзе яе зацвердзілі на адну з галоўных роляў, адмовілася ад працы ў мадэльнай школе і кінастудыі, дзе выкладала акцёрскае майстэрства, не вядзе трэніроўкі па ёзе і пілатэсу.

Іна звярталася ў паліцыю, кажа, што безвынікова.

«Калі я была ў шпіталі, адкуль адправілі сведчанні аб маім стане здароўя ў паліцыю. Пасля мяне запрашалі напісаць заяву. Праз тыдзень я тэлефанавала даведацца пра лёс справы, бо ніхто больш не прыходзіў ні да мяне, ні да суседзяў, якія былі сведкамі і ўсё чулі.

Паліцэйскі сказаў: «Усё роўна яму нічога не будзе, гэта толькі адміністратыўка, максімум штраф заплаціць і ўсё. Супакойцеся, сінякі сыдуць». Пытаюся: «А страсенне мазгоў?» Адказваюць: «Ну, мозг — прадмет не вывучаны». 

Малады чалавек праз дзень напісаў ёй, прасіў прабачэння. А пасля прадставіў сябрам сваю версію падзей.

«Спачатку казаў, што мы пабіліся разам, потым: што я на яго напала і ён абараняўся. Потым ён расказваў, што я накінулася на яго, пакуль ён спаў, і ён ледзьве змог збегчы.

Я прапаноўвала яму мірны шлях, каб я не ішла ў паліцыю, мне было шкада яго. Дала яму магчымасць выплаціць кампенсацыю — тры мільёны расійскіх рублёў (каля 41 тысячы даляраў. — «НН»).

У суму я палічыла тое, што згубіла магчымасць здымак (гэта 1,5 мільёна), плюс лекі, рэабілітацыю, маральную кампенсацыю. Мне вельмі патрэбны псіхатэрапеўт, бо я не ведаю, як пасля гэтага жыць. Ён адмовіўся сплачваць».

Бацькі яе маладога чалавека — вядомыя прадзюсеры.

«Калі яны будуць закрываць мне шлях у прафесію, я гатова і да гэтага. Але я хачу справядлівасці і законнага рашэння гэтай справы. Сутыкнуўшыся з цынізмам і абыякавасцю, я зразумела, што ў мяне ёсць адзінае выйсце — прасіць падтрымкі ў людзей», — дзеліцца Іна.

«Я не ганаруся гэтым учынкам, але я не збіваў яе»

Былы хлопец актрысы Аляксандр Рабышаў апублікаваў пасля ў фэйсбуку сваю версію падзей. Ён піша, што гэта была проста побытавая сварка, а не гісторыя дзікага аб’юзу.

«Так, я раскайваюся ў тым, што паддаўся на правакацыю і пасля тваіх удараў, нецэнзурных крыкаў і спробаў мяне прынізіць, як мужчыну, даў табе гэтыя аплявухі і прычыніў фізічны боль. Я не ганаруся гэтым учынкам. Мне вельмі сорамна.

Не хапіла жыццёвага досведу і вытрымкі. Горыч, боль, задушлівае пачуццё ад разумення, што на гэтай страшнай ноце наша каханне скончанае, авалодалі мной на кароткае імгненне, і я не змог стрымліваць сябе. Ад гэтага жудаснае адчуванне.

Я жыву як у пекле, і мне жыць з гэтым далей. Але я не хачу адказваць за тое, што я не рабіў. Я не збіваў цябе. Не прыносіў такіх жудасных траўмаў, якія ты апісваеш», — напісаў ён.

Фота: уласны архіў героя публікацыі

Фота: уласны архіў героя публікацыі

Аляксандр расказвае, што актрыса выкінула ў акно яго адзенне і дакументы, а пасля пачала біць. Сцвярджае, што дактары зафіксавалі яго пабоі. Ён заявіў, што Іна хацела ажаніцца з ім толькі дзеля кар'еры.

«Але калі я даў табе зразумець, што ў нашай будучай маладой сям’і нам усяго трэба будзе дабівацца самастойна і будаваць наша жыццё асобна ад бацькоў, толькі за кошт уласных уменняў і таленту, ты рэзка змянілася і стала агрэсіўнай».

Хлопец піша, што вельмі кахае яе і віна яго толькі ў тым, што не змог саўладаць з эмоцыямі. «Я аказаўся занадта малады, каб сустрэцца з гэтым страхам спакойна». Але адмаўляе пабоі і кажа, што гэта няправільная інтэрпрэтацыя робіць яго ў вачах іншых людзей монстрам.

«Тое, як ты цяпер пераўтвараеш нашу сапраўдную гісторыю ў інтэрнэт-серыял, прычыняе мне боль. Таму я маю права выказаць і свой пункт гледжання. Публічна раскаяцца ў тым кепскім, што зрабіў у ходзе сваркі, і канкрэтна падкрэсліць тое, чаго я не рабіў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0