У 2018 годзе наймацнейшыя гульцы свету не змаглі прыняць удзел у Алімпіядзе ў карэйскім Пхёнчхане з-за таго, што кіраўніцтва НХЛ адмовілася зрабіць перапынак у календары лігі з-за фінансавых супярэчнасцяў з Міжнародным алімпійскім камітэтам.
Фота: nhl.com
Гэтым разам папярэднія дамоўленасці былі дасягнутыя і хакейныя зборныя нават ужо абвясцілі папярэднія склады, у некаторых цалкам складзеныя з энхаэлаўцаў. Але перашкодай стаў каранавірус. Колькасць гульцоў НХЛ, якія патрапілі пад дзейнасць пратакола бяспекі COVID-19, перакрочыла сотню, таму і было прынята такое рашэнне.
Зімовая Алімпіяда пройдзе ў Пекіне з 4 па 20 лютага 2022 года. А каманды НХЛ у гэты час будуць гуляць матчы, якія цяпер пераносяцца з-за таго, што некаторыя каманды мусяць выпраўляцца на каранцін.
Для зборнай Беларусі ад гэтага, аднак, нічога не мяняецца. Яе гульцы ўсё адно будуць глядзець Алімпіяду толькі па тэлевізары, бо не прайшлі адбору.