Яшчэ шэсць чалавек у Беларусі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі, паведамляе «Вясна».

Гэта палітык, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а таксама Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Таццяна Карповіч, Руслан Кузьміч і Андрэй Аўсіевіч.

Сяргея Петрушэнку абвінавацілі паводле арт. 130, 352 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асобаў ды інш.») за перадачу даных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу. Ён знаходзіцца пад вартай з чэрвеня 2021 года.

Андрэю Гаруну інкрымінавалі ч. 3 арт. 130 КК за перадачу ў тэлеграм-канал даных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў.

Таццяна Карповіч затрыманая па абвінавачванні паводле арт. 130 КК, за перадачу даных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і суддзяў.

Руслан Кузьміч знаходзіцца пад вартай па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 за публікацыю каментарыя пад здымкам чалавека са зброяй у руках.

Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў няволі па абвінавачванні ў змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады паводле арт. 357 КК. Кіраўнік партыі БНФ праходзіць па крымінальнай справе разам з Аляксандрам Фядутам і Юрасем Зяньковічам.

Таксама вядома пра асуджэнне на закрытым судовым пасяджэнні Андрэя Аўсіевіча паводле арт. 130 («Распальванне варожасці»), арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») КК за каментарыі ў інтэрнэце да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0